Беларусы пры канцы 1980-х, вяртаючы гісторыю, вышывалі кашулі ды аднаўлялі рэцэпты крупніку. За дваццаць гадоў мы пасталелі на некалькі стагодзьдзяў ды перайшлі ад родавай абшчыны да фэадальнага ладу. Ані гістарычнымі клюбамі, ані мэдыявісцкімі фэстамі Беларусь ня зьдзівіш. І яшчэ адзін мае прайсьці неўзабаве: 3—4 ліпеня ў Нясьвіжы.

Арганізатары — між іх Ігар Міхна — абяцаюць адначасовыя канцэрты (сярэднявечча й фольк) на дзьвюх пляцоўках («Тройца», «Стары Ольса» зь Беларусі, «Оpen Folk» з Польшчы, «Drolls», «Laterna Magica» з Расеі, упершыню — музыкі зь Вялікай Брытаніі). Канцэпцыя фэсту — «жывая гісторыя»: узнаўленьне абрадаў, рамёстваў, тэхналёгій, страваў, напояў, лекарства, фэхтаваньня. Прычым усё гэта — інтэрактыўнае (гледачы змогуць прымераць строі, за пэўную плату пабіцца з рыцарамі, сьпячы блін і да т.п.). Яшчэ арганізатары абяцаюць агнявое шоў; водную бітву «Ўзяцьце Гібралтару», старую забаву Радзівілаў; дабрачынны фэст «Музыка замкаў і ваколіцаў» (грошы — на рэстаўрацыю Нясьвіскага замку); відэапрэм’еру «Настасьсі Слуцкай» (пакуль па-расейску, але пазьней абяцаюць агучыць і па-наску). Як выжывалі ў Сярэднявеччы дыябэтыкі, распавядуць (і прадэманструюць) сябры клюбу дыябэтыкаў. А адмыслоўцы зь вядомай кампаніі, якая фундуе праект, прэзэнтуюць калекцыю сярэднявечнай бялізны.

Арганізатары разьлічваюць, што аўдыторыя фэсту складзе за два дні 50 тыс. чалавек.

У першы дзень фэст будзе цягнуцца з 12.00 да 1.00, у другі — з 11.00 да 22.00. Даехаць да Нясьвіжу зь Менску можна аўтобусам — у 9.00 з вул.Дружная (квіток каштуе 16 тыс. руб., для дзяцей — 10 тыс.). Электрычкай — таньней: да ст. Гарадзея (берасьцейскі кірунак), а потым рэйсавым аўтобусам да Нясьвіжу. Хто едзе на два дні — бярыце намёты ды ежу. Паглядзім, якія абяцанкі спраўдзяцца ў Нясьвіжы і ці прыхільна сустрэне нэарыцараў Чорная Панна.

Крыся Пацучынская, Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0