Цягам двух дзён у клюбе «Сафары» праходзіў адбор на «Басовішча-2003». Сам фэст адбудзецца 18 і 19 ліпеня ў мястэчку Гарадок (Беласточчына). З сарака гуртоў-прэтэндэнтаў журы, у складзе якога былі арганізатары «Басовішча», журналісты ды музыкі (С.Корань ды А.Памідораў), выбрала восем лепшых.

Сёлета на «Басовішча» паедуць прадстаўнікі розных кірункаў музыкі: «Тарпач» — рэпрэзэнтанты гард-кору, як і адкрыцьцё мінулага году «Куклы»; «IQ-48» — рэпэры; берасьцейскі гурт «Сьцяна», які грае гард-рок. Не абыдзецца без «экстрэмалаў» — «Imprudence» і «Тэзаўрус» (ex-«Armageddon»). Патрапяць на фэст і зусім маладыя гурты — «Аніма» і «Indigo». Апошні існуе ўсяго чатыры месяцы. Сёлета склад удзельнікаў менш «мэталёвы», чым летась: у 2002 г. з васьмі гуртоў-пераможцаў шэсьць былі «экстрэмальныя».

Акрамя гэтых васьмі камандаў, у «Басовішчы» возьмуць удзел «NRM», «Уліс», «Крама», «Нэйра Дзюбэль», «Partyzone», «Дзе я ня я» з Баранавіч, «БН» зь Бярозы і два гарадзенскія гурты — «Кальян» і «Deviаtion».

Арганізуецца паездка для гледачоў. Тэл. для даведак 256-46-07, 8-029-649-08-88.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0