У Магілёўскім абласным тэатры драмы і камэдыі імя Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску, неўзабаве адбудзецца незвычайная прэм’ера. У памяшканьні тэатру адчыніцца аўтасалён. Арандатар — таварыства з дадатковай адказнасьцю «Інкомба» — падпісала дамову аб выкарыстаньні храму Мэльпамэны на пяць гадоў. У фае на плошчы ў 76,7 кв.м адначасова будуць выстаўляцца 5—6 новых іншамарак.

Ухвала гарвыканкаму ўжо маецца. У сярэдзіне 90-х тэатар ужо выкарыстоўвалі пад нетрадыцыйныя патрэбы. Тады ў ім месьціліся казыно да відэасалён.

Канкрэтныя ўмовы дамовы застаюцца таямніцай. Каардынаты фірмы невядомыя нават дырэктарцы тэатру Веры Ільічовай. Яна кажа, што зь ёй ніхто ня раіўся. Аднак сам факт адкрыцьця аўтасалёну яна ўспрымае станоўча: «Частка сродкаў ад арэнды павінна перапасьці й тэатру». Паводле папярэдняй інфармацыі, прэзэнтацыя аўтасалёну адбудзецца ў Дзень гораду — 29 чэрвеня.

Афіцыйна тэатральны сезон цяпер закрыты да верасня-кастрычніка. Акторская трупа працягвае працаваць у разьездах — летніх лягерах, дамах адпачынку. Большасьць заўзятых тэатралаў з нагоды адкрыцьця аўтасалёну выказваецца досыць крытычна. Тэатар павінен заставацца тэатрам, а аўто ў ім — гэта нонсэнс. Акторы ў сваіх выказваньнях асьцеражнейшыя. Прызнаючы, што тэатар і аўто рэчы несумяшчальныя, яны разам з тым спадзяюцца, што гэта паспрыяе паляпшэньню цяжкой сытуацыі, у якой апынулася культурная ўстанова.

Віктар Качан, Бабруйск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0