Прэзыдэнт узмацніў антырасейскую рыторыку і працягвае асьцярожную прыватызацыю, але стараецца ня страціць падтрымкі антызаходніх і антырынкавых слаёў насельніцтва.

Надвор’е ў Беларусі сёлета, як у Маконда, падарожжам за горад не спрыяе. А тое, што ў горадзе прападае за вечным тлумам, там, у вёсцы, як на далоні. Адведаеш сваякоў і зноў падзівішся, як імкліва мяняецца іх жыцьцё штогод.

Ніхто больш не вырошчвае «дзецкасельскай» бульбы й «тэмпу», цяпер усё «скарб» ды «санта». У калгасаў новыя назвы. Больш ніякіх Суворавых і Леніных. Дый самі калгасы больш не калгасы, а таварыствы ды ўсё такое. Заўтра калгасьнікі даведаюцца, што гэтыя прадпрыемствы апынуліся ў руках трымальнікаў акцый — мясцовага начальства. Калгасы ва Ўкраіне распускалі ўрачыста, падавалі гэта як важнае дасягненьне дэкамунізацыі. У нас цішкам-нішкам, і нават камуністы не лямантуюць.

У горадзе N брат гарадзкога начальніка будуе заводзік пераганяць рапс. Ясна, усе суседнія «добраахвотныя таварыствы сялянаў» пераарыентуюцца на рапс.

Вялікая колькасьць вяскоўцаў жыве з прыватнае справы — памежнага гандлю, працы за мяжой, цяплічнага бізнэсу. Не ў навіну ў вёсках сталі прыватныя крамкі, маршрутныя таксоўкі. Краіна перарадзілася, назапашваецца капітал.

Умыкаеш тэлевізар — а там усё змагаюцца. З Амэрыкай, незалежнай прэсай, «рэсурсавымі цэнтрамі» і «нахабствам алігархаў», цяпер яшчэ й з Расеяй. Самі прыдумалі валютны саюз, самі ж ад яго адбіваюцца. Пакуль жыву, ваюю, — такі, відаць, жыцьцёвы дэвіз нашага прэзыдэнта.

Кожны ўдар па Расеі ўраўнаважваецца ўдарам па Захадзе. Зачынілі карпункт НТВ, тут жа зачынілі «Айрэкс». Хай амэрыканскае пасольства застанецца без вачэй. Маўляў, не супраць Расеі ваюем.

Прамываюць мазгі «непарушнасьцю незалежнасьці», ладзяць фэсты «роднае песьні і паэзіі» ды адначасова беларусафобам кідаюць, як костку, падручнік Трашчанка, які верне навучаньне гісторыі на ўзровень 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Прычым без абмеркаваньня навукоўцаў. Узяў Трашчанок — і патаптаўся на Кастусю Каліноўскім. Так і пайшло ў бібліятэкі ВНУ.

У свой час беларускія школы зачынялі нібыта «на жаданьне бацькоў». Толькі і далдонілі пра гэтае «жаданьне», пра тое, што ня пішуць заяваў на белмоўную адукацыю. У Беларускім ліцэі ўсе «заявы» маюцца. Дык што ж? Раз няма ніякіх прычынаў зачыніць, зачынілі і без дай прычыны. Проста так.

Толькі ў адным не назіраецца гэтае двурушніцкае палітыкі — калі справа заходзіць пра ўласнасьць. От тут ніякага «і нашым і вашым». Толькі нашым. Ні «Белтрансгазу», ні будана ля фэрмы. Не пагрэбавалі нават будыначкам Беларускага ліцэю.

Ліквідацыя Вярхоўнага Савету, як цяпер аказваецца, была «ўраўнаважваньнем галінаў улады», русіфікацыя — «зьнішчэньнем глебы для этнічных канфліктаў», рэфэрэндум 1995 г. — «пачаткам пасьлядоўнага ўмацаваньня незалежнасьці». Хто б дзівіўся, калі б сёньняшнюю антырасейскую кампанію заўтра выдалі за ліквідацыю бар’ераў на шляху да раўнапраўнае інтэграцыі.

Гарады вычышчаюць — кампанія, з-пад бізуна. Здымаюць фільм — кампанія. Будуюць бібліятэку — кампанія. Садзяць буракі й рапс — зноў кулаком па стале. Спачатку прысільвалі яднацца з Расеяй, цяпер траскочуць пра сувэрэнітэт. А як падумаеш, што ўсё гэта ў інтарэсах аднаго палітыка, які хоча ў чарговы раз перакроіць канстытуцыю і гісторыю, дык адчуваеш толькі фальш у гэтай палітыцы. Заявы робленыя, і выбары робленыя, і кампаніі фальшывыя. Адно боязь і асьцярога ў вачах людзей непадробныя. Калі ж узаб’ёмся мы нарэшце на праўдзівы шлях? Хіба тады, як пазбудземся гэтага ўсенароднага страху.

Ніўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0