Пастанова Саўміну пра ліквідацыю Гуманітарнага ліцэю засьведчыла, што дзеяньні ўлады былі не ў апошнюю чаргу абумоўленыя жаданьнем завалодаць будынкам у цэнтры Менску, дзе месьціцца навучальная ўстанова. Тым часам выкладчыкі й бацькі рэгіструюць грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі ліцэй».

Гуманітарны ліцэй ліквідуецца «дзеля аптымізацыі навучаньня і паляпшэньня матэрыяльна-тэхнічнага становішча» паводле адмысловай пастановы Саўміну і загаду Мінадукацыі. Пастанова за подпісам Генадзя Навіцкага датаваная 25 чэрвеня — днём пахаваньня Васіля Быкава. Супадзеньне тым больш сымбалічнае, што апошні публічны выступ пісьменьніка прысьвячаўся абароне ліцэю. Саўмін рэкамэндуе Менскаму гарадзкому ўпраўленьню адукацыі стварыць на базе ліквідаванай установы «Менскі гарадзкі гуманітарны ліцэй». Сёньняшнія ліцэісты могуць працягваць навучаньне там або «ў іншых сярэдніх навучальных установах». Выбар навучэнцам даецца толькі намінальны: прыёмныя іспыты ў ліцэі ды гімназіі ўжо скончыліся, засталіся звычайныя школкі. Навошта ліквідаваць ліцэй і ствараць на яго месцы новы?

«Гэта робіцца адмыслова, каб пазбавіцца ад выкладчыцкага калектыву. Ніякіх гарантыяў прыёму на працу Міністэрства не дае: вырашаць лёс выкладчыкаў будзе гарадзкое ўпраўленьне адукацыі», — перакананы Лявон Баршчэўскі, намесьнік дырэктара ліцэю. Пастанова высьвечвае і яшчэ адну мэту. «Пад рамонт» адыходзіць ліцэйскі будынак у цэнтры Менску. Намесьнік міністра адукацыі Казімер Фарына паабяцаў, што будынак застанецца навучальнай установе: яго вернуць, маўляў, пасьля рамонту. Пакуль жа «новаліцэістам» давядзецца навучацца ў памяшканьні Ліцэю БДУ, Пэдунівэрсытэту ці на іншых «плошчах». Аднак сумнеўна выглядаюць абяцанкі-цацанкі вярнуць усё пасьля рамонту. Разам з будынкам у ліцэю забіраюць і імя. Як патлумачыў К.Фарына, імем Якуба Коласа новая ўстанова звацца ня можа, бо «яна толькі ствараецца. Вось створыцца гэты ліцэй, тады і будзе падаваць заяву на наданьне якога-небудзь імя».

30 чэрвеня каля трох дзясяткаў ліцэістаў з плякатамі «Дзеці — не біямаса», «Вярніце наш ліцэй» і інш. сталі ў шэраг пад вокнамі Мінадукацыі, каля Дому ўраду. Да ліцэістаў так і ня выйшаў ніводзін чыноўнік, толькі з вокнаў пазіралі.

Цяпер з вуліцаў змаганьне за ліцэй пераходзіць у бюракратычныя калідоры. 2 ліпеня бацькі навучэнцаў і настаўнікі правялі сход ініцыятыўнай групы па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі ліцэй». Кіраўніком быў абраны доктар філялягічных навук, прафэсар Міхась Тычына. Дакумэнты для рэгістрацыі аб’яднаньня будуць падрыхтаваныя цягам месяца. Грамадзкае аб’яднаньне — гэта такі перакідны масток да недзяржаўнага Гуманітарнага ліцэю. Натуральна, яно будзе мець свой рахунак ды іншыя рэквізыты, што дасьць магчымасьць атрымліваць дапамогу ад ахвярадаўцаў.

Але цалкам адмаўляцца ад вулічнае барацьбы ліцэісты таксама не зьбіраюцца. «Галоўнае для нас — захаваць выкладчыцкі калектыў і даць дзецям магчымасьць вучыцца. Усе выкладчыкі будуць падаваць заявы і на прыём у новы ліцэй, які стварае ўлада», — кажа Ўладзімер Колас. Аднак, калі чыноўнікі ня прымуць увесь калектыў, а пачнуць «адсеў нячэсных», ад працы адмовяцца ўсе. У гэткім разе навучальны год можа пачацца з страйку. «Дзеці ў нас разумныя: яны могуць і не хадзіць у школу два месяцы, а потым усё адно нагоняць праграму», — сказаў на сходзе адзін з бацькоў.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0