На Будслаўскім фэсьце ня быў гадоў шэсьць. Многае за гэты час зьмянілася. Урачыстую імшу цяпер правяць не ў касьцёле, а знадворку, дзеля чаго збудаваны пры сьцяне адмысловы драўляны памост зь мікрафонамі і лавы, каб людзі маглі сесьці. Цяпер усім добра відаць і чуваць. Хоць багата хто і стаіць — дзе ж наставіш тых лаваў на дваццаць тысячаў чалавек. Другое моцнае ўражаньне — вернікі масава ведаюць беларускія малітвы. Часам лепей за ксяндзоў.

Фантастычна глядзіцца ў цемры працэсія з абразом Маці Божай Будслаўскай. Кожны чалавек нясе запаленую сьвечку. Ад гэтага зьзяньня, здаецца, ноч сьвятлее. Багата было маладых паломнікаў, пераважна студэнцкага веку. Сьмяяліся, пяялі, танчылі, хвалячы Бога. Былі сярод іх і праваслаўныя. Вялізныя чэргі стаялі на споведзь.

Сталыя ксяндзы ўспаміналі, як пры саветах езьдзілі ў Будслаў таемна, хаваючыся. Цяпер з уладамі кансэнсус: міліцыя ахоўвае машыны і аўтобусы вернікаў, старшыня райвыканкаму з жонкай моліцца разам з усімі. (Іх ды яшчэ чэскага пасла згадалі як «знакамітых гасьцёў» сьвята. Прадстаўнікі Камітэту па справах рэлігіяў, відаць, былі тут інкогніта.)

Папрыяжджалі на фэст і гандляры: смажанае мяса, цукровая вата, пеўнікі на патычках, самаробныя цукеркі, гародніна, садавіна, шырспажыў — усё было ў іхных намётах. Гандаль і набажэнства адбываліся паралельна. Кожнаму сваё.

Васіль Дубяга, Мядзел

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0