Лёс "Крыніцы" акрэсьліўся: 3 млн 123 тыс. 738 акцыяў менскага бровару перадалі на пяць гадоў у даверчае кіраваньне "Прыёрбанку". Ініцыятыва зыходзіла ад банку.
Сказаць, што дзяржава аддала найбуйнейшаму прыватнаму банку краіны кантрольны пакет, значыць не сказаць нічога - цяпер "Прыёрбанк" трымае 80,75% акцыяў "Крыніцы". Разам з акцыямі "Крыніцы" ўрад перадаў "Прыёрбанку" непрыемны абавязак весьці перамовы з "Балтыкай" пра рэструктурызацыю крэдыторскай запазычанасьці менскага бровару. Ад 2001 г., ледзьве "Крыніца" зрабілася адкрытым акцыянэрным таварыствам, расейская кампанія "Балтыка" пачала "сватацца", спадзеючыся атрымаць кантроль над "Крыніцай", аднак атрымала нарэшце гарбуза. У бюджэце менскага бровару застаўся буйны расейскі крэдыт. Цяпер банк будзе дамаўляцца, каб сьпісаць цалкам ці хоць бы зьменшыць аб'ём таго крэдыту.
Але тут справа ня толькі ў нявернутай пазыцы. Цяпер штогод беларус выпівае 23,7 л піва. У 2005 г. кожны з нас будзе спажываць ужо 51 л бурштынавага напою ў год (прынамсі, так вырашылі "ўгары"). Пры гэтым імпартная прадукцыя мусіць складаць толькі 10% ад усяго піва, што прадаецца ў краіне. Урад марыць, што праз тры гады нашыя бровары будуць варыць 72,4 млн дэкалітраў піва штогод замест цяперашніх 31,1 млн. І сапраўды: сёлета ўпершыню ад 1998 г. назіраўся рост вытворчасьці беларускага піва. Але для буйнога зруху бровары павінны атрымаць 111 млн даляраў інвэстыцыяў. "Прыёрбанк" разам зь іншымі беларускімі банкамі мусіць укласьці ў броварную вытворчасьць 75 млн цягам некалькіх гадоў. Абраныя бровары атрымаюць банкаўскія крэдыты на льготных умовах: рублёвыя - па стаўцы рэфінансаваньня Нацбанку (31% гадавых), валютныя - пад 10%. "Прыёрбанку", апроч "Крыніцы", аддадуць у даверчае кіраваньне 85% акцыяў бровару "Берасьцейскае піва", 75% - "Белсоладу" ды кантрольны пакет Полацкага бровару, які яшчэ не пасьпелі зрабіць акцыянэрным таварыствам. Іншыя бровары мусяць самі шукаць для сябе крэдытораў. А вось ААТ "Лідскае піва" ды "Аліварыя" ня маюць дзяржаўнай долі ў статутных фондах - не атрымаюць і крэдытаў. Малыя ж бровары калі не зачыняць, дык пераабсталююць на выраб газаваных напояў ды квасу.
Той факт, што лёс беларускага піва даверылі "Прыёрбанку", шмат пра што кажа. Яго кантрольны пакет належыць аўстрыйскай банкаўскай групе "Raiffeisen". Заходнеэўрапейскі капітал трывала бярэцца за беларускія прадпрыемствы. І робіць рынак бязь лішніх PR-акцыяў ды мэдыяскандалаў.
Алесь Кудрыцкі