Улады: калі будынку ліцэю да 25 жніўня не адрамантуюць, ліцэістаў выправяць вучыцца ў чатыры розныя навучальныя ўстановы. Бацькі: 1 верасьня навучэнцы разам з бацькамі прыйдуць да будынку ліцэю.

9 ліпеня Менгарвыканкам прыняў пастанову пра ўтварэньне Менскага гарадзкога гуманітарнага ліцэю. Паводле словаў намесьніка міністра Казімера Фарыны, туды будзе прапанавана перайсьці ўсяму выкладчыцкаму калектыву. Аднак у тым разе, калі будынак на вул.Кірава, 21 не пасьпеюць адрамантаваць да 25 жніўня, ліцэісты пачнуць новы навучальны год "на іншых пляцоўках": 4-ы курс - у ліцэі БДУ, 3-і - у гімназіі №9, 2-і - у гімназіі №23, 1-ы - у гімназіі №4.

Улада перасьледуе тры мэты. Па-першае, расьцярушваецца дзіцячы калектыў, зьнікае супольнасьць дзеяньняў, што так напалохала чыноўнікаў падчас вулічных акцыяў у чэрвені. Па-другое, цяперашні пэдкалектыў ліцэю застаецца "па-за гульнёй". Сапраўды, ці ж зручна будзе выкладчыку прачытаць першую лекцыю ў гімназіі №4 у Кунцаўшчыне і патрапіць на другую ў гімназію №23 на плошчы Якуба Коласа? Значыць, заняткі ў навучэнцаў будуць весьці іншыя выкладчыкі… Па-трэцяе, зьнішчаецца непаўторны "ліцэйскі дух".

Ані бацькі ліцэістаў, ані самі навучэнцы ня маюць намеру мірыцца з такім парушэньнем іхнага права на адукацыю. "Мы маем права выбіраць установу адукацыі. Калі нашых дзяцей бяз нашага ведама перавядуць у іншую школу і парушаць гэтым Закон, мы будзем падаваць у суд", - казалі бацькі на сходзе. Пакуль жа было вырашана, што 1 верасьня навучэнцы разам з бацькамі прыйдуць да будынку ліцэю.

bАркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0