Сяргей Хоміч: «Мы молімся за тое, каб Бог зьмяніў сэрцы кіраўнікоў, а калі гэтыя сэрцы ня зьменяцца — каб памяняў саміх кіраўнікоў».
Гады за Лукашэнкам — час унікальных трансфармацыяў. Якая сіла магла зьмяніць беларускіх эвангельскіх хрысьціянаў, што за саветамі існавалі ў напаўпадпольлі, ізалявана ад сьвецкага жыцьця, і прымусіць іх выйсьці на вуліцы, сказаць, што яны думаюць пра сёньняшнюю сытуацыю ў краіне? Яшчэ нядаўна такое здавалася немагчымым, цяпер жа — гэта новая рэальнасьць беларускага рэлігійнага жыцьця. Сіла, якая праводзіць глыбінныя трансфармацыі, сама таго ня хочучы, — сёньняшняя ўлада.
Першая супольная вулічная малітва прадстаўнікоў эвангельскіх дэнамінацыяў адбылася ў нядзелю 13 ліпеня на менскай плошчы Бангалор. На афіцыйным роўні ў сходзе ўдзельнічалі Аб’яднаньне суполак хрысьціянаў поўнага Эвангельля (г.зн. харызматычныя цэрквы) і Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай (пяцідзясятніцкія цэрквы). Саюз Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў і Канфэрэнцыя адвэнтыстаў сёмага дня таксама мелі сваіх прадстаўнікоў на плошчы.
Падставай для малітоўнага сходу сталася няспынная антыпратэстанцкая кампанія, што разгортваецца ў дзяржаўных СМІ — асабліва на БТ і ў «Народнай газеце». А «апошяй кропляй» стаўся выступ былога праваабаронцы Яўгена Новікава 21 чэрвеня ў праграме «Па сутнасьці». Ён назваў эвангелістаў «сатанінскай нечысьцю». Вось тады пратэстанты вырашылі запратэставаць. Да самага пачатку малітвы была залева, аднак на плошчы сабралася каля пяці тысячаў чалавек — колькасьць, якую (а тым больш без агітацыі і рэклямы) цяпер не збярэ на вуліцы ніводная грамадзка-палітычная структура. Сярод удзельнікаў было шмат моладзі.
Малітва праходзіла пад лёзунгам «Ісус Хрыстос, мы любім Беларусь!». Маліліся сапраўды за Беларусь: за нацыю, за свабоду, за ўлады. «Адчуваючы любоў да сваёй краіны, мы молімся за тое, каб Бог зьмяніў сэрцы кіраўнікоў, а калі гэтыя сэрцы ня зьменяцца — каб памяняў саміх кіраўнікоў», — сказаў біскуп пяцідзясятнікаў Сяргей Хоміч.
Перад сабранымі выступалі біскуп харызматаў Аляксандар Саковіч, пастары найбуйнейшых менскіх цэркваў, біскупы Саюзу ХВЭ ў Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцях Аляксандар Гулько (Бабруйск) і Фёдар Цвор (Ліда). «У Беларусі складваецца сытуацыя, што нагадвае 1937-ы год. Пратэстантаў вінавацяць у забойствах і называюць «ворагамі народу», — сказаў намесьнік біскупа Саюзу ХВЭ Сяргей Цвор.
Побач з мною за акцыяй назіраў немалады мужчына. Я спытаўся ў яго, якое ён мае ўражаньне ад акцыі. Ён назваўся Іванам, праваслаўным, а галоўнай рэакцыяй было зьдзіўленьне: «Шмат людзей, і ўсе ўважліва слухаюць, горача моляцца. Гавораць адукавана», — сказаў ён. Міліцэйскі начальнік, які назіраў за парадкам правядзеньня гэтага масавага мерапрыемства, спачатку не хаваў свайго задавальненьня: «Столькі народу, а няма п’яных…» Аднак, пачуўшы словы пра 1937-ы год, адразу зьмяніў ацэнку: «Разьвялі тут дэмагогію».
Пры канцы малітоўнага служэньня ўдзельнікі сходу прынялі зварот да кіраўніка дзяржавы. У звароце гаворыцца: «Хтосьці дазваляе асобным журналістам, такім, як Яўген Новікаў, Ніна Яновіч і іншым, абвінавачваць хрысьціянаў у рытуальных забойствах, называць нас «сатанінскай нечысьцю» й ворагамі народу. Гэта ня што іншае, як распальваньне міжрэлігійнай варажнечы, якая ўжо прыводзіць да гвалту ў дачыненьні да хрысьціянаў і актаў вандалізму ў адносінах да нашых цэркваў». Эвангелісты прапанавалі стварыць пры прэзыдэнце адмысловую структуру для ўзаемадзеяньня з рэлігійнымі арганізацыямі. Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Саўміне іх, відавочна, не задавальняе. Пратэстанты і надалей гатовыя разам з хрысьціянамі іншых канфэсіяў «змагацца біблійнымі мэтадамі» з алькагалізмам, наркаманіяй, амаральнасьцю, спаронамі і г.д. Яны зьбіраюцца «законнымі мэтадамі і сродкамі адстойваць сваю грамадзянскую годнасьць і канстытуцыйнае права на свабоду сумленьня ды рэлігійных перакананьняў». «Мы любім Беларусь, мы — патрыёты сваёй краіны і многае робім для яе квітненьня», — гэткімі словамі сканчаецца зварот.
Некалькі тыдняў таму Саюз Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў заявіў пра немагчымасьць выкананьня дыскрымінацыйных, на іх думку, нормаў новага закону аб рэлігіях. Цяпер сваё слова сказалі пяцідзясятнікі. Канфлікт больш не высьпявае. Ён ужо нарастае па сьпіралі.
Аляксей Шэін