Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў зьвярнуўся да Старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча з запытам наконт законнасьці таго, што інфармацыя на таварах афармляецца толькі па-расейску.

Ведамства Васілевіча пастанавіла: гэта незаконна. І вось новыя стандарты адносна нехарчовых тавараў ужо замацавалі абавязковую наяўнасьць беларускамоўнага цэтліка. Цяпер тэбээмаўцы рыхтуюць адпаведныя пераклады для стандартаў харчовых тавараў. Вось дык Трусаў! А яшчэ з пасады сыходзіць хацеў.

Архітэктар Уладзімер Даніленка зьбіраецца ўсталяваць на Нямізе дзевяцімэтровую капліцу Збаўцы на Крыві. Збудаваць капліцу прасілі бацькі тых, хто загінуў на Нямізе ў 1999-м. Гэта больш па-людзку за чыгунныя кветкі. Галоўнае, каб зь Верхнім горадам каплічка лепей гарманавала, чым «Востраў сьлёз» з Траецкім.

Актывісты КХП-БНФ сабралі каля 1500 подпісаў пад заявай у Вярхоўны суд з просьбай прызнаць саюзную дамову неадпаведнай Канстытуцыі. Але суд адмовіўся ўзбуджаць справу. Ініцыятары зьбіраюцца зьвярнуцца ў Камісію па правах чалавека ААН. Толькі тамтэйшая бюракратыя па 10 гадоў, бывае, марудзіць з разглядам.

Рычард Пэрл, галоўны дарадца міністра абароны ЗША, не выключае, што Хусэйн можа паспрабаваць схавацца ў Беларусі. Ніякімі доказамі ён сваю вэрсію не падмацаваў. Ня верыцца нешта. Лукашэнка пакуль ня маркесаўскі Патрыярх, каб ствараць пансіянат для зрынутых дыктатараў.

Удэй і Кусэй нежывыя. А разам зь імі загінуў і 14-гадовы ўнук Хусэйна. Заплаціў за дзедавы злачынствы.

Мянчук Вольф Рубінчык выдаў першы нумар часопісу «Шахматы». У ім — ня толькі шахматныя задачы. Багата гісторыі, успамінаў, ёсьць нават паэзія. Выдаецца новы часопіс на беларускай і расейскай мовах. Адчуваецца, што справа рэдактару да душы.

Новую газэту выдаў і Зьміцер Бародка, лідэр барысаўскіх зуброў. Называецца «BY-ZONE», выходзіць на 4-х старонках, раздаецца з рук. З часам зуброўцы спадзяюцца выйсьці з «андэграўнду» і ператварыць «BY-ZONE» у паўнавартасную газэту для ўсёй краіны. А зуброўцы Гарадзеншчыны вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі пры ўезьдзе ў Ваўкавыск з боку польскае мяжы, а таксама на высакавольтных лініях і воданапорных вежах уздоўж шашы Горадня—Ліда—Менск. Словам, пасьлявыбарную дэпрэсію рух пераадолеў.

Анатоль Вайцяхоўскі з Баранавіч цяпер ня зможа друкаваць сваю «Местную газету «Шаг» у слонімскай друкарні. Адмову ад далейшага супрацоўніцтва ён атрымаў пасьля выхаду нумару з матэрыяламі журналістаў «Белорусской деловой газеты». У Слоніме адмову матывуюць «недахопам магутнасьцяў». Хочацца дадаць: «…каб супрацьстаяць тэлефанаваньням «зьверху».

Зьміцер Гурыновіч, 21-гадовы грамадзянін Беларусі, разьбіўся насьмерць на атракцыёне «Катапульта» ў маскоўскім парку імя Горкага. Гэта ўжо другі выпадак паркавых трагедый сёлета. Пакуль гром ня грымне, страхоўкі не правяраюць.

Сяргей Міклевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0