Першы кіраўнік незалежнай Беларусі адказвае на пытаньні карэспандэнта «НН».

НН: Ці згодныя Вы з параўнаньнем Дэклярацыі 1990-га з устаўнымі граматамі Рады БНР 1918 г.?

Станіслаў Шушкевіч: Лепей не параўноўваць. У часы БНР гэта было ўпершыню і было больш важка. А ў нас ужо была пракладзеная дарога — устаўныя граматы Рады БНР. Мы былі іх наступнікамі.

«НН»: Ці ўсьведамляла намэнклятура, галасуючы за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, што тым самым набліжае нашу краіну да незалежнасьці?

С.Ш.: Намэнклятура лепш чым хто ўсьведамляла гэта. Але гэтага не ўсьведамляў БНФ, дэпутаты якога выйшлі з залі і не галасавалі за Дэклярацыю. Як бы цяпер гэта ні тлумачылася тактычным крокам, гэта ўсё глупства. Яны выйшлі, бо хацелі прыняць іншы дакумэнт, а цяпер больш за ўсіх ганарацца Дэклярацыяй. Больш таго, калі Вярхоўны Савет зацьвярджаў Белавескія пагадненьні, дэпутаты БНФ зноў бачылі ў іх новы варыянт саюзнага дагавору...

Чаму наша самая «савецкасаюзная» намэнклятура дружна галасавала за сувэрэнітэт? Таму што падобныя дэклярацыі ўжо былі прынятыя ў Расеі і ў большасьці астатніх саюзных рэспублік. Інакш дзейнічаць было нельга. Гэта была іх адзіная матывацыя. І зьмест дакумэнту, я лічу, атрымаўся добры. Згадку пра работу над саюзным дагаворам, супраць чаго пратэставалі бээнэфаўцы, трэба было прыняць. Ужо тады было зразумела, як і цяпер, што ўсе гэтыя размовы пра саюзны дагавор — марнаваньне часу. Тады ён мусіў памерці і цяпер памрэ.

«НН»: Вы лічыце, што курс фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце на поўную дзяржаўную незалежнасьць Беларусі ў 1990 г. быў перадчасным?

С.Ш.: У іх была максымалісцкая пазыцыя — незалежнасьць і ўсё! Але для Беларусі тады гэта быў бы занадта рашучы крок. Нельга абсалютызаваць падыходы ў краіне, дзе максымум 22% людзей больш-менш ведаюць беларускую гісторыю. Кожны пяты і толькі! Патрэбны былі паступовыя крокі, кампрамісы, у тым ліку і з намэнклятурай. У нас, аднак, у адрозьненьне ад іншых былых савецкіх рэспублікаў, такога кампрамісу не адбылося.

«НН»: Цяпер склалася сытуацыя, калі Дзень Незалежнасьці сьвяткуецца ў розныя дні...

С.Ш.: Я бачу знарок зробленую блытаніну. 3 ліпеня — гэта дзень вызваленьня Менску ад фашысцкай акупацыі, і да беларускай незалежнасьці гэты дзень ня мае ніякага дачыненьня. Гэта — пацьверджаньне колішняга знаходжаньня Беларусі ў Савецкім Саюзе і ўкладу беларусаў у яго вызваленьне ад фашысцкай навалы. Я вельмі часта задумваўся над пытаньнем, калі ж трэба сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці Беларусі. І прыйшоў да высновы, што 25 сакавіка. Другім па значнасьці я лічу 27 ліпеня.

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0