Інтэрвію беларускага прэзыдэнта, тройчы паказанае 30 чэрвеня па ўсіх нашых тэлеканалах, стала падзеяй, можна сказаць, доўгачаканай. Многім хацелася пачуць адказ на пытаньне, якое вельмі слушна задаў у самым пачатку гутаркі адзін з інтэрвіюэраў. Маўляў, столькі гадоў культывавалі настальгію па савецкіх часах, а тут пачалі казаць пра незалежнасьць; дык што ж гэта такое для нас — незалежнасьць? Трэба сказаць, адказу на гэтае пытаньне беларускае грамадзтва чакае ўжо даўно, як мінімум з таго часу, калі ў расейска-беларускіх адносінах намеціўся крызыс і казка пра рай нябесны, які вось-вось павінен настаць пасьля таго, як мы зьліёмся ў экстазе з усходняй суседкай, пачала выпетрывацца з галоваў наіўных выбарнікаў.

Спадар прэзыдэнт, хто мы, куды ідзём і навошта нам трэба незалежнасьць, самастойнасьць, дзяржаўнасьць? На такое пытаньне, як ні дзіўна, адказ ва ўсе часы можа быць адным: незалежнасьць — гэта выражэньне памкненьня народу, які ўсьвядоміў сябе нацыяй, да волі, да ўласнага шчасьця, да права быць гаспадаром на сваёй зямлі. І Лукашэнка быццам бы злавіў гэту ноту. «Незалежнасьць для мяне — гэта тое самае, што і для вас».

Добры пачатак, але толькі вось чым зьяўляецца незалежнасьць «для нас», прэзыдэнт па-ранейшаму мяркуе вызначаць сам. Як выявілася, найперш гэта незалежнасьць ад прыватніка. Яна рэалізуецца ў праве выехаць у лес на шашлыкі, не баючыся пераступіць межы чыіхсьці пэрсанальных уладаньняў. Англія, трэба разумець, ужо палову тысячагодзьдзя знаходзіцца ў каляніяльным валоданьні. Дарэчы, пры ўсёй павазе да поглядаў Аляксандра Лукашэнкі варта адзначыць, што называць уласную краіну «кавалкам», ці «клачком» зямлі — неяк ня вельмі ўзвышана, тым больш для кіраўніка дзяржавы…

Далей прэзыдэнт расхвальвае незалежнасьць ад прыватнага капіталу. Ізноў агучаны перавагі «беларускай эканамічнай мадэлі» і расьпісаны ўсе жахі прыватызацыі і «абвальнай лібэралізацыі».

Па-трэцяе — незалежнасьць ад цывілізаваных форм палітычнага ладу. Лукашэнка нарэшце расшыфраваў свой тэзыс пра «маральнае лідэрства» Беларусі ва ўсходнеэўрапейскай цывілізацыі. Аказваецца, мы зьяўляемся лідэрамі таму, што захоўваем традыцыі народнага веча (якое цяпер, трэба разумець, увасабляецца ў форме ўсебеларускіх зьездаў, рэфэрэндумаў і сэмінараў).

Ну і, нарэшце, па-чацьвертае — незалежнасьць ад саміх сябе, уласнай нацыянальнай культуры і гісторыі. Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму лічыць беларусаў ня нацыяй, а часткай нейкага ўсходнеславянскага «этнасу». Адразу патлумачу: я шчыра люблю нашых усходнеславянскіх братоў, іх вялікія мовы, культуры, літаратуру… Але вось толькі Беларусь і беларускае для мяне — сваё, роднае, і самае галоўнае — асаблівае, непаўторнае. Менавіта на ўсьведамленьні такой непаўторнасьці і будуецца нацыянальная самасьвядомасьць, безь якой размовы пра незалежнасьць зводзяцца да местачковага прымітывізму. Зь іншага боку, менавіта на ўсьведамленьні асаблівасьці і непаўторнасьці суседзяў узьнікае павага да іх культур, да іх ідэнтычнасьці.

Такім чынам, можна казаць пра тры тэндэнцыі, якія выявіліся ў праграмным інтэрвію Лукашэнкі.

Па-першае, асновай ідэалёгіі дзяржаўнай незалежнасьці па-ранейшаму бачыцца паўпатрыятызм часоў БССР («паў-» — таму што ён быў яшчэ і наднацыянальным, савецкім). Такі спэцыфічны патрыятызм нібыта і прызнае беларусаў як нацыю, а нібыта і не прызнае, нібыта і дае ім права на дзяржаву, а нібыта і не. Быў бы Савецкі Саюз, усё было б зразумела, але ў цяперашніх рэаліях сэнтэнцыі прэзыдэнта здольныя толькі яшчэ больш заблытаць беларускае грамадзтва, колькі ні малюй ілюзію савецкага мінулага на «клачку зямлі», які трапіў пад кіраваньне Лукашэнкі. Што рабіць, прыкладам, з Расеяй, якая пэўна не прызнае нас за БССР, а сябе за РСФСР? Не дае адказу на гэтае пытаньне афіцыйная ідэалёгія. Зразумела, што ў Расею не жадаюць, а без Расеі нельга. Ствараецца ўражаньне, што афіцыйны Менск чакае другога прышэсьця Ельцына зь яго інтэграцыйнымі тостамі.

Па-другое, у аснову нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў прэзыдэнт увесь час спрабуе пакласьці палітычныя характарыстыкі, якія найбольш выразна адлюстроўваюць яго сыстэму кіраваньня. Хісткія асновы, адзначым сабе, якія могуць справакаваць яшчэ адзін крызыс самаідэнтыфікацыі ў будучыні. Палякі, напрыклад, былі палякамі і пры цару, і пры Пілсудзкім, і пры камунізьме, і пры лібэралізьме. А мы — кім будзем мы, калі савецкія ідэалягічныя догмы канчаткова зьнікнуць у мінулым?

Ну і, нарэшце, па-трэцяе — для легітымізацыі свайго палітычнага і ідэалягічнага курсу Лукашэнка карыстаецца выключна страшылкамі дзесяцігадовай даўніны. Напрыклад, аказваецца, на пачатку дзевяностых, калі ў Беларусі нібыта кіравалі нацыяналісты, расейскія людзі сядзелі на чамаданах. Хто-небудзь бачыў хоць бы адну такую гаротную групу? Потым, паводле Лукашэнкі, Расея ператварылася ў сыравінны прыдатак Захаду. Беларусу ж дастаткова зайсьці ў любую — ці харчовую, ці прамтаварную — краму, каб задацца пытаньнем, а ў які прыдатак Расеі ператварыліся мы самі, калі прылаўкі завалены таварамі адтуль…

Карацей кажучы, незалежнасьць для Лукашэнкі — гэта толькі незалежнасьць яго палітычнага рэжыму, па-за рамкамі якога «клачка зямлі», больш шырока вядомага як Беларусь, Лукашэнка нават не ўяўляе. Ад старых часоў настальгіі па СССР і «славянскай інтэграцыі» засталася ў спадчыну таксама ідэалёгія — яе проста перайменавалі ў ідэалёгію незалежнай дзяржавы, але гэта яшчэ не азначае, што яна стала такой.

Нават рэзкае зьмяненьне аблічча ворага нікога не павінна ўводзіць у зман. Прыгадаем, што і тады, калі галоўным ворагам быў «злосны монстар NАТО, які падпаўзае да сінявокай Беларусі» (а не, як цяпер, расейскія алігархі, «якія ўжо страляюць у нашы прадпрыемствы сваімі зеграмі»), наш прэзыдэнт «з жулікамі, уключаючы Расею», акцыянавацца таксама не зьбіраўся. Але вось бяда: Лукашэнка гатовы стаяць на шляху тых, хто зьбіраецца нас «пакласьці, разьдзяліць і расчляніць», аднак ня можа даць зразумелага адказу, чаму мы павінны гэтаму супраціўляцца. Бо адказ «таму што мы народ, мы нацыя» сваім гордым гучаньнем, сваёй сілай сам па сабе пагражае незалежнасьці рэжыму Лукашэнкі.

«Беларускія навіны»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0