29 ліпеня ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі лідэры пяці апазыцыйных партыяў (Партыя БНФ, АГП, БСДГ, працавікі, ПКБ) і дэпутацкая група "Рэспубліка" падпісалі пагадненьне аб каардынацыі дзейнасьці. Гэтае пагадненьне, як мяркуецца, стане асновай стварэньня дэмакратычнае кааліцыі апазыцыйных сілаў.

Умовы пагадненьня прадугледжваюць супольныя дзеяньні ў справе дасягненьня дэмакратычных зьменаў у выбарчым заканадаўстве, падчас выбарчых кампаніяў у прадстаўнічыя органы ўлады ды супраць магчымай спробы кіраўніка дзяржавы пайсьці на трэці тэрмін. Дамова адкрытая для іншых палітычных партыяў і дзейнічае да канца паўнамоцтваў цяперашняга складу палаты прадстаўнікоў.

Падпісаньню пагадненьня папярэднічала гарачая дыскусія, якая цягнулася каля дзьвюх гадзінаў. Вінцук Вячорка і Анатоль Лябедзька вінавацілі "рэспубліканцаў" у імкненьні захапіць лідэрства ў апазыцыйным руху. Аднак Сяргей Скрабец, Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч ды Іван Пашкевіч запэўнілі, што на лідэрства не прэтэндуюць. "Партыі былі і будуць, а дэпутацкая група - зьява часовая", - сказаў ачольнік "Рэспублікі" С.Скрабец.

Ужо 12 жніўня будзе падрыхтаваны першы варыянт агульнага сьпісу на выбары. У ім будуць і "рэспубліканцы", і "партыйцы". Хоць на аўторкавай нарадзе прагучала і такое: калі дэпутаты хочуць трапіць у сьпіс, няхай уступяць у якую-небудзь партыю альбо створаць сваю (найбольш пасьлядоўна гэтую прапанову адстойваў Станіслаў Шушкевіч). Сваёй партыі ў бліжэйшы час "Рэспубліка" ствараць не зьбіраецца, уступаць у іншыя партыі яе сябры таксама ня хочуць. Таму ў гэтым пытаньні ўсе бакі пакуль засталіся пры сваіх меркаваньнях.

Ці можна сказаць, што мы сталі сьведкамі нараджэньня будучай дэмакратычнай кааліцыі апазыцыйных сілаў? Пакуль нават удзельнікі падпісаньня па-рознаму ўспрымаюць гэтую падзею. І калі А.Лябедзька ды С.Скрабец такую кааліцыю ўжо бачаць, дык С.Шушкевіч кажа, што "мы вырашылі папросту падтрымаць "Рэспубліку", хоць яна і ня мае пакуль трывалай палітычнай плятформы". Тым ня менш, паводле словаў А.Лябедзькі, ужо ў верасьні зьявіцца зварот кааліцыі да выбаршчыкаў. Да таго часу будуць ладзіцца сацыялягічныя апытаньні, адна з мэтаў якіх - выбраць назоў для кааліцыі.

Парлямэнцкія выбары 2004 г. могуць стаць першымі з 1990 г., на якія апазыцыя стартуе адзінаю.

Парлямэнцкія выбары адбудуцца больш чым праз год, але ўжо сёньня апазыцыйныя палітычныя сілы інтэнсіфікавалі кансультацыі з мэтаю выйсьці на старт адзіным апазыцыйным сьпісам.

З аднаго боку, аформілася кааліцыя пяці апазыцыйных партый, якая складаецца з Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, Партыі працы Аляксандра Бухвостава, Сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча і Партыі камуністаў Сяргея Калякіна. Да гэтай кааліцыі далучаюцца шматлікія палітызаваныя няўрадавыя арганізацыі, якія маюць на месцах болей актывістаў, чым партыі. З другога боку, меншая частка мясцовых і нацыянальных НДзА гуртуецца вакол дэпутацкай групы "Рэспубліка" і "рэспубліканскага" руху "За годнае жыцьцё". У "пяцёркі" ёсьць структуры і практыка апазыцыйнае дзейнасьці, у "рэспубліканцаў" - дэпутацкі статус. Вакол "Хартыі'97" узьнік блёк радыкальнае апазыцыі "Свабодная Беларусь". У гэтых няма ні статусу, ні структураў, затое шмат энэргіі і яркія лідэры-дысыдэнты.

Як заўжды, стратэгія затуляе сабой тактыку ў Зянона Пазьняка і ягонай нсэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Амбітную, не да канца зразумелую гульню вядзе Мікола Статкевіч, лідэр "Народнае грамады".

"Пяць" плюс "Рэспубліка"

Дэпутацкая група "Рэспубліка" ўжо другі год пазыцыяуе сябе з апазыцыяй. Аднак яе спробы дасягнуць лідэрства ў апазыцыйных колах ня мелі посьпеху. радстаўнікі старых партый неаднаразова давалі зразумець "рэспубліканцам", што яны мусяць ведаць сваё месца ў агульным фронце, а не цягнуць коўдру на сябе. Урэшце дэпутаты з гэтым пагадзіліся. Да таго "Рэспубліка" самаўпэўнена кідалася на не зусім прадуманыя акцыі, як, напрыклад, збор подпісаў за зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Было заплянавана сабраць за два месяцы 400-500 тыс. Подпісаў. "Мы не баімся гэтай лічбы", - кажа сябра аргкамітэту руху "За годнае жыцьцё" Міхаіл Марыніч. Але кіраўнік "Рэспублікі" Сяргей Скрабец прызнаўся карэспандэнту "НН": ня ўсе ягоныя паплечнікі вераць, што столькі подпісаў будзе сабрана. Анатоль Лябедзька ў адным з інтэрвію адзначыў, што "партыі гатовыя актыўна ўдзельнічаць у кампаніі, пры ўмове, што ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная". У гэтым выпадку была б гарантыя, што подпісы зьбіраюцца не дарэмна і справу давядуць да канца. Тым часам, у зборы подпісаў "Рэспубліцы" ўжо дапамагае ПКБ. Дарэчы, Партыя камуністаў ужо вызначыла больш за 60 чалавек, гатовых ісьці на выбары. А вось у БНФ адмовіліся паведаміць папярэднюю лічбу кандыдатаў, спаслаўшыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі.

29 ліпеня паміж "пяцёркай" апазыцыйных партый і групай "Рэспубліка" было падпісанае пагадненьне аб сумеснай дзейнасьці. "Мы накіруем нашы намаганьні на стварэньне агульнага сьпісу. Спадзяемся, што ўсе дэмакратычныя сілы далучацца да яго", - кажа С.Скрабец. Напярэдадні падпісаньня пагадненьня кіраўнічка Выбарчага штабу БНФ Галіна Сямдзянава выказала карэспандэнту "НН" сваю ўласную думку: умовай уключэньня "рэспубліканцаў" у сьпіс можа стаць іх уступленьне ў адну з партыяў "пяцёркі". Паўстала гэтае пытаньне і падчас нарады ў ўторак. "Мы выступаем за тое, каб яны ("рэспубліканцы" - А.Т.) былі ў агульным сьпісе. Іх жа няшмат - чалавек 5-6. Магчыма выхад у тым, каб нейкая партыя за іх паручылася", - так пракамэнтаваў сытуацыю Анатоль Лябедзька. Нягледзячы на тое, што Партыя БНФ падпісала пагадненьне з групай "Рэспубліка", яно яшчэ мусіць быць зацьверджана партыйным Соймам. А на ім могуць узьнікнуць дыскусіі.

У рамках сваіх партый

У бліжэйшы час чакаецца, што пагадненьне пра супрацу з "Рэспублікай" падпіша і Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў. Пасьля перамогі некалькіх дзясяткаў кандыдатаў ад апазыцыйных палітычных партыяў на мясцовых выбарах многія зь пераможцаў пачалі думаць пра свой удзел і ў парлямэнцкіх выбарах. Гэта пераважна маладыя людзі. Яны здабылі ўпэўненасьць у сваіх сілах і каштоўны досьвед палітычнай барацьбы. Хоць выйграць наступныя выбары будзе значна цяжэй.

Меркаваньні пра тое, што дэмакратычныя дэпутаты мясцовых саветаў могуць пайсьці на парлямэнцкія выбары як самастойная палітычная сіла, аказаліся беспадстаўнымі. Згаданая вышэй Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў стваралася намаганьнямі некалькіх партыяў - у рамках сваіх партый і пойдуць на выбары дэпутаты. Такое меркаваньне выказаў сустаршыня Асамблеі і кіраўнік Менскай абласной арганізацыі БНФ Алесь Міхалевіч. "Большасьць з гэтых дэпутатаў, калі яны захочуць балятавацца ў парлямэнт, маюць вельмі вялікія шанцы выйграць", - мяркуе ён.

Гульня Статкевіча

БСДП (НГ) ужо даўно заяўляла, што разглядае парлямэнцкія выбары як падрыхтоўку да выбараў прэзыдэнцкіх. Пасьля таго як улады масава чынілі перашкоды кандыдатам ад "Народнай грамады" на мясцовых выбарах, няма веры, што такога прэсынгу ня будзе на выбарах парлямэнцкіх. Дый за што змагацца - за месца ў бяспраўнай палаце прадстаўнікоў? Няма ў партыйцаў веры ў магчымасьць зьмены выбарчага заканадаўства.

Таму ўсе сілы і рэсурсы БСДП (НГ) вырашыла скіраваць на падрыхтоўку да рэзыдэнцкіх выбараў. Летам 2003-га было агучана, што партыя вылучыць на гэтыя выбары свайго кандыдата, якім, зразумела, стане Мікола Статкевіч. Пра ягоныя прэзыдэнцкія амбіцыі вядома даўно, але зусім ня факт, што ён адэкватна ацэньвае свае шанцы на перамогу.

На парлямэнцкія выбары БСДП (НГ) папярэдне плянавала выставіць 78 кандыдатаў. Цяпер кажа пра 60. Ужо ў канцы гэтага году яны распачнуць папярэднюю кампанію, хоць партыйнае кіраўніцтва мяркуе, што рэгістрацыю пройдзе ня больш за 30 чалавек. Партыя Статкевіча трымаецца воддаль ад навастворанай кааліцыі ды заяўляе, што гаварыць пра кааліцыі за год да выбараў зарана. Маўляў, цяпер рэба працаваць над умацаваньнем партыйных структураў, а не канцэнтравацца на міжпартыйных кантактах. БСДП (НГ) можа далучыцца да "пяцёркі" пры ўмове, што туды возьмуць і яе хаўрусьніцу - Партыю жанчынаў Надзеі Матусевіч. Для астатніх апазыцыйных партый гэта непрымальна, бо рэанімацыя гэтай партыі адбылася пры ўдзеле ўладаў.

Тым часам БСДП (НГ) высоўвае яшчэ адну ўмову - фінансавую празрыстасьць. Прычым гэтае патрабаваньне скіраванае не да кандыдатаў ад уладаў, а да кандыдатаў ад апазыцыі. Прыгадваецца нядаўняе інтэрвію М.Статкевіча БТ, дзе ён распавядаў, як кепска, што беларускія партыі фінансуюцца з-за мяжы, бо спонсары дыктуюць ім умовы гульні. На думку апазыцыі, гэта дэмагагічныя заклікі, бо ва ўмовах, калі апазыцыйная дзейнасьць фактычна загнаная ў падпольле, ніводзін дабрадзей не пагодзіцца ахвяраваць на партыю, калі будзе ведаць, што ягонае імя і назва ягонай фірмы зараз жа стануць вядомыя спэцслужбам, а значыць, назаўтра на прадпрыемстве можна чакаць праверкі з падатковай службы, санстанцыі і Камітэту дзяржкантролю. Навошта вылучаць умовы, якія заведама немагчыма выканаць бяз шкоды для дзейнасьці, абураюцца на сядзібе БНФ.БСДП (НГ) мае сваю асобную пазыцыю і наконт праграмы, зь якой партыйная кааліцыя можа пайсьці на выбары. 28 ліпеня партыя Статкевіча выступіла з ініцыятывай стварэньня шырокай Эўрапейскай кааліцыі, якая "магла б выступіць адзінай альтэрнатыўнай сілай на будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах". Партыя ніяк ня хоча зьмірыцца з пэрспэктывай апынуцца ў ценю "пяцёркі", што ўбіраецца ў сілу. Менавіта ў гэтым бачыць прычыну зьяўленьня "эўрапейскае" ініцыятывы Анатоль Лябедзька. "Гэта нейкая палітычная рэўнасьць. Ствараецца альтэрнатыва аб'яднаўчаму працэсу, які набывае моц. Тое, што яны прапануюць, ужо даўно зафіксавана ў праграме нашай і іншых партыяў", - паціскае плячыма А.Лябедзька.

У прыватных размовах лідэры апазыцыі не хаваюць свайго меркаваньня, што "Статкевіч чамусьці цяпер робіць усё, каб аб'яднаньня апазыцыі не адбылося. Нават ягоныя былыя саюзьнікі камуністы і працавікі гэта ўжо зразумелі".

Аб'яднаньні сапраўдныя і несапраўдныя

Блёк "Свабодная Беларусь" ад самага свайго стварэньня (4 чэрвеня сёлета) абвесьціў, што самастойна падрыхтуе і выставіць на парлямэнцкія выбары 110 (па колькасьці дэпутатаў палаты прадстаўнікоў) сваіх кандыдатаў.

Праўда, пазьней адзін з кіраўнікоў блёку Андрэй Саньнікаў удакладніў, што дэмакратычным сілам варта дамовіцца наконт падзелу акругаў. Але тады, у пачатку чэрвеня, ён не заўважаў у палітычных партый імкненьня ісьці на перамовы з блёкам. Мала што зьмянілася і на сёньня. "Мы падкрэсьліваем, што аб'яднаньне павінна адбывацца пасьля зробленага аналізу выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, - кажа А.Саньнікаў. - Гэта мусіць быць супольны крок. Калі ісьці паасобку, нічога не атрымаецца. Але пакуль не назіраецца сапраўднага аб'яднаньня. Бо дзяліць акругі - гэта не аб'яднаньне. Мы хацелі б бачыць сапраўднае аб'яднаньне напярэдадні выбараў". А пакуль "Свабодная Беларусь", кажа Саньнікаў, вядзе толькі кансультацыі з апазыцыйнымі партыямі. Пра перамовы няма і гаворкі. Ня склаліся адносіны ў новага блёку і з "Рэспублікай". Прычына тут у "дзіўных паводзінах" дэпутатаў падчас веснавой акцыі "За лепшае жыцьцё!" ды пазьнейшая спроба "скрасьці" гэты брэнд, прыдуманы хартыстамі.

На што можа спадзявацца "Свабодная Беларусь"? На паўтарэньне гісторыі з "Зубром", які стварыўся напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і імкліва ўварваўся ў палітычнае жыцьцё краіны. Сьпешны старт блёку - гэта "Хартыі'97" ускочыць у апошні вагон цягніка і не застацца на збочыне. Фактычна "Свабодная Беларусь" будзе рабіць стаўку на структуры руху "Зубр", іншых яна ня ае. "Зубр" сёлета зноў актывізаваўся, але ён мае ўплыў толькі сярод моладзі.

"Я не разумею, што гэта за блёк "Свабодная Беларусь", калі ён не аб'ядноўвае ні партый, ні арганізацый, а толькі прыватных асобаў", - кажа Тацяна Процька, кіраўніца Беларускага Хельсынскага камітэту, якая блізка супрацоўнічае з групай "Рэспубліка".

Выбудоўваецца парлямэнтарная сытуацыя

Няма нічога дзіўнага, што перад выбарчым стартам налічваецца некалькі палітычных цэнтраў. Інакш і быць ня можа ва ўмовах, калі дзейнасьць вядзецца ва ўмовах напаўпадпольля, пляцовак для каардынацыі сілаў няма і, галоўнае, апазыцыя не прадстаўленая ў парлямэнце. Апазыцыі бракуе мэханізмаў узгадненьня пазыцый, не стае таксама ўменьняў знаходзіць кампрамісы - усяго таго, што прыходзіць з працай у парлямэнце. Улады ж маюць шмат прыладаў для маніпуляваньня апазыцыйнай думкай і яшчэ ня ўсе зь іх задзейнічалі. Ці азначае гэта, што малацікавая для абывацеля тарганіна вакол стварэньня кааліцый і блёкаў, гэты нефотагенічны спод палітычнага працэсу, так і не прывядзе ўрэшце да зьяўленьня адзінае Дэмакратычнае Сілы? Пакуль 60:40 на карысьць таго, што аб'яднаньне нарэшце адбудзецца. А вопыт арганізацыі кулюарных працэдураў - неацэнны грунт для будучай, пасьлялукашэнкаўскай парлямэнтарнае сытуацыі.

Алег Тачоны, Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0