Выбары ў палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу адбудуцца праз год. Гэтым разам кулюарныя перадвыбарчыя primeries стануцца вельмі гарачымі: ад дэпутатаў палаты №3 будзе ў многім залежаць, якая сытуацыя складзецца ў рэгіёнах перад прэзыдэнцкімі выбарамі-2006 і як яна будзе выкарыстаная.

Відавочна, што прэзыдэнт Лукашэнка будзе намагацца застацца на сваёй пасадзе і пасьля 2006 г. Аб гэтым за апошні год ён казаў неаднаразова і досыць празрыста. У сваім апошнім інтэрвію расейскаму каналу НТВ, праўда, ён жа сказаў, што ў бліжэйшы час палітычных баталіяў не прадбачыцца.

Але па-першае, усе дзевяць прэзыдэнцкіх гадоў паказалі, што адсутнасьць "баталіяў" у прэзыдэнцкім разуменьні гэтага слова зусім не азначае

адначасовую адсутнасьць палітычных кампаніяў, а па-другое, нават калі канстытуцыйны рэфэрэндум ня будзе праведзены ўвосень гэтага году, дык гэта ня значыць, што ён ня будзе праведзены ўвесну наступнага году ці нават адначасова з выбарамі ў палату прадстаўнікоў праз год. Адзін з сцэнараў адпадае адразу - той, які прадугледжвае сумленную барацьбу, адкрытую кампанію з наяўнасьцю агітацыі. Спадзявацца на перамогу ў такой сытуацыі ўладам не выпадае. Таму засяродзім увагу на двух праўдападобных сцэнарах, якія ўлада больш-менш пасьпяхова ўжо выкарыстоўвала на выбарах.

Сцэнары

Першы сцэнар спрацаваў падчас выбараў у палату №2 15 кастрычніка 2000 г. Каб сарваць байкот выбараў, аб'яўлены правымі дэмакратычнымі партыямі, улады выставілі ў шэрагу акругаў па некалькі сваіх кандыдатаў-канкурэнтаў. Тыя прадстаўнікі апазыцыі, якія вырашылі ўзяць удзел у выбарах, адсякаліся ўжо на ершым туры (фальсыфікацыі ў ім, паводле ацэнак незалежных экспэртаў, не сягалі больш за 15-20%). На думку лідэра БСДП (НГ) Міколы Статкевіча, асноўныя фальсыфікацыі адбыліся на этапе папярэдняга галасаваньня. Бо на шмат якіх участках колькасьць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, складала 50-60%.

Другі сцэнар быў ажыцьцёўлены на мясцовых выбарах 2 сакавіка гэтага году. Каля 30% прэтэндэнтаў на мандат дэпутата мясцовага савету папросту не былі зарэгістраваныя, а кандыдат ад улады вылучаўся ў кожнай акрузе толькі адзін (гаворка йдзе пра рэйтынгавыя саветы - Менскі гарадзкі ды абласныя). Гэты адзіны "сьпісавы" кандыдат ад улады й сьвяткаваў перамогу. Падаецца, што менавіта такі сцэнар кампаніі будзе "ўзяты на ўзбраеньне" і ў наступным годзе: калі на выбарах сустракаюцца два кандыдаты ад улады, ствараецца ня толькі ілюзія барацьбы ў шараговых выбарцаў, але й ілюзія ўласнае перамогі ў кандыдата-пераможцы. У такім выпадку наваяўлены дэпутат будзе дэманстраваць большую ступень самастойнасьці, чым той, якога праводзяць паводле "сьпісаў здзінапрызначаных". Зыходзячы з гэтага сцэнару, на найбліжэйшых выбарах нерэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты будзе вельмі масавай і можа дасягнуць 50%. Ва ўсялякім выпадку, палітолягі называюць такія лічбы. Зь імі пагаджаюцца й лідэры партыяў.

Акалічнасьці

Сцэнараў можа быць рэалізавана шмат, нават пры захаваньні дзейнага выбарчага заканадаўства. А тое, што яно будзе зьмененае перад найбліжэйшымі парлямэнцкай і прэзыдэнцкай кампаніямі, вельмі сумнеўна. Хоць дэпутацкая група "Рэспубліка" і зьбіраецца да канца гэтага году сабраць паўмільёна подпісаў за ўнясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс.Чаго дамагаецца "шырокая дэмакратычная грамадзкасьць"? Першае: ліквідацыі датэрміновага галасаваньня. Другое: уваходжаньня ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый і палітычных партый.

Трэцяе: пашырэньня паўнамоцтваў назіральнікаў. Чацьвертае: усе справы, датычныя парушэньняў выбарчага працэсу, мусяць разглядацца ў судовым парадку. Кожная з гэтых умоваў непрымальная для ўлады. Захаваньню ранейшых, "напаўсярэднявечных" умоваў для "нячэсных" кандыдатаў спрыяюць і дзяржаўныя грашовыя выдаткі на агітацыю (за тыя грошы мажліва толькі надрукаваць уласны партрэт адпаведнай якасьці й пужаць ім выбаршчыкаў), і ўмовы выкарыстаньня СМІ падчас кампаніі: кожны кандыдат атрымлівае па дзесяць бясплатных хвілінаў на ТВ у запісе і невядома, у які дзень той запіс будзе прадэманстраваны.

Кандыдаты

Адзінае, што сёньня вядома, - гэта пералік тых, хто будзе складаць "сьпіс улады". Гэта, па-першае, спэцслужбы, па-другое, аблвыканкамы (на ўзроўні старшыняў) і Менгарвыканкам, а па-трэцяе, новаўтвораная прэзыдэнцкая "група сямі" ў асобах сьпікера Вадзіма Папова, дэпутатаў Віктара Гумінскага, Сяргея Забалотца, Аляксандраў Сьвірыда і Шпілеўскага, Уладзімера Дзервянкова і Міхаіла Арды. Кожны зь іх адказвае за свой "куст" (сілавікі, моладзь, гаспадарнікі і г.д.). Кожны павінен, як у сеткавым маркетынгу, прывесьці за сабой па некалькі аднадумцаў, і ўжо гэты "новы савет палаты" будзе разам зь іншымі прапаноўваць кадры ў сьпіс правераных і дапушчаных. З каго ён будзе фармавацца, пакуль невядома. Разнарадка на прадпрыемствы, установы і арганізацыі, згодна з нашымі зьвесткамі, яшчэ не паступала. Але ня трэба забывацца, што ў сьпіс трапяць як мінімум 50% зь сёньняшняга складу палаты. То бок набраць давядзецца толькі

блізу 50 % "новых" людзей. Але і гэта ўяўляецца досыць складанай задачай , бо чалавечы рэсурс - гэта тое, з чым ва ўлады заўсёды былі вялікія праблемы, а цяпер - тым больш. Гэты рэсурс амаль вычарпаны, бо чэрпаюць увесь час з адных і тых самых крыніцаў. І ў гэтым ёсьць шанец для апазыцыйных і незалежных патэнцыйных кандыдатаў.

Зьміцер Дрыгайла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0