Легендарны архівіст Віталь Скалабан кажа, што тыдзень ня мог працаваць, пасьля таго як яму ў рукі трапілася гэтая кніга.

Гэтай кнігі не пабачыш ні ў адной публічнай кнігарні - яна прадаецца толькі па безнаяўным разьліку для навучальных установаў.

Кнігу не абмяркоўвалі ў Інстытуце гісторыі, але па ёй будуць выкладаць гісторыю Беларусі. Называецца яна "Гісторыя Беларусі. Дасавецкі пэрыяд", азначана як "навучальны дапаможнік", выйшла ў Магілёве. Яе аўтар - Якаў Трашчанок, былы выкладчык прэзыдэнта ў Магілёўскім унівэрсытэце. Кніга выйшла з грыфам "Дапушчана Міністэрствам адукацыі" - гэта значыць, што дапаможнік лічыцца базавым, а не экспэрымэнтальным. Ад гэтага часу студэнтам пачнуць выкладаць нацыянальную гісторыю "паводле Трашчанка". Дык хто ж такі гэты нікому не вядомы Трашчанок? Што ўяўляе сабой ягоны падручнік? Мы папрасілі адказаць на гэтыя пытаньні гісторыка Генадзя Сагановіча.

"НН": Шырока вядома, што Якаў Трашчанок выкладаў гісторыю А.Лукашэнку. А што яшчэ можна сказаць пра гэтую асобу?

Генадзь Сагановіч: У 1965 г. Мікола Прашковіч, таленавіты беларускі літаратар, адазваўся рэцэнзіяй на кніжку Коршунава пра Апанаса Філіповіча. Не пабаяўся сказаць, што ВКЛ не было такой ужо літоўскай дзяржавай, як здавалася Коршунаву, бараніў Унію, няўхвальна выказваўся пра расейскае праваслаўе... Не пасьпеў Прашковіч гэта апублікаваць, як у газэце "Советская Белоруссия" зьявіўся допіс двух асьпірантаў БДУ, адным зь якіх быў Я.Трашчанок. Афармлялася гэта ўсё як ліст у рэдакцыю, але насамрэч было палітычным даносам. Той пагромны допіс называўся "Вопреки истине". Аўтараў допісу раздражніла тэза, што Беларусь гістарычна мела сваю дзяржаўнасьць. "Толькі Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя дала Беларусі дзяржаўнасьць", - пісалі пільныя асьпіранты. Яны не пагаджаліся і з тым, што Унія магла мець нейкую станоўчую ролю для Беларусі: праваслаўе і толькі праваслаўе! І ўжо тады Трашчанок папросту падтасоўваў факты. Напрыклад, ён казаў: "М.Прашковіч даказвае, што Вялікае Княства было толькі беларуска-ўкраінскай дзяржавай", хаця Прашковіч такога не пісаў. Альбо: "Прашковіч піша, што Ягайла і Вітаўт заўжды гаварылі па-беларуску", хоць і гэтага ў Прашковіча няма... Адным словам, адразу выявілася нячыстасьць мэтадаў, усё дзеля таго, каб ачарніць апанэнта.

Потым доўгі час яго ніхто ня бачыў і ня чуў: асьпірантуру ён, відаць, скончыў, але кандыдацкай не абараніў. Ніхто ня бачыў і ягоных навуковых публікацыяў.

"НН": На якіх пазыцыях стаіць аўтар падручніка: беларускіх, савецкіх, расейскіх?

Г.С.: Гэта "заходнерусізм", даведзены да паталягічнай крайнасьці. Праўда, крыху мадыфікаваны, бо цяпер у набор культавых каштоўнасьцяў уключаецца і савецкая ўлада. Галоўны пастулят "заходнерусізму" там відавочны: поўнае непрыманьне беларусаў як самастойнага народу і разгляд Беларусі як часткі Расеі. На думку Трашчанка, беларусаў і расейцаў быццам спрадвеку яднаюць праваслаўе і "руская мова". Як і "заходнерусы", ён ненавідзіць каталіцтва і ўсё заходняе. У гэтым сэнсе вяртаньне "заходнерусізму" відавочнае. Але калі, напрыклад, ідэоляг "заходнерусізму" М.Каяловіч прызнаваў гістарычную адметнасьць беларусаў, дык Трашчанок не пагаджаецца нават на гэта.

"НН": Як можна акрэсьліць навуковы стыль кнігі?

Г.С.: Яго папросту няма, бо аўтар не спрабуе ўзьняцца над эмоцыямі. Тэкст насычаны абразамі - у бок апанэнтаў, у бок "ворагаў" - беларускіх "нацыянал-радыкалаў", каталіцкай шляхты і Захаду. Тых, хто прыняў каталіцтва, ён называе не іначай як рэнэгатамі. Ён піша, што польскай шляхце ўласьцівыя "лизоблюдство, спесь, продажность", што шляхцянкі прыяжджалі на балі ў празрыстых сукенках на голае цела і дазвалялі прылюдна цалаваць свае грудзі. На добры лад, за падобныя абразы і распальваньне нацыянальнай варожасьці падаюць у суд. А гэта ў падручніку!

Паводле стылю гэта не падручнік, не літаратура для навучаньня. Гэта нават не памфлет, а цяжка сказаць што. Страшэнная мешаніна! У падручніку звычайна спакойна выкладваецца квінтэсэнцыя ведаў. Тут жа ў зьмесьце пануе маралізацыя, выкрываньні і павучаньні. Трашчанок быў загадзя ўпэўнены: прымуць усё, што б ён ні напісаў. Таму і ўзьнік гэты мэнтарскі тон. А там, дзе аўтар бярэцца асьвятляць важныя тэмы, адразу адчуваецца навуковая бездапаможнасьць: часам на адной старонцы - дзясяткі памылак. Можна бясконца цытаваць ня проста недакладнасьці, а прыклады няведаньня навуковых фактаў, фальсыфікацыі і падтасоўкі...

"НН": Напрыклад?

Г.С.: Трашчанок вінаваціць гісторыкаў-"нацыяналістаў" у выдумляньні "нацыянальных беларускіх княстваў" у ХІІ ст., але ў нас ніхто і не называе першыя дзяржавы Беларусі "нацыянальнымі беларускімі". Піша, быццам "адраджэнцы" атаесамляюць "сучасных беларусаў з крывічамі", што няпраўда. Кажа, што паўстаньне 1863 г. "наіўныя" радыкалы выдаюць за "сялянскі выступ", але і гэта няпраўда! Падтасоўкі, якія дапамагаюць паказаць апанэнтаў дурнямі. Паводле Трашчанка, старажытнаруская дзяржава ніколі не развальвалася на асобныя княствы, хоць у гістарыяграфіі добра дасьледаваны працэс яе распаду. Крэўская унія, якая заключалася быццам для захопу зямель Русі літоўскімі фэадаламі, прынесла "неисчислимые страдания белорусскому народу"! Люблінская унія стала яшчэ большай бядой. А Берасьцейскую царкоўную унію, "проклятую народом", быццам уводзілі "огнём и мечём"... Нейкі кашмарны сон, які ня мае нічога супольнага з гістарычнай рэальнасьцю. Альбо яшчэ: Трашчанок зводзіць этнічную сьвядомасьць да рэлігіі. Але калі б у Заходняй Эўропе нацыі фармаваліся такім чынам, дык колькі б там было дзяржаваў?! А як можна расцэньваць такую тэзу: калі беларуская мова выкарыстоўвалася для прапаганды каталіцызму, дык гэта надавала ёй "антыбеларускі характар"!? Проста да сьмешнага тэндэнцыйна асьвятляюцца антырасейскія паўстаньні. Маўляў, сяляне спрэс мелі манархічныя настроі, а паўстанцы былі настолькі хітрыя і каварныя, што - уяўляеце? - нападалі на царскіх салдатаў, якія "мірна спалі ў казармах". Калі б гэта суаднесьці з партызанамі другой сусьветнай вайны...

"НН": Выданьне выклікала ў Вас буру эмоцыяў...

Г.С.: Хутчэй горкую ўсьмешку. "Заходнерусізм" зьнік з утварэньнем БССР: ён страціў сваю актуальнасьць і быў забыты. А цяпер мы маем справу зь ягонай рэінкарнацыяй. Самае прыкрае, што па гэтай кнізе студэнтаў будуць вучыць гісторыі. Ані выкладчыкі гісторыі, ані навукоўцы па-новаму адразу пасьля выхаду гэтай кнігі думаць ня стануць, а вось студэнтаў - шкада... Да апошняга часу ў мяне была ўпэўненасьць, што нашая гістарычная навука ўжо трывала стаіць на навуковай аснове. Але гэтая кніга - аплявуха ўсёй супольнасьці гісторыкаў, гэта папросту цынічная насьмешка.

"НН": Як адказвае Я.Трашчанок на навуковыя працы апошняга дзесяцігодзьдзя?

Г.С.: Мяне ўразіла, што пераважна падаюцца навуковыя зьвесткі 1960-х: ідуць спасылкі на савецкія кніжкі пачатку 70-х. Ягоныя веды засталіся на ўзроўні, які ён атрымаў падчас навучаньня ў асьпірантуры. Праўда, у сьпісе літаратуры ёсьць і новыя выданьні, але відавочна, што Я.Трашчанок іх не чытаў. Студэнтаў чакае столькі "адкрыцьцяў"! Напрыклад, яны даведаюцца, што Літоўскае княства ўзьнікла ў ХІІ ст. у Чорнай Русі, хоць па гэтай праблеме выйшла шмат дасьледаваньняў. Што Турава-Пінская зямля ніколі не была самастойнай, хаця ёсьць працы Лысенкі, дзе даўно ўжо даказана процілеглае. Што акту Крэўскай уніі няма і яго пераказвае толькі Длугаш, хоць гэты акт неаднаразова выдаваўся і аналізаваўся. І ўжо зусім асаблівыя веды Трашчанка па гісторыі адносін Беларусі з Расеяй. Праз усю гісторыю ён бачыць толькі "типичное для белорусских земель тяготение к великорусскому центру". Без падмацаваньня фактамі. Заснаваныя на канкрэтных прыкладах довады апанэнтаў Я.Трашчанок упарта называе "гульнёй у факцікі". Але сваіх прыкладаў, якія б абвяргалі тое, што ён называе "факцікамі", Трашчанок не падае.

"НН": Чаму падручнік Трашчанка зьявіўся менавіта цяпер?

Г.С.: Я ня бачу нейкай канкрэтнай прывязкі да навучальных гадоў: такі падручнік мог зьявіцца і два гады таму, і тры... Хутчэй за ўсё, замова на яго была пададзеная яшчэ ў 90-я. Мне падаецца, што Трашчанок проста па-гультайску працаваў. Нават гэты прадукт, які нарэшце ўбачыў сьвет, выклікае зьдзіўленьне сваёй неахайнасьцю.

"НН": Наколькі гэтую кнігу можна параўнаць зь іншымі гістарычнымі падручнікамі, якія выйшлі за часамі Лукашэнкі: Загарульскага, Новіка і Марцуля?..

Г.С.: Нават тыя падручнікі пры ўсёй іхнай тэндэнцыйнасьці мелі нейкі беларусацэнтрызм, а ў гэтым - рабская адданасьць суседу і ганьбаваньне свайго мінулага.

"НН": А як ставяцца нашыя навукоўцы да зьяўленьня гэтай кнігі? Мне распавядалі, што падручнік прыйшоў на рэцэнзію на гістарычны факультэт БДУ, дзе атрымаў адмоўны водгук. Тады зь Міністэрства адукацыі "націснулі" - і другі водгук быў ужо "правільны"...

Г.С.: На жаль, навукоўцы рэагуюць моўчкі. Мы ў Інстытуце гісторыі даведаліся, што ў нашай установе адбываецца абмеркаваньне гэтай кнігі, толькі з інтэрвію выканаўцы абавязкаў дырэктара Мікалая Сташкевіча. Бачылі і чыталі рукапіс кнігі толькі некаторыя загадчыкі аддзелаў. Такая ж сытуацыя была і на гістфаку БДУ, хоць рэцэнзію там прымалі быццам калектыўна. Навукоўцы баяцца начальства...

Але для мяне больш дзіўна, чаму міністар адукацыі, гісторык паводле прафэсіі, даў згоду на гэтае выданьне.

"НН": Як цяпер навукоўцы будуць ставіцца да навуковых працаў самога Брыгадзіна?

Г.С.: Гэтае выданьне падарвала ягоны аўтарытэт як навукоўца. Да яго цяпер ня будзе даверу: Брыгадзін-чыноўнік разбурыў навуковую рэпутацыю Брыгадзіна-гісторыка.

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0