26 і 27 ліпеня адбыліся дзясяткі мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Незалежнасьці. Хоць у гэтыя два дні і абвяшчалася пра стварэньне кааліцый ды кааліцыяў кааліцый, сьвяткавалі апазыцыянэры ў асноўным незалежна адзін ад аднаго.

26 ліпеня Народная Грамада зладзіла міжнародную канфэрэнцыю да стагодзьдзя Беларускай сацыялістычнай грамады і 13-й гадавіны Незалежнасьці. Узровень дыскусіі даваў зразумець, што міжнародны сацыял-дэмакратычны рух перажывае крызіс ідэяў.

У гэты ж дзень Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ усталявала ў Курапатах сорак новых крыжоў уздоўж кальцавой аўтадарогі.

27 ліпеня дэпутаты Вярхоўных Саветаў 12 і 13-га скліканьняў, чальцы групы "Рэспубліка" ды прадстаўнікі створанай увесну Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў правялі сьвяточную вечарыну. Камэрнае мерапрыемства праходзіла ў менскай кавярні "Еляана". Выступаючы на сьвяткаваньні, Станіслаў Шушкевіч сказаў, што, на яго думку, адна з прычынаў прыходу ў 1994 г. да ўлады Лукашэнкі - тое, што "ВС 12-га скліканьня занадта хутка працаваў над прыняцьцем Канстытуцыі". На думку іншага сьпікера, Мечыслава Грыба, адмоўную ролю ў нашай далейшай гісторыі адыграла тое, што "падзеі "ціхай рэвалюцыі" не суправаджаліся ўсеагульным абнаўленьнем улады, у структурах якой засталіся кіраўнікі з былой савецкай намэнклятуры. Прыстасаваўшыся да новых умоваў і выкарыстаўшы сваё службовае становішча падчас перападзелу нацыянальнага багацьця, яны цяпер моўчкі пагаджаюцца з усім, што творыцца ў нашай краіне". Яшчэ адна праблема - у пачатку 90-х кіраўніцтва краіны ня мела адзінае думкі пра тое, як Беларусь будзе будаваць незалежнае жыцьцё і якія абіраць прыярытэты.

Арганізатары сустрэчы вырашылі сумясьціць прыемнае з карысным і проста ў кавярні падпісаць пагадненьне аб супрацы паміж "Рэспублікай" і Асамблеяй дэпутатаў мясцовых саветаў. У выніку каардынатар "Рэспублікі" Сяргей Скрабец подпіс паставіў, а каардынатары Асамблеі - пакуль ня ўсе.

У гэты ж дзень на сьвяточным паседжаньні ЦК БСДП (НГ) было дэкляраванае стварэньне Эўрапейскай кааліцыі, а пасьля, а 14-й, у Купалаўскім сквэры актывісты партыі ўсклалі кветкі да помніка паэту. Сабралося каля 40 чалавек. Да акцыі далучыліся прадстаўнікі "Маладога фронту", якія наладзілі пікет пад лёзунгам "Я люблю Беларусь!". Затрыманых не было, у адрозьненьне ад акцыі "зуброў", якая прайшла а 12-й на пляцы Незалежнасьці. На выхадзе з Чырвонага касьцёлу зуброўцы сталі з расьцяжкай "Жыве незалежная Беларусь!" і раздавалі ўлёткі-віншаваньні. Міліцыя затрымала некалькі актывістаў, а таксама сябра КХП-БНФ Рыгора Кійка, што якраз выходзіў з касьцёлу і вырашыў абараніць хлопцаў.

Сьвяткавалі Дзень Незалежнасьці і ў Празе. У адным з самых прэстыжных клюбаў "№11" у цэнтры чэскай сталіцы сабраліся прадстаўнікі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў і чэскія палітыкі. На ўваходзе ў клюб віселі два велізарныя сьцягі: беларускі нацыянальны й чэскі дзяржаўны.

Гарадзенскія апазыцыйныя арганізацыі сустрэлі трынаццатую гадавіну Незалежнасьці вывешваньнем на высотных дамах у розных пунктах гораду бел-чырвона-белых сьцягоў. Усяго іх было пяць. Два сьцягі нараніцу 28-га яшчэ луналі над местам.

Бел-чырвона-белыя сьцягі былі ўзьнятыя і ў Барысаве. Мясцовыя зуброўцы вывесілі іх у трох раёнах гораду. А ў Маладэчне адзін зь сьцягоў зьявіўся насупраць гарвыканкаму.

Барысаўскія "зубры" зладзілі й футбольны турнір на "Кубак незалежнасьці". За ўзнагароду 26-27 ліпеня змагаліся каманды з Гомелю, Барысава, Маладэчна, Магілёва, Менску ды Смалявічаў. Перамаглі гаспадары.

Галоўны ж футбольны турнір адбыўся ў Менску 27 ліпеня. Змаганьне за "Кубак Свабоды імя Генадзя Карпенкі" стала самым кааліцыйным сьвяткаваньнем гадавіны Дэклярацыі. Гулялі чатыры каманды апазыцыйных партыяў (БНФ, АГП, БСДП (НГ), ПКБ) і каманда журналістаў. Каманда журналістаў запомнілася добрай і стабільнай гульнёй, а каманда Партыі БНФ - стабільным расейскім матам, які не шкадаваў вушэй дзетак, што прыйшлі паглядзець на турнір. Кубак атрымалі журналісты.

Штогод, адкрываючы гэты традыцыйны ўжо турнір, палітыкі казалі: "Налета будзем гуляць на "Дынама"! Гэтым разам вырашылі прамаўчаць

Аляксей Шэін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0