22 лістапада 2000 году старшыня КДБ Беларусі Ўладзімер Мацкевіч пастанавіў затрымаць Зьмітра Паўлічэнку на 30 сутак. Апроч подпісу старшыні Камітэту пад дакумэнтам стаіць санкцыя намесьніка генэральнага пракурора Сьнігіра. Сэнсацыйны дакумэнт апублікаваў «рэспубліканец» Валеры Фралоў. Свае крыніцы інфармацыі ён не раскрывае.

Пра лёс Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага гавораць і пішуць, здымаюць фільмы. Толькі высьветліць гэты лёс сьледзтву ніяк не ўдаецца. І кожны новы віток цікавасьці да іх справы прыпадае на абвастрэньне адносінаў беларускага кіраўніцтва з Расеяй.

Упершыню пра «расейскі сьлед» у справе зьнікненьняў напісаў нейкі Віктар Клінко. У 2001 г. яго нарыс выйшаў асобнай брашуркай. Паводле Клінко, атака на Лукашэнку плянавалася з дапамогай справы журналіста Зьмітра Завадзкага. Аднак «яшчэ ня позна» Лукашэнку нанесьці прэвэнтыўны ўдар і вычысьціць беларускія органы ўлады і сілавыя структуры ад расейскай агентуры, пісаў таямнічы Клінко.

Справа ішла да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Зьніклыя, як гэта ні цынічна гучыць, сталіся небясьпечнай зброяй у руках розных палітычных сілаў. Апазыцыя спадзявалася, што ўлада будзе дыскрэдытаваная інфармацыяй пра яе саўдзел у злачынствах. Зноў жа чакалася, што не застанецца ў баку і Расея, якая «была ў курсе ўсіх падзеяў». Але выкіду ў прэсу самага сур’ёзнага кампрамату на беларускі рэжым не адбылося. Ці то Масква ня мела чаго сказаць, ці то вырашыла пакуль устрымаецца.

Адказ Алкаеву

Нагадаем, што ўпершыню падборка дакумэнтаў у справе зьніклых палітыкаў была абнародаваная ўлетку 2001 г. Спачатку ў чэрвені з заявай выступілі супрацоўнікі пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак, якія зьехалі ў ЗША.

А ў ліпені 2001-га кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык агучыў адразу некалькі сэнсацыйных дакумэнтаў. Гэта былі цяпер ужо ўсім добра вядомыя рапарты генэрала Мікалая Лапаціка і начальніка сьледчага ізалятару Алега Алкаева.

Зьяўленьня новага дакумэнту давялося чакаць два гады. У лютым 2003-га А.Алкаеў на старонках «Для служебного пользования» пісаў: «І яшчэ пакуль ніхто не адказаў на пытаньне: што было напісана ў пастанове аб арышце Паўлічэнкі? Так, ён быў арыштаваны прэвэнтыўна, але ўсё роўна трэ было б штосьці напісаць у пастанове». Пасьля публікацыі ксэракопіі «Пастановы аб прымяненьні прэвэнтыўнага затрыманьня» ў газэце «Народная воля» ад 29 ліпеня 2003 г. адказ на пытаньне Алкаева быў дадзены:

«У матэрыялах апэратыўнай распрацоўкі маюцца пэўныя зьвесткі пра тое, што Паўлічэнка Дзьмітры Валер’евіч зьяўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы, якая займалася выкраданьнямі і фізычным зьнішчэньнем грамадзянаў. У прыватнасьці, кіраваная Паўлічэнкам Дз.В. злачынная група мае дачыненьне да забойства 5 жніўня 2000 гр.Самойлава Г.В., лідэра незарэгістраванай Беларускай рэгіянальнай арганізацыі «РНЕ», а таксама да забойства іншых асобаў».

Фралоў крыніцаў не раскрывае

На падставе гэтага 22 лістапада 2000 г. старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч пастанавіў затрымаць Паўлічэнку на 30 сутак. Апроч подпісу старшыні Камітэту пад дакумэнтам стаіць санкцыя намесьніка генпракурора Сьнігіра.

Дакумэнт апублікаваў «рэспубліканец» Валеры Фралоў. Свае крыніцы інфармацыі ён не раскрывае. Вэрсію, што ксэракопія была ім прывезеная з Масквы, у размове з карэспандэнтам «НН» генэрал пакінуў без камэнтару. На пытаньне, чаму дакумэнт зьявіўся толькі цяпер, кажа: «Так склалася».

«Я адправіў ксэракопію ў Пракуратуру, КДБ і Вярхоўны Суд, — кажа Фралоў. — Каб улічвалі, што была такая пастанова. Што, напэўна, былі падставы для затрыманьня Паўлічэнкі, калі дакумэнт падпісалі такія сур’ёзныя людзі».

З аднаго боку, у дакумэнце няма нічога сэнсацыйнага — толькі пацьверджаньне ўжо вядомых ісьцінаў (хіба толькі заслугоўвае ўвагі згадка пра забойства Самойлава). Найважнейшае — сам факт абнародаваньня пастановы за подпісам Мацкевіча. Хтосьці падае беларускаму кіраўніцтву сыгнал. І робяць гэта яўна ня беглыя апазыцыянэры. Каб гэты дакумэнт і раней быў у іх руках, ён ужо быў бы надрукаваны ў апазыцыйнай прэсе.

Пастанову аб затрыманьні Паўлічэнкі, верагодна, выцягнулі з дасье, якое можа знаходзіцца ў Расеі. Характэрна, што перад гэтым у Маскве была надрукаваная кніга «Нашествие», прысьвечаная мэханізмам «чорнага» бізнэсу ў Беларусі, зьнікненьням вядомых людзей. «Нашествие» распаўсюджваецца ў Беларусі нелегальна, пераважна ў ксэракопіях, але ў Інтэрнэце зь яго зьместам мог пазнаёміцца кожны. Расейская «Независимая газета» ў чэрвені паведамляла пра пачатак псыхалягічнай вайны супраць Лукашэнкі і пра тое, што яго «ў Маскве замовілі». Ці не ў працяг гэтага генэрал Фралоў і атрымаў зь невядомых крыніцаў згаданы вышэй дакумэнт?

Завадзкаму зламалі хрыбетнік

Незадоўга да публікацыі копіі пастановы Мацкевіча было адноўленае сьледзтва па факце зьнікненьня Ю.Захаранкі, В.Ганчара, А.Красоўскага і З.Завадзкага. Яно цягнулася ўжо некалькі гадоў. За гэты час было ўсё: «уцечкі інфармацыі», гучныя заявы, загадкавыя сьмерці апэратыўніка Камітэту па арганізаванай злачыннасьці пры МУС Уладзімера Французава, сьведкі, былога амапаўца 26-гадовага Антона Кабзара ды іншых. І толькі адна справа была даведзеная да суду — па ёй праходзіла «група Ігнатовіча».

14 сакавіка 2002 г. былыя спэцназаўцы Ігнатовіч і Малік атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне, а іх саўдзельнікі — вялікія тэрміны зьняволеньня. Аднак суд, прызнаўшы іх віну ў выкраданьні Завадзкага, так і ня даў адказу на пытаньне, што ж сталася з журналістам. Ягоны калега Павал Шарамет лічыць, што Зьміцер быў захоплены беларускімі спэцслужбамі, якіх цікавіла, што ведае ОРТ і Шарамет пра іх апэрацыі ў Чачэніі: «Яго катавалі, зламалі хрыбетнік. Пасьля гэтага вырашылі дабіць, бо ўжо нельга было схаваць гэтае злачынства. Гэта вэрсія, якой трымаўся падчас нашых размоваў былы генпракурор Алег Бажэлка. І мне яна падаецца найбольш праўдападобнай».

Міністар ня памятае

Генэрал Юры Сівакоў, якога дапытвалі ў якасьці сьведкі, адмаўляў, што аддаваў каманду аб выдачы «расстрэльнага» пісталета. «Я гэтага ня памятаю», — сказаў ён сьледчаму. Зьмяніў свае паказаньні ад’ютант міністра Калесьнік, які заявіў, што пісталет ляжаў у яго сэйфе.

Стала вядома, што пасьля выкраданьня Ганчара і Красоўскага невядомыя людзі, якія прадстаўляліся работнікамі міліцыі, зьдзяйсьнялі абход кватэр у раёне здарэньня. Яны цікавіліся, ці хто што-небудзь бачыў, — шукалі сьведкаў...

20 студзеня 2003 г. сьледчы пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка прыпыніў папярэдняе расьсьледаваньне. Тацяна Процька ўпэўненая, што гэтым ён паказаў: «нічога не магу зрабіць больш, чым зрабіў».

Аднак у пачатку лета 2003-га расьсьледаваньне справы зьніклых было нечакана адноўленае. Пракурор сталіцы Мікалай Кулік замяніў сьледчага, і цяпер справай займаецца Сяргей Кухаронак. Прычынай гэтага кроку пракуратуры стаўся найперш шырокі розгалас, у тым ліку і за мяжой, беларускіх «гучных справаў». Алег Воўчак, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», якая цяпер ліквідуецца Мінюстам, лічыць, што мэта адноўленага сьледзтва — выправіць ранейшую памылку сьледчага Чумачэнкі. Студзеньская пастанова Чумачэнкі сьведчыла пра існаваньне ў нашай краіне «эскадрону сьмерці», хоць і не называла ягоных удзельнікаў і гаспадароў. Цяпер жа гэты факт можа зьнікнуць з высноваў адноўленага сьледзтва.

Жонка Віктара Ганчара Зінаіда лічыць, што аднаўленьне сьледзтва — гэта чарговая спроба ўлады заблытаць расьсьледаваньне. Ня верыць у станоўчы вынік сьледзтва і Ірына Красоўская. Прагноз генэрала Фралова таксама не аптымістычны: «Будуць цягнуць справу». Таму працягваецца работа над падрыхтоўкай пазову на ўлады Беларусі ў адзін з эўрапейскіх судоў.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0