Найлепшыя прадстаўнікі беларускай нацыі ўлетку сыходзяць у лясы. Мабыць, гаворыць партызанская кроў. У гэтым я пераканалася, наведаўшы гістарычны летнік на ўскрайку Гальшанаў. Будучыя архітэктары і гісторыкі прыехалі на гальшанскую зямлю, каб папрацаваць сякерамі, косамі ды пэндзлямі і, натуральна ж, сустрэцца з прывідам Белай Панны.

Пад’ём — на сыгнал дуды (ва ўсім летніку ніводнай гітары!). Гучыць як заклік да Страшнага Суду. Пасьля сьняданку — на працу ў вёску. Рабілі на трох «аб’ектах»: замак, кляштар, царква. (Самыя лянівыя абіралі «пясчаны кар’ер», гэта значыць возера). Усе мы атрымалі даведкі, што знаходзімся тут у камандзіроўцы, якімі вельмі ганарыліся і насілі ўвесь час з сабою (памежная зона, 20 км да Літвы!). Правілы паводзінаў у летніку даволі строгія: алькаголю «на тэрыторыі» не спажываць, не брыдкасловіць, пасьля 0.00 не шумець. Вечары каля вогнішча — найлепшая магчымасьць прадэманстраваць свае ўмельствы. Нехта паказвае прыёмы кунг-фу, нехта хваліцца веданьнем турэцкай мовы, а аднойчы, у рабінавую ноч, тры гадзіны мы ў полі вучыліся танчыць «таўкачыкі» — наймэтафізычнейшы танец з усіх, якія я бачыла, — ізноў пад тую ж дуду.

Зь першага дня ўсе былі апантаныя ідэяй пераначаваць у «вежы прывідаў», каб пабачыць Белую Панну. Пашанцавала толькі першым. Дзяўчаты сапраўды пабачылі прывід. Як выявілася, гэта быў... адзін з рэстаўратараў царквы, які хацеў спраўдзіць іх чаканьні. Але дзяўчаты так спалохаліся, што натаўклі «прывіду» карак. А пасьля мы ўласнаручна зафарбавалі ў пакоі зданяў (ён жа кабінэт дырэктаркі) падлогу, затынкавалі сьцены і столь. Начаваць там больш не было як.

Увесь вольны ад працы час бавім у бары насупраць касьцёлу. Празь некалькі дзён да нас прызвычайваюцца як да неад’емнай часткі мясцовага пэйзажу. І цяпер ужо ў нас запытваюцца, ці ёсьць хто ў касьцёле, ці даюць пэнсію, ці прывезьлі квас зь Ліды. Бар «Замак»: дызайн ня горшы, чым у любым такім на захад ад дзяржаўнае мяжы (на сьценах старыя прасы, кудзеля, прасьніцы). Працуе да 2-й гадзіны ночы. Наплыў наведнікаў такі, што любы менскі бар мог бы пазайздросьціць (чамусьці асабліва актыўна мясцовая моладзь адзначала дзень пажарніка). Тут нашмат больш прыстойных маладых людзей, чым на праспэкце Скарыны. І ўсе цьвярозыя.

Гаспадыня кавярні цяпер рамантуе пад гатэль былыя гандлёвыя рады. Мяркуючы з таго, як пастаўлена справа ў «Замку», — непаганы будзе й гатэль.

Гальшанская архітэктурная славутасьць ужо нашага часу — «дом мытніка»: пабудаваны з эўраматэрыялаў, на даху «талерка», двор выкладзены пліткай акуратней, чым плошча Незалежнасьці ў Менску, перад домам гаёк, елачкі... Жыве беларускі мытнік. Сапраўдны.

Натальля Мяцельская, фізык паводле адукацыі і экскурсавод паводле пакліканьня, выкупіла ў былым жыдоўскім квартале Гальшанаў дамок, што сем гадоў стаяў пусты. Яна марыць ператварыць яго ў нешта накшталт салёну. «Гэта будзе прыватны дом, дзе любы зможа знайсьці прытулак, зайсьці на кубачак кавы. Я хачу, каб гэта былі абсалютна прыватныя бяседы. Можа быць, зь іх народзіцца нешта — нейкі тэатрык альбо штось іншае. Хай бы ў нас быў такі местачковы клюб!»

Цагляны жыдоўскі квартал захаваўся цалкам толькі дзякуючы таму, што людзі ня маюць грошай, каб выкупляць дамы і перабудоўваць. Хаты ня дужа старыя: 30-я гады ХХ ст. Раней квартал быў драўляны, пакуль добра арганізаваная жыдоўская грамада не застрахавала яго. У адзін цудоўны дзень на ўсёй вуліцы здарыўся пажар... На атрыманую страхоўку збудавалі цаглянае жытло — ды якое! Ніводнага фасаду няма аднолькавага. Яшчэ і цяпер гэта ці не найлепшыя будынкі ў вёсцы. Перад вайною ў Гальшанах працавала габрэйская бібліятэка, дзьве габрэйскія школы — для хлопчыкаў і для дзяўчынак. Цяпер жыдоўскія клады на выезьдзе зь вёскі закінутыя, вакол сьмецьце.

На сьцяне аднаго з дамкоў кварталу — надпіс па-нямецку «Ausfahrt». Мы дзівімся — няўжо з вайны?! Выяўляецца, тут рэгулярна здымаюць партызанскія блякбастэры. І яшчэ адну сустрэчу з мастацтвам кіно падарылі нам Гальшаны: «Тэрмінатар-3» прыйшоў сюды раней, чым у Менск. За 350 руб. асалода нашмат большая, чым ад таго ж відовішча ў сталічным «Кастрычніку»: у залі зь невялічкім экранам фільм дэманструецца зь відэапраектара. Кожны, хто заходзіць у залю пасьля пачатку сэансу, уключае сьвятло, шукае вольнае месца, выключае сьвятло. Пры гэтым гук абрываецца і фільм даводзіцца пачынаць спачатку. Такое вось паўстаньне машынаў па-гальшанску.

Вераніка Дзядок, Гальшаны—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0