Сёньняшняй дзяржаўнай сыстэме ўласьцівы парадокс: чым больш размоваў пра незалежнасьць, тым менш на тэлевізіі, радыё, у школе беларускае мовы. Усе навіны БТ й палова «Панарамы» (відаць, у выніку канкурэнцыі з АНТ) — ужо па-расейску. «Настасься Слуцкая» — па-расейску. Міністры адукацыі й культуры — і то па-расейску.

У эканоміцы ўлада пасьлядоўна выконвае ўсё, што казаў Пазьняк дзесяць гадоў таму. У палітыцы імпэрскія памкненьні Крамля выкрываюцца афіцыёзам на кожным кроку. Але што да сымболікі й мовы — ані!

Ці магчымае поўнае перараджэньне рэжыму?

Як казаў калісьці найбуйнейшы адмысловец у справе пераўвасабленьняў Павал Якубовіч, беларуская мова для яе носьбітаў — сыстэма апазнаваньня «свой—чужы»: гаворыш па-беларуску — «наш», па-расейску (хто б ты ні быў) — «іншы». Такім чынам, мы зноў празь дзесяцігодзьдзе вяртаемся да пытаньня мовы. Колькі б ні спрабавалі ці ўладныя, ці апазыцыйныя прагматыкі сьпісаць «моўную праблему» ў архіў — яна ўсё гэтак жа будзе выконваць ролю псыхалягічнае мяжы. Яе будзе балюча пераадольваць, яна будзе зноў расколваць апазыцыю, на ёй зноўку будзе гуляць Масква, а ў масавай сьвядомасьці менавіта яна стане знакам рэальнае незалежнасьці. Беларусі рана ці позна давядзецца пераходзіць на беларускую — спрачацца можна адно наконт мэтадаў.

Тэарэтычна беларусізацыя магчымая й цяпер. Нягледзячы на страты апошніх гадоў, мова захавала стратэгічны патэнцыял аднаўленьня. Гэта і больш за 40% беларусаў, якія пазначылі, што гутараць дома па-беларуску (няхай гэта больш жаданьне, чым рэчаіснасьць, — жаданьне паказальнае!), і 85,6% тых, хто назваў яе роднай. Гэта і беларускамоўная моладзь у сталіцы й буйных гарадох, прычым пераважна ў актыўных грамадзкіх і творчых асяродках. Гэта і элітарнасьць: мова ўспрымаецца як аналяг культурнасьці й інтэлігентнасьці («беларускамоўны — значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык»). Праўда, праблемамі мовы цяпер сур’ёзна займаецца хіба ТБМ — у астатніх чамусьці мову адняло. Вось тут бы і пераняць ініцыятыву...

Але!

Загаварыўшы па-беларуску, Лукашэнка ўмомант робіцца «чужым» для свайго электарату. Больш таго — ён робіцца «іншым» і для патэнцыйнага расейскага выбарца, на якога разьлічаны ўвесь гэты саўковы піяр пра «рускага чалавека», які штораз вывальваецца перад маскоўскімі тэлекамэрамі. Таму ў арсэнале намэнклятуры мова прадугледжваецца толькі ў выглядзе разавых прамоваў (дзе-небудзь у Нясьвіжы ці Маладэчне) і толькі як прынада для «нацыяналістаў».

У траўні 1995-га, вызначыўшы беларускую мову як мяжу, рэжым загнаў сябе ў кут. Адсюль і марнасьць пошукаў «белорусской идеи» — ужо год як вынаходзяць папараць-кветку. З расейскамоўнае гаварыльні ці пісаніны беларуская нацыянальная ідэя ня можа нарадзіцца ў прынцыпе — бо гэтая ідэя дадзеная нам Богам у камплекце з ключом унікальнае мовы. Беларускасьць зь яе культурай кнігі, ускалыханая ў міжмоўі Захаду й Усходу, можа быць расшыфраваная толькі праз Слова.

Таму, калі мы прыйдзем да ўлады, сярод прафэсійных патрабаваньняў для чыноўнікаў абавязкова будзе і гэтае. Умова мовы.

Павал Севярынец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0