У ліпені падчас «Славянскага базару» намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч, заўважыўшы часопіс «Arche» ў віцебскай кнігарні, зрабіла разнос кіраўніцтву тамтэйшага «Аблкнігагандлю». «Хоць часопіс і мае ліцэнзію на рэалізацыю, службовыя асобы мусяць разумець, дзе і чым варта гандляваць», — гэтак перадае яе словы адзін з супрацоўнікаў кнігагандлёвае канторы.

Амаль адначасова прадаваць часопіс адмовілася менская «Акадэмкніга». Дырэктарка кнігарні Соф’я Жыбулеўская тлумачыць сытуацыю тэхнічнымі прычынамі: «У нас мала плошчаў, нават для кніг малавата. А часопісы можна лёгка купіць у «Белсаюздруку». Таму мы прынялі рашэньне пазбавіцца ўсіх часопісаў, апрача «Роднага слова» і «Вестак Акадэміі навук». Будзем рабіць упор на навуковыя выданьні». Гэтаму пярэчыць распаўсюднік «Arche» Алесь Яўдаха: «Зайдзеце ў гэтую кнігарню — і пабачыце там прынамсі пяць-шэсьць беларускіх часопісаў. Для нас такая адмова — непрыемны ўдар, бо «Акадэмкніга» была лідэрам у продажах часопісу: там прадавалася асобнікаў сто кожнага нумару». Са словаў Алеся Яўдахі, рынак адрэагаваў на забарону павелічэньнем продажаў праз шапікі «Белсаюздруку» і ў незалежных распаўсюднікаў.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0