У пятніцу намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч атрымаў зь менскай гарадзкой пракуратуры афіцыйнае папярэджаньне аб «недапушчальнасьці парушэньня закону».

Гэтае папярэджаньне пракурорскія работнікі спрабавалі ўручыць Міхалевічу яшчэ ў мінулую сераду, але палітык адмовіўся яго браць, бо там было напісана па‑расейску, а Міхалевіч заявіў, што не разумее напісанага. Наступны дакумэнт быў напісаны ўжо па‑беларуску.

У папярэджваньні пішацца: «У пракуратуры гораду Менску маецца інфармацыя згодна зь якой Вы зьбіраецеся арганізаваць і прыняць удзел у дзейнасьці моладзевай незарэгістраванай арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў».

У сьнежні 2001 г. Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці ЗБС. Далейшыя спробы абскардзіць гэтае рашэньне ніякага плёну не далі.

Папярэджаньне падпісанае намесьнікам пракурора гораду Менску, старшым саветнікам юстыцыі А.Стукам. Ён жа падпісваў аналягічныя папярэджваньні яшчэ тром моладзевым актывістам Яўгену Іванюку, Настастсі Шамарэй і Надзеі Манцэвіч.

Міхалевіч мяркуе, што гэтае папярэджаньне зьвязанае з тым, што офіс ЗБС доўгі час знаходзіўся на прыватнай кватэры палітыка. «Мне здаецца, што КДБ рыхтуе новую крымінальную справу, падобную на «маладафронтаўскую». Пакуль што іх стрымліваюць нейкія перамовы з Эўрасаюзам, але ня ведаю наколькі яны доўгімі і трывалымі», — мяркуе Алесь Міхалевіч.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0