Менавіта на столькі паменела паўналетніх жыхароў краіны ў выбарчых сьпісах сёлетніх мясцовых выбараў проці прэзыдэнцкіх-2001. Гэта адкрыў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. У Цэнтравыбаркаме ва ўсім вінавацяць мясцовую ўладу.

Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі, у лютым 1999 г. у нашай краіне жыло 7.593.100 чалавек ва ўзросьце 18 гадоў і старэйшых, а ў сьпісы для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г. было ўключана толькі 7.356.343 чалавекі. На 1 студзеня 2003 г. у Беларусі было 7.727.110 паўналетніх, а колькасьць выбаршчыкаў на сёлетніх выбарах у мясцовыя саветы склала толькі 7.044.500 (без 60 тыс. грамадзянаў Расеі, якія мелі права галасаваць). Ад розьніцы паміж гэтымі лічбамі прадстаўнікі НІСЭПД аднялі яшчэ 82 тыс. чалавек — прыблізна столькі грамадзянаў нашай краіны пазбаўленыя права голасу. І ўсё ж атрымліваецца, што каля 600 тыс. выбаршчыкаў «зьнікаюць» зь сьпісаў Цэнтравыбаркаму.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазовік згаданай публікацыі «яшчэ ня бачыў» — ён толькі выйшаў на працу пасьля адпачынку. Але выказацца наконт «зьнікненьня выбаршчыкаў» пагадзіўся. «Што Цэнтральная выбарчая камісія зьверху можа ўбачыць у цэлым па рэспубліцы? — разважае ён. — Нічога. Ніякіх адносінаў да сьпісаў мы ня маем. Цэнтравыбаркам дзейнічае ў адпаведнасьці з заканадаўствам, і сьпісы складаюцца ня намі, а адміністрацыямі раёнаў, райвыканкамамі. Пасьля сьпісы выбаршчыкаў падаюцца ва ўчастковыя камісіі. Гэтым установам, якія знаходзяцца па месцы жыхарства людзей, прасьцей праверыць іх правільнасьць».

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0