Крэмль узмацняе псыхалягічны ціск на Лукашэнку. Упершыню ў гісторыі адбыліся кансультацыі ўплыватворчых асяродкаў Расеі зь беларускімі правымі партыямі. Умоваю ўдзелу было нецытаваньне зьместу размоваў.

Беларускі сьпіс удзельнікаў «круглага стала» «Ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Расеі й Беларусі. Разьвіцьцё расейска-беларускіх адносінаў на шляху збліжэньня з Эўропай», арганізаванага Радай па замежнай і абароннай палітыцы (РЗАП) Расеі, красамоўны: Аляксандар Дабравольскі, Юры Хадыка, Вінцук Вячорка, Пятро Садоўскі, Галіна Сямдзянава, Вацлаў Арэшка, Леанід Заіка, Валер Карбалевіч, Павал Данэйка, Валянцін Голубеў і Яраслаў Раманчук. Беларускія партыі самі вызначалі, каго выправіць у Маскву.

З расейскага боку прысутнічалі кіраўнік РЗАП палітоляг Сяргей Караганаў, прэзыдэнт фонду «Палітыка» Вячаслаў Ніканаў, дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Яўген Кажокін, каардынатар міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднаньня Дзярждумы «Эўрапейскі клюб» Уладзімер Копцеў-Дворнікаў, сябар праўленьня «Ітэры» Вячаслаў Назараў, супрацоўнік рэфэрэнтуры прэзыдэнта Расеі Станіслаў Ісмагілаў, кіраўнік аддзелу аналітычнай дырэкцыі расейскага «Першага каналу» ды інш.

Нягледзячы на пачатковую напружанасьць з абодвух бакоў, размова, са словаў аднаго з удзельнікаў, была «тактоўная». Прадстаўнікі БНФ увогуле ўпершыню ў гісторыі сустракаліся з расейскай палітычнай элітай. Тэмы размовы: магчымы рэфэрэндум аб працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі, праблемы прыватызацыі, саюзных дамоваў, увядзеньня ў Беларусі расейскага рубля, эўрапейскія пэрспэктывы Расеі й Беларусі.

Пазыцыя прадстаўнікоў Беларусі была адназначная ў пытаньнях незалежнасьці краіны і ў тым, што «саюзныя пагадненьні ня маюць пад сабой легітымнай базы», адзначыў В.Вячорка. Больш падрабязна выказаныя за круглым сталом думкі бакі дамовіліся не цытаваць.

Паводле словаў Вацлава Арэшкі, адказнага ў БНФ за PR-кампаніі, факт сустрэчы — гэта «прарыў абодвух бакоў ва ўспрыманьні адзін аднаго. Расейская эліта пабачыла ў беларускіх палітыках нацыянальнага кірунку сілу, якая будзе ўплываць на сытуацыю ў краіне пасьля зьменаў. А тое, што зьмены будуць, расейскімі палітыкамі ня ставіцца пад сумнеў».

Праведзеную сустрэчу можна разглядаць як «псыхалягічны ціск» расейцаў на Лукашэнку. На думку палітоляга Валера Карбалевіча, «Крэмль спрабуе шукаць у Беларусі альтэрнатыўныя палітычныя сілы і ня хоча складаць усе яйкі ў адзін кошык. Гэта, магчыма, і спосаб ціску на Лукашэнку, каб атрымаць ад яго саступкі ў пытаньнях з расейскім рублём і прыватызацыяй «Белтрансгазу».

У такім разе гэта таксама прызнаньне абмежаванасьці магчымасьцяў Масквы ўплываць на Лукашэнку. Масква перастае рабіць выгляд, нібы «беларускае пытаньне» можна вырашыць па-мураўёўску. Дэмакратычная ж апазыцыя перастае дзейнічаць так, нібы Масква ніяк не ўплывае на беларускі палітычны працэс.

АлШ, МБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0