Журналіст радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў перамог у шоў-гульні тэлеканалу ОРТ «Слабае зьвяно».

Запіс пакажуць у лістападзе. Тады ж на рахунак пераможцы перавядуць прыз — 1500 даляраў. Віталь Цыганкоў дзеліцца ўражаньнямі з карэспандэнтам «НН». Сярод некалькіх праграмаў, на якія я спрабаваў датэлефанавацца, менавіта з гэтай удалося зьвязацца раней за іншыя. Тэлефон «Кто хочет стать миллионером» зь Беларусі ўвогуле не набіраецца (на сайце мне параілі тэлефанаваць з Масквы). Перадача «Народ против» сканала, а ў «Своей игры» адбор яшчэ ня хутка. Я датэлефанаваўся, у мяне ўзялі каардынаты і, зьвязаўшыся пасьля, задалі ў спрынтэрскім тэмпе сорак пытаньняў. Яны былі на розныя тэмы: спорт, геаграфія, мэдыцына і г.д. Супраць якой краіны ЗША ўвялі санкцыі ў 1962 г.? Як называецца сардэчная мышца? Якая зборная перамагла на чэмпіянаце Эўропы па футболе ў 2000-м? Як называецца балет, галоўная гераіня якога носіць імя Адэта? Праверце сябе: Куба, міякард, Францыя, «Лебядзінае возера». Я не адказаў пра міякард.

З тых сарака пытаньняў мне найбольш запомнілася «літаратурнае». Як называецца верш, што чытаецца аднолькава зьлева направа і справа налева? Я адказаў адразу: «паліндром», і ў слухаўцы ўзьнікла паўза, каардынатар праграмы як бы адзначыў сабе: «Угу, на гэтае пытаньне мала хто адказвае». А я якраз надоечы гартаў анталёгію беларускай паэзіі «Краса і сіла» і захапляўся паліндромнымі экспэрымэнтамі Віктара Жыбуля.

Каб прыйсьці на такую праграму, трэба быць дастаткова авантурнай асобай. Невыпадкова ў шоў часьцей за ўсё ўдзельнічаюць людзі, для якіх галоўнае — засьвяціцца ў тэлевізары. Ня кожны журналіст, грамадзкі дзяяч ці палітык рызыкне прыйсьці на праграму, дзе можна зьняславіць свой сьветлы інтэлектуальны імідж вылетам у першым туры.

Раўнды запісваюцца асобна, з 15-хвіліннымі цягучымі перапынкамі. Выбар «слабага зьвяна» адбываецца ня так, як «у тэлевізары». Да гульцоў па чарзе падыходзіць асыстэнтка, і мы шэпчам ёй на вуха імя няўдачніка, які нас пакіне на радасьць астатнім. Пасьля таго як гэтае рашэньне ўжо ўнесенае ў кампутар, хвілінаў дзесяць для тэлекамэры мы вымушаныя маляваць гэтае імя на сваіх шыльдачках — таму тэлегледачы потым і бачаць на іх розныя кветачкі-елачкі.

Вось жа, і я хвілінаў дзесяць імітаваў для камэры працэс пакутлівага прыняцьця рашэньня. Раптам за некалькі сэкундаў перад тым, як падняць шыльдачку, убачыў, што напісаў імя «Алла» па-беларуску — «АЛА». Хуценька схапіўшы гэтую таблічку (а напісанага там ужо не сатрэш), дапісаў яшчэ адно «А», і выйшла нейкая «АЛАА».

Мне пашанцавала трапіць у самую сярэдзіну гульцоў. У нашай «восемцы» красамоўна спрацавала «калектыўнае бесьсьвядомае»: спачатку выкідалі тых, хто стаяў «з краю». А я быў у цэнтры. Паводзіўся разьняволена, жартаваў, галасаваў толькі супраць аб’ектыўна самых слабых. Мая жонка Воля была ў залі. Яна кажа, што выкінутыя ў першых турах гульцы «хварэлі» за мяне. Да таго ж спачатку я адказваў ня вельмі добра і не выглядаў самым разумным і небясьпечным. А потым адкрылася другое дыханьне, дый пытаньні пайшлі «літаратурна-гістарычна-мастацкія», і апошнія тры туры я быў «моцным зьвяном».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0