Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў лічыць 12 кастрычніка 2008 года найбольш аптымальнай датай для правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра гэта заявіў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Ён зазначыў, што парламенцкія выбары павінны быць прызначаны не пазней чым за чатыры месяцы да дня заканчэння паўнамоцтваў цяперашняга склікання парламента (15 лістапада 2008 года). Паводле слоў М.Лазавіка, апошняя магчымая дата правядзення выбараў — 15 кастрычніка 2008 года. «Паколькі гэты дзень з’яўляецца працоўным, а найбліжэйшая да яго нядзеля — 12 кастрычніка, то гэтая дата, хутчэй за ўсё, і будзе прапанавана Цэнтрвыбаркамам прэзідэнту для прызначэння чарговых выбараў у Палату прадстаўнікоў», — патлумачыў сакратар ЦВК.

Паводле слоў М.Лазавіка, кастрычнік — цалкам прыдатны час для правядзення выбарчай кампаніі. «Мы ўжо ўпэўніліся, што восень з’яўляецца найбольш зручным, аптымальным з арганізацыйнага пункту гледжання часам правядзення выбараў», — дадаў ён.

Сяргей Валянцінаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0