У аўторак у невялічкім (усяго на 50 месцаў), але вельмі ўтульным менскім клюбе «Графіці» можна было пакаштаваць адразу два рэдкія напоі — кумыс і крамбамбулю. Шкада, «Крамбамбуля» была толькі музычная — Вольскі і кампанія ўпершыню гралі ў Менску песьні з альбому «Каралі раёну». А вось кумыс быў сапраўдны, арганізатары адшукалі напой аж пад Баранавічамі.
Прывезьлі некалькі скрыняў, каб зрабіць канцэрт весялейшым. У сваіх чаканьнях яны не падмануліся, хоць алькаголю ў кумысе — як у піве.
Вольскі паміж песьнямі распавядаў гісторыі пра кумыс (Лявон паўночы сядзеў у Інтэрнэце — рыхтаваўся). Гледачы дазналіся, што кумыс у сваіх нататках згадваў яшчэ Герадот, а каханка Леніна Інэса Арманд, калі была ў высылцы, лекавалася з дапамогай гэтага напою...
«Каралі раёну» былі ня ў поўным складзе — адсутнічаў Сяргей Міхалок. Вольскі сьпяваў разам з Кулінковічам. Еднасьць з «заляй» настала літаральна праз адну-дзьве песьні, бо ўсе былі пэўныя, што безалькагольнае піва не для іх. Калі Кулінковіч сьпяваў «Марскога чалавека», ніхто не зварухнуўся: настолькі гэта было пранікнёна. Падчас выкананьня астатніх песень крыху затуманены кумысам лідэр «Нэйра Дзюбелю» хадзіў між столікамі ды заглядаў у вочы дзяўчатам.
Сяргей Будкін