Колькі будзе каштаваць газпромаўскі тавар? Інфармаваныя расейскія крыніцы ня маюць тут адзінства. Паводле «Коммерсанта», да канца гэтага году ў Беларусь будуць дапастаўленыя раней заплянаваныя 10,2 млрд кубікаў газу па цэнах «пятага поясу» Расеі (912 расейскіх руб. за тыс. куб.м). Да 1 студзеня 2004 г. застануцца ранейшымі для «Газпрому» і кошты транзыту празь Беларусь (у 2,5 разоў ніжэйшыя, чым ва Ўкраіне). Кошт паставак газу «Газпромам» у Беларусь у 2004 г. можа скласьці 50—55 даляраў за тыс. куб.м. Дадатковыя затраты беларускага бюджэту ў такім разе складуць 300—400 млн даляраў.

«Газпром» здаўся? Лукашэнка называў лічбу ў 120 мільёнаў даляраў, але гэта магчыма толькі пры кошце газу ў 42 даляры за тыс. кубоў пры нязьменнасьці адпаведных цэнаў «Ітэры». Праўда, «Известия» пацьвярджаюць, што «Газпром» «зьдьмуўся» і гатовы прадаваць газ па 40—45 даляраў за тыс. куб.м. «А ўсё таму, што да 2007 году альтэрнатывы прапампоўцы газу празь Беларусь «Газпром» ня мае. Дакладней, ёсьць — тая самая Ўкраіна, альтэрнатыву якой яшчэ нядаўна шукалі ў Беларусі».

Выдаткі могуць быць часткова кампэнсаваныя за кошт транзытных тарыфаў. Транзыт па газаправодзе Ямал—Эўропа цяпер прыносіць Беларусі 30 млн даляраў. Пасьля падвышэньня тарыфаў прыбыткі дзяржавы ўзрастуць да 75 млн даляраў у год.

Два мінулыя тыдні Беларусь ваявала з Расеяй. На шчасьце, толькі ў інфармацыйнай прасторы. Сыгналам да пачатку баявых дзеяньняў стала пасланьне Ўладзімера Пуціна. Той прапанаваў Лукашэнку зараз жа падпісаць пагадненьне аб выкарыстаньні расейскага рубля ў якасьці адзінага плацежнага сродку на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка не сьпяшаўся пагадзіцца. У адказ — дэмарш «Газпрому».

У газэтах зьяўляюцца загалоўкі кшталту «Расея дала Лукашэнку тры тыдні», «Расея аб’явіла Беларусі газавую вайну». Друкуюцца лічбы, якія хвалююць абсалютную большасьць грамадзянаў краіны, — колькі будуць каштаваць жыльлёва-камунальныя паслугі пасьля рэзкага падвышэньня цэнаў на газ. Былы прэм’ер Вячаслаў Кебіч, вынаходнік інтэграцыйнае схемы датаваньня беларускае эканомікі, прадказвае крах беларускай прамысловасьці і радзіць шукаць паразуменьня з Расеяй. Міхаіл Марыніч, эканамічны гуру новае апазыцыі, наадварот, упэўнівае, што надышоў час Беларусі зьлезьці з «наркатычнай іголкі» — яе выратуюць толькі «новая эканамічная палітыка» ды «новае парадкаваньне дзяржавы».

Тым часам 6 верасьня прэм’ер Касьянаў выказаў «разуменьне» рашэньня «Газпрому» аб спыненьні льготных паставак газу ў Беларусь.

Аляксей Мілер, старшыня ААТ «Газпром», у інтэрвію праграме НТВ «Асабісты ўнёсак» робіць досыць рэзкія і катэгарычныя заявы: «Мы лічым, што працяг перамоваў немагчымы. У нас прынцыпова рознае бачаньне прынцыпаў працы ў газавым бізнэсе. Адрозьненьні ў падыходах зьяўляюцца непераадольнымі... Мы ставім кропку. Усё! Мы разышліся. У нас розныя бачаньні». Тэлекамэнтатар працягвае: «У суботу беларускі ўрад распачаў шантаж Масквы». Маецца на ўвазе заява міністра эканомікі Андрэя Кабякова, які нагадаў расейцам, што транзыт газу ў Эўропу празь Беларусь пакуль абыходзіцца «Газпрому» ў 2,5 разу таньней, як праз Украіну.

Нечакана 13 верасьня прэм’ер Касьянаў адмаўляецца ад свайго ранейшага меркаваньня і прапануе «гаспадарчым суб’ектам» адумацца.

Аляксандар Лукашэнка адказаў на расейскі ціск не на прэсавай канфэрэнцыі, а падчас чарговага «культурнага мерапрыемства». Пасьля ўрачыстае пасадкі дрэва каля будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі Лукашэнка пракамэнтаваў і сытуацыю з расейскім газам. Лукашэнка раздражнёны, усхваляваны: наперадзе яго чакаюць цяжкія перамовы з расейскім прэзыдэнтам. Але ён з усіх сілаў хавае ад народу слабасьць сваёй пазыцыі: «Нас усё палохаюць Расеяй. Што «мы цэны на газ падымем» і г.д. І ўсё гэта абыдзецца прыблізна ў 120 млн даляраў. Для нашай краіны 120 мільёнаў даляраў... нават і няма чаго гаварыць пра гэту цану. Але вы павінны разумець, што гэта грошы. І эканоміць давядзецца. Пачынаючы ад вокнаў пры падрыхтоўцы да зімы, каб ня плакалі пасьля на тэлебачаньні з кожнага экрана: «Ах, у нас тут вось холадна». Хочаце, каб было цёпла, зрабіце хоць тое, што ад вас залежыць. Вы павінны разумець, што толькі мы сваёй працай, як бы мы ні плакалі, можам забясьпечыць свой дабрабыт». І дадае: «Беларускі народ ня будзе анучай у чужым боце».

З наступных выпускаў навінаў гэтае выказваньне старанна выражуць. Затое камэнтатары БТ патлумачаць сытуацыю больш разгорнута: «Газавы кран ужо стаўся галоўным аргумэнтам расейскай замежнай палітыкі. Летась яго закручвалі дзеля нежаданьня Беларусі ўліцца ў Расею сямю губернямі, сёлета — за прынцыповую пазыцыю нашай краіны не распрадаваць дзяржмаёмасьць «па дзяшоўцы». Абодва разы газавы шантаж саюзьніка пачынаўся самым цынічным чынам — напярэдадні зімы... Беларусі на відавочна непрымальных умовах прапанавалі ўвесьці рубель. Калі Беларусь адхіліла гэтыя прапановы, нам адключылі газ. Хацелі ашчасьлівіць рублём, адкруціўшы галаву. Сваімі дзеяньнямі Расея паказала, што ня хоча саюзу зь Беларусяй».

…Верасень, Сочы, аксамітны сэзон. Джордж Буш-старэйшы, Пуцін, Лукашэнка. Першыя два, напэўна, гавораць пра нешта, зьвязанае з купляй «Шэўронам» чвэрці акцый «ЮКАСу». Другія два — пра «Белтрансгаз». РТР, яшчэ не перакрытая «Беласпортам», наглядна дэманструе, як беларускія ўлады ўдвая «накручваюць» цэны на газ для беларускіх спажыўцоў. А Расея, нібыта, прапануе газ непасрэдна беларускім спажыўцам — без накрутак! Беларусы вядуць млявую контрпрапаганду. Чым скончыцца сочынскі ваяж Лукашэнкі, яшчэ няясна…

Пра зьмест прэзыдэнцкіх перамоваў, па-за агучанымі на прэсавай канфэрэнцыі зьвесткамі, вядома мала. Відавочна адно — беларускаму прэзыдэнту давялося выкручвацца. Якімі аргумэнтамі апраўдваў ён свае дзеяньні? Можна дапусьціць, што ў ход пайшлі звыклыя абяцаньні «саюзьніцкай вернасьці».

Ня выключана, што Лукашэнку прапанавалі адмовіцца ад падтрымкі антыпуцінскай апазыцыі. Бо на вельмі ж значныя саступкі пайшоў расейскі прэзыдэнт. «Газпром» атрымаў «рэкамэндацыю» аднавіць перамовы. У тых узаемаразьліках чорт нагу зломіць, — махнуў рукою цар Пуцін.

«Газпром» будзе пастаўляць нам газ за тую самую цану, што і Ўкраіне, але й плаціць Беларусі за транзыт. Відавочна, гэтаксама будуць вырашацца фінансавыя пытаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю расейскіх вайсковых аб’ектаў на нашай тэрыторыі, карыстаньнем чыгуначнымі і шасэйнымі камунікацыямі», — так прадказвае будучыню паводле вынікаў сочынскай сустрэчы «Советская Белоруссия». З гэтых настойліва-пагрозьлівых пералікаў вынікае, што лукашэнкаўцы яшчэ гандлююцца. Нешта хочуць атрымаць і нешта аддаць. У адваротных выпадках яны звычайна сядзяць і маўчаць.

Канчатковая ўкраінізацыя Беларусі зноў адкладзеная. Беларускі урад мае час, каб падрыхтавацца да сацыяльных катаклізмаў. Але калі пераход на сусьветныя цэны на газ сапраўды непазьбежны, тады стабільнасьць новае палітычнае і эканамічнае сытуацыі ў Беларусі будзе шмат у чым залежаць ад цеснаты беларуска-ўкраінскага партнэрства, здольнасьці ўрадаў вызначыць узаемапрымальныя цэны на транзыт газу й нафты і інтэнсіфікаваць міждзяржаўнае эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва. Дагэтуль Беларусь была своеасаблівым штрэйкбрэхерам у дачыненьнях з расейскімі кампаніямі. Пляны ж пабудовы расейскага газаправоду па дне Балтыйскага мора, які дазволіць пампаваць паліва ў Эўропу ў абыход Украіны й Беларусі, застаюцца прывіднымі.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0