— На бульбу даецца адгул, як і на пахаваньне родных, — паведаміў мне мой начальнік, калі я ўладкоўваўся на дзяржаўнае прадпрыемства ў Баранавічах. — Ніякіх заяваў за свой кошт пісаць ня трэба!

Нават прадпрымальнікі даюць дадатковыя адгулы сваім супрацоўнікам, каб тыя маглі выкапаць «другі хлеб». Паддатыя трактарысты з капалкамі швэндаюцца па калгасных палях, з надзеяй паглядаючы на людзкія дзялкі. Шараговыя калгасьнікі й «дачнікі» панукаюць коніка за плугам ці наагул шчыруюць з капачамі і драбцямі. Капаньне і пасадка бульбы ператварыліся ў рытуал, куды, як і на пахаваньне, зьбіраюцца найбліжэйшыя сваякі. Пасьля зьяўляецца нагода адсьвяткаваць дакопкі — добрая ж кампанія ўжо ёсьць. Пасядзець, пагутарыць, выпіць, забыцца пра будзёншчыну. Бульба і кампанія — вось чым жывуць людзі ў гэтыя восеньскія дзянькі. Адзін знаёмы нават прапаноўваў паставіць у Беларусі помнік бульбе — сымбалю надзеі й клопатаў кожнага чалавека, ратаўнічцы нацыі. Вялізны камень, падобны да бульбы, усталяваць на пастамэнце. Да тае «бульбіны» можна прычапіць мэталёвага калярадзкага жука — як сымбаль варожых падкопаў пад Беларушчыну.

Бульба сёлета ўрадзіла, але цэны на яе ў Баранавічах пакуль трымаюцца — 200 руб. за кілё. Хаця тыя, хто цягам году не займаўся пошукам гною, агорваньнем і крапленьнем жука, пакуль не сьпяшаюцца набываць яе ў зімовы запас. Спадзяюцца, што цана на бульбу ўпадзе хоць напалову. Вычэкваюць і тыя, у каго другі хлеб не ўрадзіў.

У мінулую нядзелю на плошчы Леніна, ля прыступак гарвыканкаму, распачаўся восеньскі кірмаш. Гандаль будзе трываць мо зь месяц — у залежнасьці ад надвор’я. На кірмашы сёлета мала яблыкаў. Перамерз увесну ўвесь цьвет, таму рэдкі шчасьлівец можа парадавацца якой антонаўцы. На варэньні ды кампоты давядзецца закупляць польскія яблыкі. Не пашчасьціць і выпівохам: «чарніла» з хіміяй цяпер будзе яшчэ больш... Тыя, у каго яблыкі сёлета ўрадзілі, прадаюць іх дорага — па 2000 руб. за кілё.

Грыбамі ў Баранавічах гандлююць ня толькі на кірмашы. З канца жніўня каля харчовых крамаў іх прадавалі дзеці. Цяпер стаяць старыя людзі: унукі ў школе. У пакуначках і на газэтах ляжаць збольшага чырвонагаловікі й белыя. Аднак людзі баяцца купляць, асабліва пасьля таго, як у горадзе грыбамі атруцілася малая дзяўчынка. Акрамя грыбоў, «зь зямлі» прадаюць кукурузу, што таксама добра ўрадзіла сёлета. Яна карыстаецца попытам, хоць і папярэджвае санстанцыя ў газэтах, каб не куплялі варанай кукурузы і грыбоў з рук. Але плынь «кантрабанды» не драбнее. Ажно старшыні калгасаў скардзяцца на жыхароў Баранавіч, што зьдзяйсьняюць набегі на прыгарадныя кукурузныя палі. Да ўсяго, кукуруза там расьце кармавая...

Гэтак паўтараецца штовосень: размовы, што ўрадзіла, а што не; хто дзе знайшоў каня; хто якую сабраў талаку капаць бульбу; колькі мяхоў саджалі, а колькі выкапалі; куды падзець лішкі. У гэткіх клопатах і праходзіць жыцьцё большасьці беларусаў, якое толькі зрэдку разнастаяць палітычныя кампаніі. Бульба & К° пакуль бліжэйшая, цікавейшая і больш зразумелая.

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0