На мінулым тыдні маё заўсёды скіраванае налева вока пачало крывіцца направа.Прычына касавокасьці — расейскія левыя, якія напярэдадні думскіх выбараў увайшлі ў арагенітальны кантакт з фашыстамі.

Вось «Партыя працы» А.Шэіна прыармянілася да блёку Глазьева. У першай тройцы перадвыбарчага глазьеўскага картэлю стаіць той самы Бабурын, які завабіў францускага нэанацыста Лё Пэна ў Сібір на магілку Калчака, каб разам узгадаць нявінную ахвяру пархатага бальшавізму. Шэін каапэрацыю з фашнёй апраўдвае тым, што Глазьеў даў яму два месцы ў фэдэральным сьпісе. Між тым высьветлілася, што шэінскі намесьнік Храмаў гэтыя месцы ўжо прадаў. Пачаўся скандал, які скончыўся «сплітам» — на палітжаргоне «раскол». Адкольнікі запісаліся да Паўла Барадзіна, якому патрапіць у Думу таксама дапамагаюць жыдаедзкія партыі — «За Русь Сьвятую» і «За Сьвятую Русь».

Беларускія левыя на фоне расейскіх калегаў выглядаюць проста паінькамі-эўракамуністамі, клонамі Карла Бэрлінгуэра і Жоржа Маршэ.

На мінулым тыдні Калякін, Бухвостаў і Шушкевіч падпісаліся пад леваўгоднай справай адзінай дэмакратычнай апазыцыі. Статкевіч корчыць цэлку, аднак, відавочна, не таму, што яго казыча ідэя запрасіць у Беларусь Гайдэра і ўшанаваць памяць укакошаных тут салдатаў Вэрмахту.

Як бачым, паміж ідэйнымі прыярытэтамі расейскіх і беларускіх левых — гранд-каньён. Гэта мімаволі ўмацоўвае любімы тэзыс правых аб тым, што ніякіх унівэрсальных чалавечых катэгорыяў не існуе, затое існуюць варожыя цывілізацыі, напрыклад азіяцкая і эўрапейская. Францьер паміж імі праходзіць па залі буфэту на станцыі «Чырвоная» (перагон Ворша—Смаленск).

Калі гэта так, то мне застаецца толькі расьпісацца ў сваей ідэйнай канфузіі, зачыніць «Левым вокам» і пайсьці разам з скінамі шукаць хачэй. Ідэйнае выратаваньне я знайшоў у клясыка, у «Тэзысах аб Фаербаху». Маркс піша, што ніякай «чыстай думкі» не існуе. Праілюструю гэта на прыкладзе. У свой час на радыё «Стыль» ды-джэй, адказваючы на пытаньне, чым левыя адрозьніваюцца ад правых, сказаў: «Левыя дрочаць левай рукой, а правыя — правай».

На самай справе, відавочна, дрочаць чым заўгодна, толькі б атрымаць свой сатысфэкшн. Гэтак і ў палітыцы: левыя, правыя сымпатыі выкліканыя апэтытамі людзей, як правіла матэрыяльнымі.

У адрозьненьне ад Расеі, дзе сваіх спонсараў акіян, для нашых левых (як, дарэчы, і правых) адзіным месцам разводкі зьяўляецца Эўропа. Даводзіцца прымаць і яе забабоны кшталту легалізацыі марыхуаны або сэксуальнага пакту.

Пры ўсім пазытыве тут ёсьць нэгатыўны аспэкт. Сэртыфікат ляяльнасьці эўрапейскім левым пагражае фармалізацыяй левага руху. Народ наўрад ці прасячэ разгон пра правы жывёлаў і зноў аддасьць голас за бацьку.

Барацьба з фармалізмам у левых павінна стаяць на другім месцы пасьля барацьбы з пустазельлем сталінскай левай традыцыі. Творча адаптаваць эўрапейскую паліткультуру нам дапаможа фантазія ў выбары мастацкіх сродкаў. Для пачатку прапаную правесьці адзіны дзень нечыстаты расы або замуціць ролевую гульню «Забойства Кубэ».

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0