У Лідзе Саюз палякаў мае двухпавярховы катэдж, пабудаваны ў сярэдзіне 90-х. Зь мясцовых беларускіх арганізацыяў толькі ў Таварыства беларускай мовы ёсьць маленькі, нерамантаваны пакойчык. У Баранавічах мясцовы «Клюб польскі» займае ўласны двухпавярховы дом у цэнтры гораду. Зь беларускіх арганізацый мае арандаваны пакойчык у гатэлі «Гарызонт» мясцовая філія Фонду братоў Луцкевічаў. Іншыя і таго ня маюць. Такія ж дыспрапорцыі ў дзясятку іншых заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак — тых «культурных мястэчак», зь якіх, у спадзяваньнях актывістаў беларускага руху і іхных дабрадзеяў, мелі распачацца нацыянальнае адраджэньне і рост грамадзянскай супольнасьці.

У Рэдакцыю «НН» прыйшоў чытач паходжаньнем з Івянца і прапанаваў напісаць пра Польскі Дом у яго на радзіме. Гэтак выйшла, што падрыхтоўка матэрыялу супала з прыездам праф.Пастусяка на адкрыцьцё помніка Міцкевічу ў Менску. Зьбег выпадковы, але высокі візыт непалітычнага характару — такога не было ад 1996 г. — быў насычаны перадусім сустрэчамі з прадстаўнікамі польскай меншасьці, што стварае адпаведны кантэкст для тэмы нашага сёньняшняга нумару (старонка 7).

У беларускай палітыцы Польшчы заўважныя дзьве лініі, спрошчана назавём іх лініяй Гедройца і лініяй эндэкаў. Прыярытэты, сфармуляваныя ў коле парыскай «Культуры», — гэта ўмацаваньне незалежных і добрасуседзкіх нацый у Беларусі, Літве і Польшчы. Польшчы ня трэба, каб Горадня, Вільня, Львоў былі польскімі, ёй важна, каб яны належалі сяброўскім — і моцным — дзяржавам, пры непарушных паваенных межах. Так разумеў польскія нацыянальныя інтарэсы народжаны ў Менску Ежы Гедройц. Лінія нацыянал-дэмакратаў прадугледжвае падтрымку «польскасьці» скрозь, дзе гэта магчыма, ды разглядае тутэйшых каталікоў як палякаў, а беларускі рух і беларускую дзяржаўнасьць — не як партнэра ці хаўрусьніка, а як канкурэнта і праціўніка.

Умацаваньне польскіх уплываў нават там, дзе гэта на шкоду беларускаму станаўленьню, — гэта супярэчнасьць з прынцыпамі кола «Культуры». Хоць на словах у польскай дыпляматыі дамінуе лінія Гедройца, у рэальных справах, як паказвае разбудова Дамоў польскіх з усёй іхнай дзейнасьцю, пераважае ўтапічная лінія эндэкаў.

Псыхалягічна такая сытуацыя моцна гняце беларускіх актывістаў.

Нацыяналізм асобных прадстаўнікоў польскае меншасьці — такіх, як кіраўнік Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі зь ягонай славутай ацэнкай колькасьці палякаў у Беларусі ў 1,5 млн (г.зн. працягам атаесамленьня каталіцкага веравызнаньня з польскай нацыянальнасьцю, нягледзячы на Купалу, Гадлеўскага, Пазьняка і нягледзячы на самавызначэньне людзей), — гэты нацыяналізм вялікіх статыстычных эфэктаў ня робіць, нават калі на тых жа пазыцыях стаіць пара дзясяткаў ксяндзоў-ірэдэнтыстаў.

Тым ня менш, пазыцыя Кручкоўскага — знаходка для антызаходне настроеных русафілаў. Для такіх, як Кручкоўскі, — беларусы ня нацыя. Нездарма за такія тэорыі яшчэ ў 1910 г. ухапіўся Саланевіч з чарнасоценцамі. Ім валей было, каб усе каталікі перарабіліся ў палякаў, а праваслаўныя — у расейцаў, чым каб каталікі і праваслаўныя разам усьведамлялі сябе беларусамі. Падзяляй і ўладар — пра тое пісала «НН» яшчэ 93 гады таму. Што лепш на руку русафілам, чым такое дзяленьне, пры якім зь беларускае нацыі адрынаецца яе заходняя складовая? Што лепш для іх, як ператварэньне каталікоў у іншых? Дык вось, гэтая пазыцыя знаходзіць падтрымку і за Бугам.

Пабудова больш чым дзясятка Польскіх дамоў не магла адбыцца без маўклівае санкцыі афіцыйнага Менску. Інвэстыцыі ў меншасьць не ўяўляюць палітычнае пагрозы для рэжыму, яны не нясуць таго патэнцыялу, які маюць інвэстыцыі ў большасьць. Гэтаксама рэжым церпіць разбудову габрэйскае інфраструктуры. Беларускага ж руху цяперашняя адміністрацыя баіцца як агню — забараняе Ліцэй, газэты, арганізацыі. Каб ліцэісты маглі зь дзяржаўнага будынку А перайсьці ў недзяржаўны будынак Б, не забаранялі б — разумелі б бессэнсоўнасьць такіх захадаў. (Думаю, пасьля гэтага прыкладу ня трэба тлумачыць, чаму я не разглядаю беларускую дзяржаўную ін-фраструктуру — музэі, школы і г.д. — як беларускую ў гэтым кантэксьце. На яе незалежнай беларускай супольнасьці няма як абаперціся.)

Івянец цяпер мае два касьцёлы з ухілам у пальшчызну, царкву з ухілам у расейшчыну, польскі дом культуры і расейскамоўную — вось ён, вынік небеларускае сьвядомасьці пры чысьцюткай беларускай мове ў побыце — школу. А беларускасьць па-ранейшаму перахоўваецца і гартуецца найбольш у хатах. Каб хоць адзін з элемэнтаў жыцьця мясцовае супольнасьці быў зьбеларушчаны, многае пайшло б інакш у мястэчку. Дастаткова параўнаць, колькі дзеячоў незалежнага грамадзтва і беларускай кульутры выйшла з Ракава, дзе школа ў савецкі час была беларускаю і цяпер застаецца такой, і колькі з Івянца.

Узьнімаючы гэтую праблему, газэта ні на кога не наракае, проста канстатуе горкія для беларускага руху факты.

Не віна Польшчы, і тым больш Саюзу палякаў Беларусі, што беларусы нічога ня маюць. Прашу клеўрэтаў не турбавацца: «Наша Ніва» ня з тых, каму для шчасьця трэба, каб сусед пагарэў. Нічыя не віна, але супольная бяда.

Стварэньне такіх асяродкаў, як Польскія дамы, праца зь мясцовымі супольнасьцямі — гэта ўзор для беларускага нацыянальнага руху. Каб пераняць гэты ўзор, патрэбныя грошы. Цяпер іх няма на пабудову нават аднаго, ня тое што шаснаццаці Беларускіх дамоў. Можна доўга пералічаць прычыны, чаму беларускі рух цяпер такі бедны. Аднак жа некалі лёс усьміхнецца й беларусам.

Вялікае сэрца мусіць мець тая нацыя, што дзеля падтрымкі культуры іншага народу, якой пагражае небясьпека, гатовая адрачыся падтрымкі свайго, але то была б сапраўды вялікая нацыя.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0