Увосень двары робяцца вясёлымі: у іх вяртаюцца дзеці. Зь летняга вясковага выраю. Або замежнага…

Назіраю, як яны цяпер захоплена малююць крэйдаю на чорнай стужцы новага асфальту пад вокнамі. Заўважыўшы блізка машыну — разьбягаюцца ва ўсе бакі! А яна коціцца няўмольна — па малюнках і нясе на шынах далей лёгкі каляровы пылок ад сьвежых дзіцячых крамзоляў. Гэта — ейная дарога, ейная прастора!.. Дзеці вяртаюцца. Малыя мастакі сядаюць на кукішкі, апускаюцца на калені і працягваюць бяскрыўдна маляваць далей — ствараць кожны свой сьветлы, ясны, гэткі «арганічны» твор. Проста пад сінім небам, сонцам. Гэта — іхны час!

Ля пад’ездаў абмяркоўваюць першыя школьныя праблемы дарослыя. Верасень заўсёды поўны слоўных баталіяў на гэтую тэму: новыя падручнікі, новыя настаўнікі, новая сыстэма адзнакаў. А дзеці?.. Яны заўсёды нейкія «вечныя» ля той дарогі. Можа, таму, што ў іх вялікія, шырока расплюшчаныя вочы — пільна глядзець вонкі, на ўвесь Белы сьвет?.. (У дарослых вочы маленькія, больш прыхаваныя ў чэрапе. Нібы асьцярожныя, ужо навучаныя ў школе жыцьця «разьведчыкі-шпіёны» на службе Асобе, індывідууму.)

Крэйда — асадкавая горная парода, мяккі белы вапняк, што ўключае ў сябе арганічныя рэчывы, абломкі ракавінак і рэшткі прасьцейшых жывёлаў, мінэралы. Можа, і нашая цывілізацыя — гарады, мястэчкі, вёскі, накрэсьленыя палі і дарогі — некаму звысоку падаецца толькі наіўнымі крамзолямі шурпатай крэйдай на чорнай стужцы ўтрамбаванага часу. Ліне моцны дождж-патоп — і змые іх. Назаўсёды… (А як падсохне — дзеці зноў вернуцца сюды: сьвятое месца пустым не бывае.)

Я заўважыла, што сёньня дзіцячыя малюнкі крэйдаю сталі схематычнымі і падобнымі да тэхналягічных схемаў ды выяваў на дысплэі кампутара. Такой бяды! Абы малюнкі крэйдаю не ператварыліся ў малюнкі крыўдаю.

Дзіўна, што на ноч гэтае багацьце кідаюць без належнага дагляду, адно на міласьць Прыроды.

Людка Сільнова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0