Калі б да нас у дзясятых днях кастрычніка завіталі іншаплянэтнікі, то мусова назвалі б аб’ект сваіх назіраньняў плянэтай Дождж. Навальны, амаль несупынны дождж апанаваў Гомель. Ён стаў найлепшым кантралёрам добраўпарадкаванасьці гарадзкіх дарогаў і дамоў. Панаваньне вады.

Ня толькі ў калюгах і выбоінах, але і проста на асфальце, які даўно кладуць у такі файны спосаб, што зьнікнуць вільгаці зь яго бывае дужа складана. Пагатоў колькасьць ліўнёвак неверагодна скарацілася. Вось і застаецца спадзявацца на сонца.

А ў дамох, асабліва шматпавярховых, апошнія дажджы наагул страху нарабілі. Цячэ практычна на любым паверсе — з падваконьняў і сьценаў. Вада знаходзіць найменшыя недаробкі нядбалых будаўнікоў. Зьяўляецца цьвіль, зь якой людзі змагаюцца як могуць. Адны цьвердзяць, што супраць гэтага насланьня дапамагае марганцоўка, іншыя прапануюць апрацоўваць зацьвілыя сьцены фармалінам. Бросьню, можа, і пераможаш, але як перамагчы расколіны, што йдуць праз цалюткі шаснаццаціпавярховік? Жанчыны плачуць.

Між тым мас-мэдыя гавораць нам пра “Чыстае неба” на суседняй Берасьцейшчыне. Вучэньні з удзелам звольненых у запас. Практыка ўзаемадзеяньня цывільных і вайсковых органаў на выпадак вайны. Прывядзеньне гарнізонаў у баявую гатовасьць. Слухаеш і дзівуешся ўсёй гэнай бравадзе. Ты ў прынцыпе за моцную беларускую армію, але навошта нам савецкі цырк? Адзін знаёмец, што нядаўна прыйшоў на “дэмбэль”, увогуле зьбянтэжыў. Апошні год ім даўдонілі пра зусім іншую тактыку вайны ў беларускіх умовах. Ніякіх разгортваньняў вайсковых часьцей — у кожны раён гораду, як на той восеньскі кірмаш, мусіць прыбыць колькі КамАЗаў, наладаваных “калашамі” і боезапасамі да іх. Дабро гэта раздадуць на рукі жыхарам. I ўсё. Як прыходзілі к нам партызаны...

Што да берасьцейскіх манэўраў, дык вельмі цікавіць роля ў іх унутраных войскаў. Галоўная іх задача ў выпадку ваенных дзеяньняў — вывад зьняволеных у глыбокі тыл альбо расстрэл, калі магчымасьці для вываду ня будзе. Вось такія вясёлыя карцінкі. Сьмяшнейшыя нават за тое, што Дзень настаўніка сёлета лоб аб лоб сутыкнуўся з Днём абароны жывёлаў.

Сяргей Балахонаў, Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0