На Пакроў Багародзіцы ў Вялейцы ў Залі выставаў урачыстай імпрэзаю адкрылася экспазыцыя твораў Алеся Пушкіна. Уласна, вялейскі дзень пачаўся для мастака зь літургіі ў тутэйшай царкве.Халодны й цёмны імжысты быў вечар за акном, а на выставе — поўна гасьцей. Журналісты й мытнікі, бізнэсоўцы й чынавенства, мэдыкі й музэйшчыкі зь Вялейкі, Маладэчна, зь Мядзельшчыны й Астравеччыны сабраліся тут.Выпадковым мінакам звонку, далібог, магло падацца, што ў залі адбываецца сямейная ўрачыстасьць. Нязмушаная гамана, жарты, кветкі, музыка. Дзеці з бацькамі... У сьвяточных уборах. Акурат на той самы дзень прыпала сёлета сьвяткаваньне Дня маці.

Партрэт маці, напісаны Алесем Пушкіным яшчэ ў 80-я, адкрывае выставу. Пад ім — цьмяны шэры фатаздымак савецкага жаўнера, з мудрагелістымі арабэскамі подпісу. Гэтак даверліва й далікатна мастак уводзіць нас у свой рэальны сьвет, знаёмячы з уласным жыцьцяпісам. Так, гэты худзюшчы салдацік з аўганскага фота — сам Пушкін. А маці ягоная — гэтая простая кабета ў колазвароце хатніх клопатаў, у балючых турботах і неспакоі за свайго сына.

Побач — славутае палатно «Лёс майго бацькі», цэлая прыпавесьць пра жыцьцё беларуса ХХ стагодзьдзя. Бруд, кроў, пот.

Паміж партрэтамі маці й бацькі — аўтапартрэт «Пленэр у Беларусі», напісаны ў 2000 г. Гулівэр у рамантычным уборы, вакол якога ўвіхаецца стафаж з маленькіх чалавечкаў — міліцыянтаў, пажарных, разявак. Ад пачатку экспазыцыя пабудаваная гэткім чынам, што перад гледачом мастак паўстае як прыватная асоба з канкрэтнай чалавечай біяграфіяй.

Да гэтых трох твораў сэнсава далучаецца й «Нараджэньне вясны» — вялікае палатно, прысьвечанае віцебскаму пэрыяду ў жыцьці й творчасьці Пушкіна. Нараджэньне маленькае дзяўчынкі ў праменьні сьвятла, цеплыні й дабрыні. Вакол яе мандорлы — каляж з архітэктуры й архітэктонаў, партрэтаў сяброў і паплечнікаў. Успамін пра самыя цікавыя й радасныя часы свабоды й незалежнасьці.

У наступнай частцы выставы — лірычныя натурморты з элемэнтамі пэйзажу. Цалкам зразумелыя й аптымістычныя. Пукаты бляск шклянога посуду, бярозаў, пладоў і капяжу. Толькі ў адным з натурмортаў, нібы літаральным перакладам з францускае, гучыць расстрэльны залп. Там далёка, у вербалозе ля ракі. Гэтая падказка падрыхтоўвае гледача да цэнтральнае часткі экспазыцыі, дзе згрупаваныя палотны грамадзка-палітычнага зьместу, своеасаблівыя плякаты для сябе, як вузельчыкі на ўспамін, — «Пад расейскімі ботамі», «Чырвоны замок», «Страта». Але гэтыя дыдактычныя, апавядальныя творы — ня ўвесь Пушкін. Абапал — інтымныя партрэты сяброў і сябровак, прасьцяцкія пэйзажы, без прэтэнзіяў на штосьці большае, чым уласна пэйзажы, і нават далікатна напісаны ў іканапіснай манеры партрэт Сьвятое Дабравернае князёўны Сафіі Слуцкай.

Гледачы на ўласныя вочы атрымалі магчымасьць пераканацца, што фрэскі ў Магілёўскай катэдры й росьпісы ў Баброўскай царкве — маштабныя рэлігійныя творы, зробленыя ў найлепшых нацыянальных традыцыях. І хваравіты ажыятаж вакол іх зусім марны, прадыктаваны адно выкрутасамі «генэральнае лініі» ўладаў, што стварылі атмасфэру «асобнага меркаваньня». Але мінае час, і ўжо дапытлівыя гледачы пытаюцца ў мастака, што ж гэта за сюжэт і што за пэрсоны выяўленыя ў купале касьцельнае капліцы. Але й пасьля падрабязнага тлумачэньня яны паціскаюць плячыма й ня могуць зразумець, зь якое такое нагоды гэты выбітны твор найноўшага беларускага мастацтва па-ранейшаму завешаны радном ад вачэй людзкіх.

Многія творы Алеся Пушкіна ўжо зажылі ўласным жыцьцём, незалежным ад стваральніка. Так адбылося з жывапісам у памянёных бажніцах. Тое ж стала з абразом Сьвятога Язапата Кунцэвіча ў Полацку, перад якім цяпер моляцца мніхі-ўніяты й паглядзець які шчасьціць цяпер ня кожнаму. Гэтаксама, нат ня ведаючы імя мастака, вернікі моляцца сярод ягоных вітражоў у касьцёле Яна Хрысьціцеля, што ў менскай Серабранцы.

Гэтак сталася й з тым самым сьцягам, палатном «Зь мінуўшчыны», што мастак напісаў сваёй уласнай крывёю. Некалі гэтае скрываўленае палатно торгала за самыя нэрвы, вярэдзіла простыя маторныя пачуцьці, як рэфлексія на вонкавую зьмену палітычных абставінаў. Неяк зацерлася ў памяці, што гэты твор быў створаны ажно ў 1989 г. Сёньня нат самы шчыры глядач не дае веры, што гэта й насамрэч кроў. Рыхтык як Тамаш-нявернік... Хоць ты дазволь ім залезьці пальцамі ў цёплую рану.

Але й мастак сёньня сам спакойна глядзіць на сваю даўно запеклую кроў. А асабліва цікаўным можа й распавесьці тэхналёгію гэткага жывапісу. Зьмянілася багата чаго і ў самога мастака, і ў ягонай краіне. Нязьменным застаўся сэнс ягонага крывавага прычасьця, што ён прапанаваў супляменьнікам: каб перамагчы ворагаў, найперш трэба перамагчы ўласную слабасьць.

Палатно «Зь мінуўшчыны» таксама экспануецца гэтымі днямі ў Вялейцы. Яно ўключанае ў асобны сэгмэнт выставы, што ўдала склаўся ў суседняй, меншай залі. Тамака ж экспануецца нізка «Беларускі рэзыстанс», а таксама твор «Памяці змагароў», прысьвечаны героям паўстаньня 1863 г. Замест фарбаў Пушкін разьмясьціў на палатне... каменьне, што цьмяна й халодна блішчыць у штучным сьвятле маленькае залі. Усе гэтыя творы аб’яднаныя адным падставовым камэртонам — ахвярнай крывёю. Для падтрыманьня гэтае ідэі былі разьвешаныя нават «скрываўленыя» бялюткія бінты. У іх спавівах чыталіся руны, якімі напісанае палатно нашага нацыянальнага сьцягу. Заключная частка экспазыцыі ўяўляе сабою аўтарыю памяці палеглых за Беларусь.

На гэтай вялікай выставе Пушкін прадэманстраваў усе этапы свае творчасьці ад сярэдзіны 80-х да сёньня. Тут ёсьць і філігранны, сухавата-графічны жывапіс, і сакавіты малюнак каляровым алоўкам, і элемэнты інсталяцыяў, і элегічныя пэйзажы ў духу нэапрымітывізму. Побач — тонкія кампіляцыі ў гістарычных стылях і ўдарныя паводле сваёй экспрэсіі карціны-плякаты.

Але найперш на імпрэзе адкрыцьця перад публікаю зьявіўся сам Пушкін. Не бажавольны прарок у вярыгах і не зухаваты правакатар у ботах, а маэстра ў навюткім смокінгу зь ядвабным мятлікам брусьнічнага колеру. Ягоная годнасьць і ўпэўненасьць, відаць, былі найбольшым адкрыцьцём для людзей, што звыкла давалі гэтаму творцу ацэнку паводле «мэдыйнага» іміджу. Гэтак у непасрэднай гутарцы з самымі рознымі людзьмі нараджаўся новы вобраз Аляксандра Пушкіна.

Пушкін дакладна ведае, што робіць і навошта. Ён — адназначна цэласная асоба й мастак зь вялікім творчым даробкам. Нехта з усяго запомніць на ўсё жыцьцё адно ягоную каламашку гною для Лукашэнкі, а нехта — сьветлыя воблікі ягоных сьвятых, нехта паківае галавою перад бела-крывавай «...Мінуўшчынай», а нехта ўпершыню даведаецца пра земляка Янку Філістовіча, родам зь Вялейшчыны. Кожнаму сваё.

Гэтая выстава — самы буйны праект мастака апошніх гадоў, разьмешчаны ў найлепшай залі Вялейкі, — стала магчымаю дзякуючы высілкам сяброў мастака, сям’і вялейскіх дактароў Ірыны й Мікалая Сьцебуракаў, загадчыцы Залі імя Сільвановіча Валянціны Лапко, дырэктаркі Вялейскага музэю Вольгі Коласавай, але найперш Алеся Юркойця, краязнаўца й грамадзкага дзеяча, які здолеў зьвесьці гэтых людзей разам. Улады не заміналі. А людзі спрыялі. Тое, што цяпер немагчыма ў Менску, цалкам магчыма ў іншых месцах па ўсёй Беларусі. Выглядае, што й сярод сёньняшняе палітычнае твані ёсьць месцы, дзе мы можам паціснуць адно аднаму рукі.

А Віленшчына, у гонар якое Алесь Пушкін намаляваў быў свой абраз «Маці Божае Вастрабрамскае», ізноў чакае яго. Гэтымі выходнымі яго будуць вітаць сябры на Астравеччыне. Тамака завяршаюцца ўрачыстасьці, прысьвечаныя памяці Янкі Быліны. Да 130-годзьдзя гэтага выбітнага дзеяча Беларушчыны, паэта й ксяндза ўлетку тамака адбыўся вялікі пленэр, вынікам якога стала й выстава, што праходзіць гэтымі днямі ў Астраўцы. Менавіта партрэт Янкі Быліны й ёсьць самым новым творам Алеся Пушкіна. А цяпер мастака чакае новая праца — узнаўленьне абразоў у старасьвецкім касьцёле, што ў Міхалішках над Вяльлёю. Выглядае, віленскі пэрыяд Пушкіна працягваецца.

Сяргей Харэўскі,Вялейка—Менск.

Фота Сяргея Глобы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0