Пісаць post factum пра пятнаццацігодзьдзе БНФ было б ня варта, калі б не артыкул Паўла Севярынца ў папярэднім нумары «НН».

І гэта само па сабе пазначае ролю згаданай арганізацыі (дакладней, арганізацыяў) у жыцьці Беларусі. Рэшту дагаворвае Павал у сваім, не пабаімся гэтага слова, апостальскім паводле духу, пасланьні. Недарэмная і назва «Адраджэньне Фронту»: ня ўсе яшчэ забыліся, што сам Фронт колісь атрымаў найменьне са словам Адраджэньне.

Цяжка зразумець энтузіязм чалавека, які наважыўся ў трыццаты раз тым самым спосабам пераскокваць сьцяну, хаця дваццаць дзевяць разоў пераскочыць ня здолеў. У артыкуле — ніводнае новае канцэпццыі, пры канцы — сакрамэнтальная фраза: «Гэта капітальны шанец». Колькі трэба зглумленых шанцаў, каб нехта з скакуноў пайшоў па лесьвіцу?

Асабіста я не сумняюся, што справа нацыянальнага адраджэньня — справядлівая і слушная, але дакуль на гэтай бясспрэчнай тэзе будзе грунтавацца нядбайнае стаўленьне да сродкаў змаганьня? Колькі было ўжо чарадзейных палачак: амэрыканскі «Акт аб дэмакратыі», адзіны кандыдат, хрысьціяне, грамадзянства БНР, альтэрнатыўныя выбары, моладзь, парлямэнцкая апазыцыя... Шмат чаго ўжо і не згадаеш. Але варта згадаць тое, чаго ніколі не было: уласны друкаваны орган, актуальная эканамічная праграма, станоўчая прысутнасьць у мэдыях. БНФ не навучыўся гаварыць на мове, зразумелай дырэктару ці галоўнаму інжынэру, дый нават больш паспалітаму чалавеку таксама. Колькі высільваюцца палітыкі ў пошуку новых тэхналёгій, а «не здагадаюцца» зрабіць тэлефонны наступ на інтэрактыўныя радыёпраграмы: хаця б патэлефанаваць разоў ...наццаць і замовіць у жывым этэры добрую беларускую музыку (ужо не кажу пра перадачы больш сур’ёзнага зьместу).

Галоўная праблема кіраўнікоў Фронту ды іншых апазыцыйных арганізацыяў — ня ў тым, як пераканаць народ. Гэтага яны напэўна зрабіць сёньня ня ў стане, і палымяная мара Паўла Севярынца «нанесьці рэжыму поўную псыхалягічную паразу: «Краіна за нас!» — застаецца на ягоным сумленьні. Праблема ў тым, каб зноў мабілізаваць актывістаў на шэраг важкіх палітычных кампаній, пераканаць іх, што гэтым разам лідэры партыяў — прэтэндэнты на кіраваньне краінай — сапраўды маюць «пераможную стратэгію».

Падмануць народ можа толькі ўлада: у яе ёсьць моц, якая робіць немагчымым пярэчаньне нават відавочнаму падману. Дарэчы, улада ня надта злоўжывае гэтай магчымасьцю — шмат робіць звычка людзей не спрачацца з начальствам. Апазыцыя можа пераконваць, і перш за ўсё яна павінна давесьці, што ведае, што і навошта яна робіць. А зрабіць гэта, гаворачы адно пра кааліцыі ды канфігурацыі, немагчыма, заступаць перакананьне бурапенным апостальскім энтузіязмам таксама бессэнсоўна. Гэтак ужо спрабавалі — пятнаццаць гадоў.

Краінай шляхам выбараў не кіруюць, посьпех у першым не абумоўлівае посьпеху ў наступным. І калі хто мае амбіцыю менавіта кіраваць краінай, яму варта ўжо сёньня задумацца, што ён мае намер рабіць паміж выбарчымі кампаніямі. Абвесьціць пра гэта варта ўжо сёньня (то бок варта было пазаўчора), не чакаючы сыгналу ад спн.Ярмошынай. Здаровая амбіцыя самім вызначаць лёс сваёй краіны ня можа да мілімэтра рэглямэнтавацца Цэнтравыбаркамам, а менавіта гэткую амбіцыю закліканы рэпрэзэнтаваць Фронт. І дзеля яе нацыянальна-дэмакратычныя ідэі, якія ён увасабляе, заўсёды маюць падтрымку прынамсі 20—30% электарату.

Спробы стварэньня ценявога ўраду даўно належаць гісторыі, але на мой погляд, гэта той арыенцір, якім трэ было б кіравацца сёньня, і дарма пра існаваньне ЦУ ня згадваецца, поруч з Курапатамі, Чарнобыльскім шляхам і парлямэнцкім лабіяваньнем ідэі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, якія традыцыйна адносяць да дасягненьняў Фронту. Фармаваньне такога ўраду не супярэчыць спрадвечнай любасьці палітыкаў да кааліцыяў і канфігурацыяў, альянсаў і хаўрусаў. Аднак маецца істотнае адрозьненьне: ценявы ўрад, альтэрнатыўны бюджэт, паралельная заканатворчасьць не прывязаныя жорстка да выбарчага календара.

Сталае выяўленьне аргумэнтаванай пазыцыі па ўсім шэрагу пытаньняў дзяржаўнае палітыкі нельга заступіць анічым. Бо трэба пераканаць і актывіста, і выбаршчыка, што апазыцыйныя лідэры ня чыстыя палітыканы, гатовыя адстойваць абстрактныя палітычныя і эканамічныя прынцыпы, а людзі, якія ведаюць, як трэба кіраваць краінай.

Аляксандар Карольчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0