Прыколы ад «левай» партыі БСДП (НГ) напружваюць ня менш за забабоны Менгарвыканкаму, што забараняе продaж піва напярэдадні футбольных сустрэчаў.

14 кастрычніка Выканаўчае бюро БСДП (НГ) прыняло ноту пратэсту супраць прыватызацыі «Белтрансгазу». Вось адна з прычынаў: «Пасьля пераходу Беларусі на эўрапейскія стандарты ўзьнікне пытаньне аб рэстытуцыйных кампэнсацыях былым уладарам зямлі, асабліва ў Заходняй Беларусі, дзе многія яшчэ захавалі дакумэнты на свае ўчасткі».

Пазнаёміўшыся з эсдэкаўскім «адказам Чэмбэрлену», падумаў: магчыма, нават добра, што сталінскія каты гэтак брутальна, бяз суду і сьледзтва, мачылі сацыялістаў — айцоў-заснавальнікаў БНР. Відавочна, апошнія згінулі недзе ў курапацкіх ярах, не пасьпеўшы прыняць прычасьце. І нішто не перашкодзіць іхным несупакоеным душам завітаць на агеньчык да правадыра БСДП (НГ) Міколы Статкевіча. Партыя ж прэтэндуе на статус афіцыйнага пераемніка тагачасных левых. Якая цікавая, у стылі «Дзікага паляваньня», магла б адбыцца сцэна.

За вокнамі кватэры Статкевіча чуецца енк: «Статкевіч, выходзь! Бэрнштэйн у апошнім калене, выходзь!»

— А хто тут?! — крычыць ашалела Мікола.

— Не пужайся. Мы не ад Караля, — кажа прадстаўнік бесьцялеснага ўраду БНР. — Ты скажы, таварыш, чаму ты ўстаўныя граматы БНР парушаеш?

— Якія граматы? — заікаецца сп.Мікола, намацваючы рукой мабільнік, каб набраць нумар канторы «Паляўнічых на прывідаў».

— Ня будзь ідыётам. Пункт устаўной граматы аб сацыялізацыі зямлі ў Беларусі...

Яшчэ фантомы маглі б павесяліць сп.Статкевіча забаўнай лічбалёгіяй. Напрыклад, лічба 1,7%. Такі адсотак насельніцтва Заходняй Беларусі (паводле Беларускай гістарычнай энцыкляпэдыі) складала кляса памешчыкаў, якая валодала 55% зямлі. Плюс сотні асаднікаў, якіх Варшава сяліла на крэсах у мэтах калянізацыі. Мяркую, нацыянальны склад заходнебеларускіх фазэндэйрас і рабыняў Ізаўраў, якія на іх гарбаціліся, не выклікае сумневу. Кліентаў Вяроўкіна-Шалюты (дырэктар беларускага шляхецкага NGO) там было няшмат.

Лятыфундысты могуць знайсьціся і на ўсходзе. Нядаўна ў Гомель на адкрыцьцё музэйнай экспазыцыі графа Паскевіча прыяжджаў з Масквы выпладак славутага роду. Колькі гадоў прайшло, а не забыўся пра свой фальварак. Уяўляю, якім сьвятам для яго і ўсяго «Российского дворянскога клуба» будзе дзень прыходу БСДП (НГ) да ўлады.

Фэтышызм прыватнай уласнасьці над правамі асобы і грамадзтва — маразм, ад якога беларускім левым трэба пазбаўляцца. Гэта даўно зразумелі замежныя калегі Статкевіча. Квасьнеўскі наклаў вэта на закон аб рэстытуцыях у Польшчы. Краіне, у якой 20% працаздольных — беспрацоўныя, не да гэтага. Захавалі ў добрым стане дакумэнты аб былой уласнасьці і судэцкія немцы, якіх Бэнэш вытурыў з Чэхіі ў 45-м. Але чамусьці Прага не сьпяшаецца вяртаць ім фальваркі.

А мо я наехаў на Статкевіча дарма? Што калі валтузьня БСДП (НГ) вакол інтарэсаў былых уласьнікаў — папросту хітры трук, які мае на мэце дапамагчы пбнкам? Прыклад былой ГДР, дзе быў прыняты закон аб рэстытуцыях, сьведчыць: падчас маштабнага пераходу маёмасьці з рук у рукі ўзьнікае жудасны прававы хаос. Старых жыхароў паліцыя з будынку ўжо выкінула, а новы гаспадар, якога вайна закінула на Востраў каралеўскіх пінгвінаў, яшчэ не прыехаў. А ўвогуле на дом прэтэндуюць некалькі асобаў. Момантам карыстаюцца панкі, якія захопліваюць пустыя будынкі, ператвараючы іх у начлежкі і падпольныя рок-клюбы. Калі нешта падобнае можна будзе раскруціць у Беларусі, мы станем новым Бронксам, новым Кінг-Кросам, сусьветнай мэтраполіяй панку! Калі так, даеш рэстытуцыі! Punk not dead!

Лёлік Ушкін,лідэр левых радыкалаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0