Зь лексыкону інфармацыйных праграм радыё зьнік адыёзны сымбаль непаўнавартасьці — словазлучэньне «наша рэспубліка».

Гадамі не маглі безь яго гаварыць пра Беларусь дыктары, журналісты, іншыя фігуранты выпускаў навін — і раптам усе забыліся. Беларусь перайменаваная з «рэспублікі» ў «краіну», і пастанова выконваецца з выключнай стараннасьцю. Беларускай музыкі паболела. Але рабіць на гэтай падставе нейкія абагульненьні ня варта.

Калі абагульняць, дык у шырэйшым кантэксьце. У які павінны ўваходзіць і дэманстрацыйнае сьвяткаванне юбілею камсамолу, і замоўчванне чорнага дня беларускай літаратуры — расстрэлу вялікай групы творчай інтэлігенцыі акурат у той самы дзень. Варта дадаць і партрэты Сталіна, якія з розных выпадкаў каторы тыдзень гасьцююць на стэндах Гарадзенскай абласной бібліятэкі (а бібліятэкары ня менш старанныя і паслухмяныя за журналістаў Беларускага радыё), і пару сьцягоў: расейскі ды беларускі — на доме па вул.Савецкай/Дамініканскай.

Дзяды, напаўпрызнанае сьвята, у дзённым інфармацыйным выпуску ўпэўнена выводзяцца ад памінаньня палеглых на Куліковым полі: прапагандысцкая машына атрымала санкцыю на дэманстрацыю дзяржаўнага статусу Беларусі, але не адступілася ад намеру кшталтаваць Беларусь паводле ўзору, які спалучае пашану да камуністычна-савецкага зь піэтэтам перад расейска-праваслаўным. Расея і расейцы па-ранейшаму застаюцца адзіным прапагандысцкім арыенцірам для Беларусі.

Чаму тады «прызналі» Беларусь краінай, чаму праз расейскую папсу прабіваецца ў этэр беларуская музыка? Ня ўсё тлумачыцца незадаволенасьцю ўладаў інтэграцыйнымі працэсамі. Адмова ад навязьлівай «рэспублікі» — сымбалю падначаленьня Маскве — нічога ня зьменіць у перамовах пра акцыянаваньне «Белтрансгазу» ды пра пераход краіны на чужую валюту. Сарамлівае прызнаньне ўласнае дзяржаўнасьці ня можа выклікаць хуткага зруху ў грамадзкай сьвядомасьці. Ды ўлада і не імкнецца спарадзіць гучнае выяўленьне нацыянальных пачуцьцяў — дастаткова параўнаць з рэакцыяй Украіны на расейскую дамбу ля Тузлы.

Варты свайго найменьня палітык ніколі не адмовіцца ад дзейснага сымбалю, тым больш перад абліччам складанай эканамічнай ці палітычнай праблемы. Чарговае паслабленьне прарасейскіх настрояў у высокіх кабінэтах вывела да публічнасьці тыя заваёвы нацыянальнага руху, якія сапраўды адбыліся. Насуперак ціску на «трэці сэктар», нягледзячы на бясконцыя ўдакладненьні законаў пра шэсьці і мітынгі, тое беларускае, што існуе не віртуальна, знаходзіць шлях да розумаў насельніцтва. Часам нават там, дзе, здавалася б, татальны ідэалягічны кантроль і ніякага праходу няма.

У беларусаў ёсьць музыка і ёсьць дзяржава — гэта сумненьняў не выклікае, бо прысутнічае ў штодзённым жыцьці ў выглядзе несумненных для шараговага грамадзяніна праяваў. Хочацца нават сказаць, дасягненьняў. Добра было б, калі б тое самае можна было сказаць пра сьвяты, навуку, літаратуру. Наколькі спрасьцілася б праца стваральнікаў дзяржаўнай ідэалёгіі! Не было б патрэбы шукаць апору ў Сталіну ды на Куліковым полі, да якога дзяды нашыя па волі падступнага Ягайлы не дайшлі: ня мог князь вызначыцца, чый бок узяць. Адвеку з гэтым у князёў праблемы.

Аляксандар Карольчык