Казулін і Стражаў сутыкнуліся колісь падчас прызначэньня Стражава міністрам адукацыі. У той час на гэтую пасаду прэтэндаваў і Казулін. Былы міністар адукацыі, а цяпер рэктар БДУ В.Стражаў пасьля сваёй адстаўкі ў 2001 г. працяглы час знаходзіўся на стажыроўцы ў ЗША і Нямеччыне — спасьцігаў заходні досьвед арганізацыі вышэйшай адукацыі. Гэтая інфармацыя набывае новае адценьне на фоне пашыраных чутак пра сувязі Казуліна ў Расеі і МДУ ў прыватнасьці. У сваім выступе падчас прадстаўленьня Навуковай радзе БДУ Стражаў заклікаў «знайсьці адказ на пытаньні агульнаэўрапейскай інтэграцыі», адмовіўшыся ад савецкіх падыходаў да адукацыйнага працэсу і адпаведна зьмяніўшы зьмест і форму гэтага працэсу.

«Мы павінны перайсьці ад той савецкай сыстэмы, дзе студэнта вучылі, да сыстэмы, прынятай ва ўсім сьвеце, калі студэнт вучыцца сам», — заявіў новы рэктар. Рада прыняла да ведама зьмену рэктара і ягоную праграму, не задаўшы прадстаўнікам улады ніводнага пытаньня.

Адстаўка рэктара БДУ Аляксандра Казуліна чакалася даўно, але здарылася неспадзявана. Ён ня быў палітыкам, але лічыўся пасьпяховым чалавекам сыстэмы. Ён ня быў бізнэсоўцам, але ператварыў БДУ ў буйную бізнэс-карпарацыю. І гэта давала некаторым падставы называць яго пераемнікам Лукашэнкі. Сёньня Казулін cкінуты з уладавай шахматнай дошкі і дазваляе нечуваныя для лукашэнкаўца дзёрзкасьці на адрас уладаў. Працэс Казуліна азначае пачатак новага палітычнага цыклу ў краіне.

Чуткі пра хуткую адстаўку Казуліна пайшлі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. Зьявілася вэрсія, што рэктар трапіў у няміласьць, бо не забясьпечыў «правільных» вынікаў галасаваньня студэнтаў. Аднак гэтая вэрсія магла нарадзіцца ў сьценах БДУ, а прычыны адстаўкі трэба шукаць у іншым.

Хмары над Казуліным пачалі зьбірацца летась. Трывожным сыгналам сталася пазбаўленьне БДУ незалежнасьці ад Міністэрства адукацыі, а Казуліна — статусу міністра. А ў сьнежні 2002-га Лукашэнка публічна адхіліў ягоную кандыдатуру на пасаду пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН.

Прычым кандыдатуру рэктара зацьвердзілі ў МЗС, і ўмяшаньне ў справу кіраўніка дзяржавы было нечаканасьцю для ведамства, якое ў той час узначальваў міністар Хвастоў.

«Ганаровай высылкі» не атрымалася, Казуліна пакінулі ў зоне дасягальнасьці праваахоўных органаў.

Наступным сыгналам стаўся выхад кніжкі «Исторический выбор Беларуси» зь лекцыяй, прачытанай Аляксандрам Лукашэнкам у БДУ. Кніга рыхтавалася ў Адміністрацыі прэзыдэнта. На фатаздымках у кнізе побач з Лукашэнкам прысутнічаў і Казулін. Але таямніча зьнік. Так у сталінскія часы па меры адстрэлу кадраў рэтушаваліся здымкі Леніна.

Чарговага абвастрэньня сытуацыі не давялося доўга чакаць. 13 лістапада праваахоўныя органы затрымалі кіраўнікоў унітарнага прадпрыемства «Унікаштмэт БДУ» Георгія Корзуна і Вячаслава Саньнікава. Іх падазраюць у крадзяжы амаль 35 кг золата.

На наступны дзень, у пятніцу, афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі сэнсацыйную вестку: рэктар БДУ не зьявіўся на допыт у якасьці сьведкі па згаданай справе і яго шукаюць праваахоўныя органы. Рэктар хутка адшукаўся, але ягоная нібыта прыналежнасьць да «залатой справы» ўжо была запушчаная ў СМІ і грамадзтва. Такую інфармацыю дзяржаўная ТВ проста так не пускае.

Лукашэнка адправіў Казуліна ў адстаўку якраз на Дзень студэнта, за тыдзень да дня нараджэньня. Гэта можа быць выпадковасьцю, але нельга выключыць і жаданьне зрабіць рэктару як мага больш балюча. Стыль вельмі характэрны для сёньняшняй улады. Прыгадаем, як у 1996-м вывелі пад рукі ў адстаўку генэрала Мальцава.

Абвінавачаньне затрыманым кіраўнікам «Унікаштмэту БДУ» будзе прад’яўленае толькі да канца тыдня. Вядомая адвакатка Вера Страмкоўская, якая бароніць інтарэсы Вячаслава Саньнікава, праводзіць паралель гэтай справы са справай Васіля Старавойтава, якога яна калісьці бараніла ў судзе. Спачатку ведамства Глухоўскага зацікавілася ягонымі падначаленымі, а пасьля ў «распрацоўку» пайшоў і сам Старавойтаў. Прычым адбывалася гэта на фоне інфармацыйнай атакі, падобнай да той, што мы назіралі на мінулым тыдні. Толькі цяпер Сьледчы камітэт МУС займаецца Аляксандрам Казуліным, які ўжо праходзіць не як сьведка, а як падазроны. Крымінальны кодэкс прадугледжвае за «злоўжываньне службовым становішчам», якое пацягнула за сабой такія наступствы, як «крадзеж у асабліва буйным памеры», ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.

Досьвед сярэднявечных альхімікаў

Лёс рэктара БДУ быў прадказаў часопіс «Кур’ер» яшчэ ўвесну 2001 г. У нарысе пра Казуліна там адзначалася, што «на кіраўнікоў такога ўзроўню заўсёды хапае кампрамату» і што «ёсьць досьвед сярэднявечных альхімікаў, якіх імпэратары іншы раз, дзеля прафіляктыкі, зьлёгку падсмажвалі за недахоп казённых каштоўных мэталаў».

У чым прычына адстаўкі Казуліна і што яна можа азначаць? Думкі палітолягаў і аналітыкаў наконт гэтага падзяліліся. Юры Дракахруст бачыць у ёй «працяг шырокай кампаніі запалохваньня намэнклятуры». Разьвіваючы ягоную думку, можна выказаць меркаваньне, што на гэты раз прафіляктыка скіраваная на работнікаў адукацыйнай сфэры, тады як справа Рахманька мусіла заклікаць да парадку транспартнікаў, а арышт Лявонава быў папярэджаньнем усяму дырэктарату. Аляксандар Фядута, аўтар артыкулу ў «Кур’еры», бачыць прычынай адстаўкі барацьбу ўладных кланаў: «Адбылося аслабленьне цэлай групы фігураў, а не аднаго Казуліна. Проста ён аказаўся першы. Відавочна, аслабленьне закране лібэральнае крыло прэзыдэнцкага атачэньня».

Фядута ідэнтыфікуе лібэралаў найперш з Канаплёвым ды канстатуе ўзмацненьне «сілавікоў». На ягоную думку, Казуліна цяпер «забіваюць палітычна». У той жа час, гаворачы пра палітычныя пэрспэктывы ўжо былога рэктара, публіцыст адзначае, што ў яго быў шанец на перамогу «толькі ў адзіным выпадку — калі б Лукашэнка прызначыў яго пераемнікам».

Трэба адзначыць, што ў 2001 г. рэктар БДУ — магчыма, з уласнае волі — разглядаўся як дублёр апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты краіны. Пасьля гэтага і пайшла ўніз кар’ерная крывая рэктара, які датуль сам пасьпяхова душыў студэнцкі рух і пазбавіў унівэрсытэт ад «небясьпечных» дэканаў.

Паводле інфармацыі «НН», з прадпрыемствам «Унікаштмэт БДУ» маглі расправіцца з дапамогай патэнцыйных канкурэнтаў. За апошнія гады «Унікаштмэт» стаў у Беларусі манапалістам у «залатой» галіне. Канкурэнты і адпомсьцілі, калі пэўныя сілы шукалі кампрамат на Казуліна.

Афіцыйную пазыцыю выказаў Урал Латыпаў. Рэктар, насуперак патрабаваньням прэзыдэнта, не хацеў вяртацца да мадэлі «клясычнага ўнівэрсытэту», інсьпіруючы стварэньне ў БДУ вытворчых прадпрыемстваў і «нетрадыцыйных» факультэтаў. А тут якраз генпракурор Шэйман папрасіў вызваліць Казуліна ад пасады на час сьледзтва па справе «Унікаштмэту». Рэктара «адставілі» зусім — каб не пакідаць унівэрсытэту «ў падвешаным стане». У гэтым тлумачэньні ўсё сыходзіцца, акрамя аднаго: навошта такая піяр-кампанія вакол гэтае справы ў дзяржаўных СМІ.

Такі інфармацыйны шум у лукашэнкаўцаў заўсёды азначаў пачатак новага палітычнага цыклу. Ён супаў у часе з увядзеньнем у ВНУ курсу «ідэалёгіі беларускай дзяржавы» і можа быць недвухсэнсоўным знакам унівэрсытэцкім асяродзьдзям, каб тыя адчулі вастрыню палітычнага моманту.

На месца Казуліна прыходзіць па апаратных мерках раўнавартая замена — Васіль Стражаў. Прычым Стражава не назавеш меншым лібэралам, чым Казулін. Праўда, пасада ў БДУ больш ня мае таго значэньня, якое на мела тры гады таму.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0