У дні, калі ўсе, быццам дамовіўшыся, мусоляць гадавіну забойства Кенэдзі, нельга абысьці ўвагай асобу кілера — Лі Харлі Освальда і яго вялізнае культурна-палітычнае значэньне для Беларусі.

У свой час будучага снайпэра пераклініла абмяняць свой арлісты пашпарт з надпісам «In God we trust» на сярпаста-малаткасты з дэвізам «Пролетарии всех стран, соединяйтесь!» і менскай прапіскай.

Асоба Освальда ўвайшла ў сонм славутасьцяў нашай Бацькаўшчыны поруч з буслом, «Песьнярамі» і старадароскім першаком. У будучым турыстычныя канторы проста прырэчаны эксплюатаваць факт, што забіваць Кенэдзі Освальд выправіўся з аэрапорту «Менск-1». Гэта наш абсалютны эксклюзіў. Які турыст адмовіцца сфоткацца на памяць каля музэю ВАВ, дзе, паводле словаў гіда, невядомы беларускі партызан навучыў Освальда снайпэрскаму рамяству. Або набыць сувэнірную t-shirt з слоганам: «Лі Харві Освальд. Сусьветны тур забойцы: Менск, 1960 г. — Далас, 1963 г.». Тут няма нічога благога: Чыкага эксплюатуе вобраз сталіцы гангстэраў, Сан-Францыска вабіць турыстаў засьценкамі Алькатрасу, Лёндан — васковым статуём Джэка Вантробніка. Бізнэс ёсьць бізнэс.

Яшчэ больш цікавы палітычны аспэкт фэномэну Освальда. Ён несьвядома ўклініўся ў айчынную традыцыю радыкальнага супраціву, закладзеную «кінжальшчыкамі» Каліноўскага і працягнутую бамбістамі Грынявіцкім і Пуліхавым, местачковымі габрэямі-тэрарыстамі, партызанамі Прытыцкім і Мазанік («Беларускага вызвольнага войска», якое прыпісала сабе Глеба Самойлава і кучу катастрофаў эндагеннага характару, я ня ўлічваю).

Патрапіўшы ў такую лігу выдатных джэнтэльмэнаў, Освальд з забойцы-псыхапата ператвараецца ў сымпатычнага палітідэаліста, якому проста не падфарціла. І адразу робіцца прывабным аб’ектам для палітычнага піяру. Яшчэ ў 1997 г. маладафронтаўцы ўдала выкарыстоўвалі вобраз Освальда, арганізаваўшы турнір па стральбе на прыз яго імя.

Учынак Освальда тлумачылі кантактамі з КГБ, з ФБР, з мафіяй, зь Фідэлем Кастра, з антыкастрыстамі, лятэнтным каханьнем да Мэрылін Манро... У будучым трэба абавязкова чакаць беларускіх інтэрпрэтацыяў піф-пафу ў Даласе.

Вэрсія А. «Рука Бога» (для панславістаў). Лі Харві, тусуючыся ў Менску, прыняў праваслаўе. Неяк падчас посту яму зьявіўся сам арханёл Міхал з інструкцыяй: «Раб божы Лі Харлі, ступай у Амэрыку і пакарай каталіка Кенэдзі». Захоплены пэрспэктывамі выратаваньня хрысьціянскай айкумэны, Освальд выканаў місію.

Версія В. «Рука нацыі» (для нацдэмаў). У Менску Освальд скантачыўся зь беларускім нацыянальным падпольлем — групай «Чорны кот — Белая котка». Пад нікам «Ясь з-пад Пітсбургу» Освальд удзельнічаў у зьнішчэньні кукурузных пасеваў у пік хрушчоўскай кампаніі кукурузізацыі. Вярнуўшыся ў ЗША, Освальд прымае грамадзянства БНР. Калі Кенэдзі зарэкамэндаваў сябе мяккацелым прэзыдэнтам, гатовым на саступкі імпэрыі зла, Освальд вырашыў адпомсьціць ворагам нацыі.

Вэрсія С. «Рука клясы» (для левых). Працоўнаму калектыву «Гарызонту» набрыдзела адлічваць частку заробку ў фонд дапамогі Антыімпэрыялістычнаму фронту вызваленьня Экватарыяльнага Бутану імя Рабіната Тагора. Каб пакончыць зь несправядлівасьцю, гарызонцкая прафпярвічка вырашыла элімінаваць саму крыніцу імпэрыялізму — зьнішчыць прэзыдэнта ЗША. Освальд бліскуча выканаў загад працоўных.

Як бы ні скончылася спрэчка за сымбалічную спадчыну Освальда, відавочна адно: сёньня сымбалямі Беларусі ў сьвеце зьяўляюцца прэзыдэнт і забойца прэзыдэнта. Вось такая ў нас вонкавая самарэпрэзэнтацыя.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0