Грузія месьціцца ў геаграфічнай Азіі, за хрыбтамі Вялікага Каўказу. Азія мае спакусьлівы й каўткі водар. Зямля тут пахне самавітымі пладамі сонца, а паветра настоенае на сотнях стагодзьдзяў цывілізацыі. Гісторыя незалежнасьці Грузіі сягае ажно ў антычныя часы. Гісторыя тутэйшага хрысьціянства ў два разы даўжэйшая за нашую. Першае яскравае адрозьненьне тутэйшага палітычнага жыцьця ад нашага — нацыянальнае самавызначэньне. Яшчэ ў савецкія часы тутака панаваў культ сваіх цароў, якім ставіліся сацрэалістычныя помнікі.

Ніводзін з грузінскіх палітыкаў ніколі не сумняваўся ў самадастатковасьці Грузіі й велічы яе культуры. Уявіць сабе, што Шэварднадзе стаў бы кпіць з грузінскае мовы, як Лукашэнка зь беларускай... проста нерэальна. Хоць і Лукашэнка гаворыць па-расейску з моцным акцэнтам.

Апошні грузінскі лідэр не замахваўся ані на канстытуцыю, ані на дзяржаўны статус краіны. Не зважаючы на сваё зорнае савецкае мінулае, Шэварднадзэ быў пасьлядоўным прыхільнікам дыстанцыянаваньня ад Крамля. Мо акурат з тае прычыны, што надта добра ведаў ягоныя норавы. Як хітры дыплямат, ён лявіраваў у бочцы СНД, але ўсё больш заблытваў сытуацыю. Найперш у пытаньнях мяцежных аўтаноміяў, што трымаюцца на расейскіх штыхах, праблеме Чачэніі, зьнітаванай з Грузіяй ня толькі межамі, але й генэтычным паходжаньнем, і адносінах з Захадам, дзе Шэварднадзэ да апошняга меў неабмежаваны крэдыт даверу.

Лёс быць у Азіі мае й свае выдаткі. Найперш гэта тычыцца вартасьці правоў асобы, што традыцыйна ня ёсьць тут першаснай каштоўнасьцю. Для грузінаў вялікае значэньне мае статус роду, клану, зямляцтва, кунацтва, дыялекту, гаворкі й г.д. — усяго, чым жыве іхная горная краіна. У такім клімаце пераўзбудзіць народ куды прасьцей, чым у нас. Траціна тэрыторыі, занятая этнічнымі чужакамі, — падстава для згуртаваньня больш чым дастатковая.

Грузія за апошнія 15 гадоў бачыла і крывавыя міжэтнічныя канфлікты, і грамадзянскую вайну, і таямнічае забойства першага прэзыдэнта. Тысячы людзей загінулі, трыста тысячаў сталі выгнанцамі. Панішчаная й разрабаваная некалі квітнеючая гаспадарка. Вобраз гэтае краіны цяпер трывала асацыюецца ў сьвеце зь нестабільнасьцю й гвалтам. Тое, чаго ня здарылася з Грузіяй падчас другой сусьветнай вайны, здарылася на сумежжы нашых стагодзьдзяў. Ад душы цешуся за грузінаў, за сваіх колішніх калегаў і прыяцеляў. Цешуся, што гэтым разам абышлося без крыві. На жаль, такі сымпатычны гепі-энд гэткай ахайнай палітычнай гульні немагчымы ў нас. Зрэшты, і гэткую гульню мы ўжо прайгралі.

Увосень 1996 г. у Беларусі складалася сытуацыя, падобная да цяперашняй грузінскай. Лукашэнка не задавальняў ні палітычныя эліты, ні «вуліцу». Перад пагрозаю поўнае ўзурпацыі ўлады парлямэнт пачаў кардыячыцца, а людзі йшлі да Вярхоўнага Савету: «Дзядзька Сымон, мы з табой!» Як залатое восеньскае лісьце, у рукі апазыцыі самі сабою клаліся карты. Масква ўсё ўспрыняла ўсур’ёз. Як цяпер Іваноў у Тбілісі, тады ў Менск паляцела цэлая брыгада. Прычым куды больш прадстаўнічая: Чарнамырдзін, Селязьнёў ды Строеў. То бок, Беларусь і тады выглядала як найважнейшы аб’ект расейскае палітыкі. Пасярэднікі па выкліку адразу зарыентаваліся, хто іхны кліент. Шарэцкі папрасіў народ разысьціся. Крамлёўскія эмісары ўгаварылі кіраўніцтва ВС і Канстытуцыйнага суду ў неабходнасьці замірэньня з Лукашэнкам. Імпічмэнт быў правалены, а разам зь ім — і шанец на натуральнае разьвіцьцё беларускай дзяржаўнасьці. Дзіўна было б чакаць ад абаронцаў Вярхоўнага Савету, што яны будуць бараніць яго насуперак волі сьпікера. Шарэцкі не сыграў тае ролі, што праз столькі гадоў выпала кіраўнічцы грузінскага парлямэнту Ніно Буржанадзэ.

Гісторыя, насуперак трапным афарызмам, не паўтараецца ніколі. Беларусь згубіла свае казырныя карты на доўгія гады: былі страчаныя і давер нацыі да палітычнай эліты, і вера ў магчымасьць вырашэньня палітычных пытаньняў сваімі рукамі. Нагадаю, тады яшчэ не было гаворкі аб прамой дапамозе апазыцыі з Захаду.

Параўноўваць сытуацыю літаральна не выпадае зусім. Ну хіба падобная элегантная й упэўненая грузінская лідэрка, што вольна гаворыць па-ангельску, да Шарэцкага? Зрэшты, сёньня й ён, бадай, вывучыў колькі сказаў. Усё ж даўно ў Кліўлендзе жыве. Бальшыня ж беларускіх палітыкаў у цяперашнім парлямэнце й па-беларуску гаварыць ня ўмеюць.

А да каго зь беларускіх жанчынаў-палітыкаў можа быць падобнай Буржанадзэ? Пытаньне, на жаль, рытарычнае. А да каго з нашых палітыкаў падобны 35-гадовы Міхаіл Саакашвілі? Дастаткова сьпелы, каб прымаць адказнасьць, і дастаткова малады, каб мець здаровы імпэт. Ягоныя раўналеткі ў Беларусі наагул ня выявілі сябе ў гісторыі. Тыя, хто чаруе ў вулічных тусоўках, — маладзейшыя, а тыя, «каму за сорак», увесь час некуды зьяжджаюць.

Хіба ж можна параўнаваць з Лукашэнкам Эдуарда Шэварднадзэ, «сівога ліса», лоўкага й удачлівага дыплямата, які некалі вырашаў лёс сусьветнае гісторыі, асабіста сябраваў з Бэйкерам і Геншэрам? Уявіць сабе, што прэзыдэнт Грузіі ўскочыць з-за стала ў Кран-Мантана й будзе на ўсіх абзывацца, як у дзіцячым садку… нерэальна. За Шэварднадзэ ў Грузіі адбылося замірэньне з аўтаноміямі, настаў кепскі мір замест добрай братазабойчай вайны. Не зьбівалі тут у кроў апазыцыянэраў, не зачынялі газэтаў. Дзейнічала незалежнае і архікрытычнае да Шэварднадзэ тэлебачаньне. Якое цяпер ганарыцца тым, што гэта яно ўзьняло народ на пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў.

Урэшце, сам факт права сабрацца на цэнтральным праспэкце сталіцы дзясяткаў тысячаў апазыцыянэраў ня выклікаў тут сумневу. Ніхто не вінаваціць былога прэзыдэнта Грузіі ў раскраданьні грошай. Ніхто, прынамсі пакуль, не пагражае яму помстаю за нацыянальную ганьбу. І ён сышоў годна. Перагарнуў апошнюю старонку палітычнае біяграфіі дзеячоў брэжнеўскага прызыву. І з гонарам сказаў, што памрэ толькі на радзіме. Сказаў гэта ў рэзыдэнцыі патрыярха Грузінскае царквы. Добры густ.

Зрэшты, і віла ў Бадэн-Бадэне — сьведчаньне добрага густу. Не Масква ўсё ж. І не Амэрыка.

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0