Менчукі й госьці сталіцы падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 3 ліпеня змогуць падзівіцца на выступленьні фігурыстаў і хакеістаў на спэцыяльна залітай пляцоўцы пад адкрытым небам. Пра гэта паведаміў начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня Менскага гарвыканкаму Генадзь Курбека.
Упершыню, па словах спэцыяліста, сталіца будзе ўпрыгожана вельмі маштабна. Усе плошчы, праспэкты, вуліцы перайначацца да 27 чэрвеня.
Сьвяткаваньні пачнуцца ад раніцы 1‑га ліпеня фізкультурным сьвятам з забегам на лыжна‑ролернай трасе. 2 ліпеня пройдзе канцэрт у Палацы рэспублікі. 3 ліпеня будзе парад і фінальны канцэрт рэспубліканскай акцыі «За незалежную Беларусь». На ім выступяць Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка, Іна Афанасьева, а таксама госьці: Валеры Лявонцеў, Аляксей Гоман, Анжаліка Агурбаш, Дзьмітры Калдун, Руслан Аляхно, Натальля Падольская. Гледачоў чакае лязэрнае шоў, вогненная інсталяцыя, водная фэерыя. У фінале ўсе выканаюць гімн Беларусі й падзівяцца на салют.
Транспарт працавацьме да позьняй ночы.