Чацьвертыя выбары ў парлямэнт Расеі зусім пазбаўленыя таго рэвалюцыйнага запалу, які характарызаваў абраньне першай, другой і нават трэцяй Думаў. Расейская палітыка стала нуднай. На гэтых выбарах расейцы не зьбіраюцца рабіць «гістарычнага выбару». Дый, разважыўшы, і неабходнасьці няма. 90-я ў Расеі прайшлі пад пытаньнем «Ці вернуцца камуністы?». Цяпер жа — думае грамадзянін Расеі — СССР не вярнуць, а жыцьцё ўжо, бач, паціху наладжваецца. І галоўнае, ёсьць гарантыя таго, што так яно будзе і далей, — Уладзімер Пуцін.

Галоўнае жаданьне расейскага выбарніка сёньня — жаданьне стабільнасьці. Ляйтматыў большасьці «палітычных» размоваў расейцаў такі: яны стаміліся ад рэвалюцыйнасьці апошніх 15 гадоў і хочуць спакою. Палітычную моду ў гэтай краіне пачынае дыктаваць сярэдняя кляса.

У чым расейскія выбары не падобныя да змаганьня за парлямэнт у іншых краінах — дык гэта адсутнасьцю «барацьбы ідэалёгіяў». Змагаюцца не ідэалёгіі, а грошы. Нават у выбарчых сьпісах КПРФ стаяць некалькі даляравых мільянэраў.

Гэта й зразумела: калі ў цябе мільёны ёсьць, то лепш пераплаціць і пазбыцца неабходнасьці ісьці па аднамандатнай акрузе, весьці цяжкую выбарчую кампанію, якая адымае некалькі месяцаў працы. Час — гэта грошы, і, як маеш грошы, часу можна не губляць.

Яшчэ адна цікавая акалічнасьць. Ад таго, якія стасункі ў кіраўнікоў партыяў у Маскве, міжпартыйныя адносіны ў рэгіёнах могуць ніяк не залежаць. Да прыкладу, у Башкартастане ў апазыцыі да Муртазы Рахімава — усе: камуністы, «яблычнікі», ЛДПР, СПС... У невялікіх гарадах можна назіраць такую карціну: у адным памяшканьні месьцяцца офісы «Яблыка» і КПРФ альбо КПРФ і «Лібэральнай Расеі». Аплачваюць у складчыну.

«Ідэалягічных» партыяў у Расеі фактычна няма, калі не лічыць КПРФ. Не ў апошнюю чаргу гэта відаць з жаданьня партыйцаў працаваць, не зважаючы на тое, заплацяць ці не.

Спрабуюць выпрацаваць ідэалёгію СПС і «Яблык» (які актыўна займаецца «зялёнай» тэмай).

«Аднак бальшыня расейскіх партыяў — звычайныя PR-праекты, створаныя для атрыманьня галасоў, — адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам «НН» Юлія Малышава, супрацоўніца заснаванага Ягорам Гайдарам Інстытуту эканомікі пераходнага пэрыяду. — Самы відавочны з такіх праектаў — створаны для адцягваньня працэнтаў ад камуністаў блёк «Радзіма» Глазьева—Рагозіна. У Думу наўрад ці пройдзе, але камуністам нашкодзіць можа».

У найбуйнейшай на сёньня палітычнай партыі, «Адзінай Расеі», ідэалёгіі фактычна няма. Хаця ў сваім «Маніфэсьце» АдРа і спрабуе кваліфікаваць сябе як партыю кансэрватараў, насамрэч гэта — элітарны палітычны клюб, сяброўства ў якім дае вялікія магчымасьці: адміністрацыйны рэсурс у Расеі выкарыстоўваецца напоўніцу.

Да расейскіх рэгіёнаў партыйная прапаганда даходзіць цяжка. Інфармацыю пра партыі выбарнікі атрымліваюць у асноўным праз тэлевізію. Акрамя таго, прэтэндэнты на пасады ў Думе фактычна адмовіліся ад кампаніі «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Лічыцца, што выбарніка лепш лішні раз не турбаваць зьяўленьнем агітатараў — не раздражняць народу.

Расейцам хочацца ціха, без чарговых рэвалюцыяў багацець. Ну хіба што адыграўшыся на пары алігархаў за цяжкасьці мінулага дзесяцігодзьдзя.

Аляксей Шэін, Масква—Уфа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0