Сёння прэзідэнт Венесуэлы распачынае сваё замежнае турнэ, у часе якога ён збіраецца наведаць і Беларусь. Ані венесуэльскія ўлады, ані беларускія канкрэтную дату візіта пакуль не паведамляюць. Зрэшты, у прэс‑службе кіраўніка нашай краіны наогул ніякай інфармацыі наконт прыезду Уга Чавеса пакуль не даюць.

Тым не менш сам ён свой візіт, паводле інфармагенцтв, у Менск анансаваў. Як заявіў Чавес, венесуэльская дэлегацыя наважаная разгледзець канчатковыя дэталі кантракта, які дазволіць ягонай краіне атрымаць комплексную сістэму супрацьпаветранай абароны з далёкасцю дзеяння 200‑300 км.

Чавес прыязджаў у Менск амаль год таму — у ліпені 2006‑га. Тады яны разам з Аляксандрам Лукашэнкам нагаварылі адзін аднаму кампліментаў, таксама было заяўлена пра стварэнне альянсу паміж Беларуссю і Венесуэлай. «Жыццёва неабходна бараніць радзіму, каб супрацьстаяць вонкавай і ўнутранай пагрозам нацыянальным праектам, якія непакояць імперыялізм, там ушто яны паспяховыя», — сказаў тады Чавес. Паводле венесуэльскага прэзідэнта, у Менска і Каракаса ёсць агульны вораг: «Мы павінны аб’яднацца, каб замінуць дамінаванню ў свеце адной краіны». Гэтым разам варта чакаць новых падобных заяваў.

Але нават калі Чавес у Менск не прыляціць, днямі ён усё адно зможа пабачыцца з Лукашэнкам. У Растове‑на‑Доне, куды расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін на 29‑30 чэрвеня запрасіў калег з краінаў СНД і венесуэльскага лідэра. Зрэшты, для Лукашэнкі, па ўсім, больш важна было б сустрэцца там з Пуціным, чымсьці з Чавесам.

Ігнат Чакацкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0