Тлустая рыса пад мінулым

Сярод іншых матэрыялаў пра вынікі думскіх выбараў у Расеі сёньняшні нумар «НН» прапануе ўрыўкі з рэдакцыйнага артыкулу газэты «Беларусь сегодня» (старонка 4). Такі камэнтар быў немагчымы ва ўрадавай прэсе чатыры ці восем гадоў таму. Цяпер жа ацэнкі афіцыёзу і незалежнае прэсы супалі да дзясятых.

Улады эвалюцыянавалі. Павал Якубовіч у «БС» разважае з пазыцый суб’ектнасьці Беларусі. Лукашэнкаўцы таксама пачалі глядзець на Расею як на «незразумелую», а значыць, чужую. У прынцыпе, тут няма нічога дзіўнага. Аналізаваць вынікі расейскіх выбараў з адных пазыцый будуць Кучма і Юшчанка або Бразаўскас і Ландсбэргіс. Або вось іншы прыклад: Клінтан і Буш розныя, як саксафон і банджа, ды на замежнай палітыцы ЗША гэта нязначна — як для староньняга вока — адбілася. У нас да апошняга часу было інакш.

Беларуская прэзыдэнтура зрэагавала на вынікі думскіх выбараў нарадаю па пытаньнях замежнай палітыкі. Гаворка пра «дыялёг» з ЗША ды Эўразьвязам і «паэтапнае наладжваньне адносінаў» 8 сьнежня ўспрымалася як палітычны сыгнал Захаду і папярэджаньне Расеі.

У той жа дзень у Вільні «Пяцёрка з плюсам» давала прэс-канфэрэнцыю ў літоўскім Сойме. Цалкам зьмененая рыторыка. Ні слова пра дыктатуру, ізаляцыю ды ірацка-югаслаўскі варыянт. Прасілі, каб літоўцы дапамаглі «палепшыць імідж Беларусі ў Эўропе». Апазыцыянэры гаварылі карава і нецікава, але краіну ня хаялі. Прамаўлялі з адказнасьцю за яе. І гэта адзінае, што можа ўратаваць — i, мабыць, ня іх пэрсанальна, а т.зв. дэмрух.

Вось вам тэндэнцыя. Улады і апазыцыя пачынаюць канкураваць на адным полі, гаварыць на адной мове, і гэта здаровае змаганьне. «НН» пісала пра гэта гады два таму. Тады хто пасьмяяўся, хто папляваўся.

Важна падкрэсьліць, што і тыя і тыя робяць гэта змушана. Адныя засталіся без сваіх цацак — югаслаўскага/польскага варыянтаў, другія — без адроджанага СССР і крамлёўскага пасаду. Ад рэалізму аж вочы забалелі, як на выхадзе з кінатэатру. Магчыма, сёньня сёй-той нават пашкадаваў, што зьвязаўся з палітыкай, такая яна раптам выявілася нерамантычная і прыземленая.

Тым ня менш, у краіне фармуюцца новыя бачаньні замежнапалітычных прыярытэтаў. Пошук замежнапалітычнага кампрамісу апярэджвае ўнутрыпалітычны. Ва ўнутранай палітыцы як дзеяліся неймаверныя рэчы, так і дзеюцца. Як ліцэісты займаліся «ў лесе», так і займаюцца. І Праляскоўскі робіць выгляд, што так і трэба, што гэта і ёсьць новая ідэалёгія. (Пра нісянеціцу з помнікам Геніюш, адмену белмоўных стандартаў — побач).

Аднак замежнапалітычны курс застанецца няўстойлівым, а паляпшэньне адносінаў з Захадам — сытуацыйнымі рухамі без адказу, пакуль не дасягнуты ўнутрынацыянальны кансэнсус у прынцыповых палітычных, эканамічных і нацыянальных пытаньнях, пакуль улады і апазыцыя не пачнуць гуляць у адным стылі і на адным полі. (Гл. таксама сёньняшнюю рубрыку «Правым вокам».) Заўважу, што аднолькавага разуменьня базавых нацыянальных інтарэсаў цяжка дабіцца, пакуль не дафармаваная нацыя. Кампрамісы выпрацоўваюцца ў парлямэнце, калі ён абраны на свабодных выбарах. Але гэта другія вялікія тэмы. Сёньня — пра іншае, аб мінімальных перадумовах.

Пры якіх варунках лукашэнкаўцы і апазыцыя загавораць на ўнутрыпалітычныя тэмы адной мовай? Умовамі sine qua non падаюцца дзьве наступныя: тлустая рыса пад мінулым, пад 90-мі гадамі, і адмова ад гвалту як спосабу дасягненьня палітычных мэтаў. Іншае асновы не відаць.

Альтэрнатыва такому «пераходу на супольную мову», гэткай дэмакратызацыі ў згодзе, ёсьць. Гэта міжнародная ізаляцыя, каляпс, інкарпарацыя ў Расею, сыход Лукашэнкі, разборкі з Усходам і іншыя дурніцы ў духу новае п’есы Шалкевіча (старонка 2). Чарговасьць гэтых зьяваў можа быць іншай, вынік толькі нязьменны. Зьмена Лукашэнкі, але адначасова — зьмена апазыцыі. Або зьмена апазыцыі, пасьля чаго на працягу сэзону — зьмена Лукашэнкі.

Аднаму і другому бакам такі кампраміс сёньня здаецца і непатрэбным, і немагчымым, а сама гаворка пра яго — ідэалістычнымі фантазіямі сярэднеэўрапейскага інтэлігента. Але, спадарства, 70% беларусаў хочуць, каб краіна ўвайшла ў Эўразьвяз. Гэта рана ці позна абавяжа.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0