Сакрэты росту

Калі браць рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП), дык Беларусь можна сьмела лічыць краінай з найбольш дынамічнай эканомікай у рэгіёне. Мала таго, што мы нагналі ўзровень 1990 г., дык налета, згодна з загадам Лукашэнкі, ён мае вырасьці яшчэ аж на 10%. Дагонім і перагонім, адным словам.

Лічба 10% узятая са столі і мае выключна прапагандысцкае значэньне. Як яе дасягнуць? Найпрасьцейшы спосаб — маніпуляцыя індэксамі «параўнальных цэнаў» (бо індэкс росту аб’ёму вытворчасьці разьлічваецца ў параўнальных цэнах, г.зн. цэнах пэўнага базавага году). Ужо на ўзроўні прадпрыемства, а потым і гораду, вобласьці эканамічны рост мае ў вялікай ступені статыстычны, а не рэальны характар.

Аднак нават калі б наша эканоміка і сапраўды вырабіла налета на 10% больш тавараў і паслугаў, ад гэтага ёй стане толькі горш. 35% беларускіх прадпрыемстваў — стратныя. Рост выпуску на стратных прадпрыемствах — гэта павелічэньне іх стратаў. Калі тона цукровых буракоў прыносіць калгасу страты ў 13%, дык налета, вырасьціўшы, згодна з заданьнем, 1,2 тоны, калгас страціць на 20% болей. Дзе ж тут карысьць для эканомікі?

Калі ў эканамічнай сыстэме функцыянуюць хранічна стратныя прадпрыемствы, паскарэньне эканамічнага росту можа выклікаць толькі пагаршэньне агульнага стану эканомікі.

Арыентуючыся на валавыя статыстычныя паказьнікі (рост сярэдняга заробку, ВУП), улады займаюць выгодную пазыцыю. Бо нацягнуць статыстычныя паказьнікі нескладана. Куды больш складана падвысіць рэальны дабрабыт беларусаў — тое, пра што ўлады краіны мала клапоцяцца.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0