У суботу ў Менску адзначылі дзень народзінаў аўтамабіля. «Пабедзе» Якуба Коласа стукнула 50. Нашыя літаратурныя клясыкі не былі людзьмі багатымі. Летуценны Купала так і не пасьпеў разжыцца ўласным аўтамабілем: «эмку» атрымаў ад дзяржавы, «шэўрале» — ад грамадзкасьці Беластоку пасьля «вызвольнага паходу» 1939-га. Гаспадарлівы Колас хоць пад канец жыцьця, а займеў сваю машыну. Яго «Пабеда-М20» каштавала ў 1953-м 16 тыс. «сталінскіх» рублёў. Гэта якраз на ёй Колас у апошні дзень жыцьця наведаўся ў Курапаты.

Пасьля Коласа «Пабедай» езьдзіў яго сын, нявестка, а з 1966-га машына стала на якар. Прычым каля 15 гадоў портам яе прыпіскі была пляцоўка пад адкрытым небам. Мілімэтровае жалеза выпрабаваньне вытрымала. Парогі падгнілі, у крылах дзіркі, але збольшага стан неблагі. Дый прабег — усяго 59302 км.

«Пабеда» належыць Андрэю Міцкевічу — унуку Коласа. Ён і вёў рэй у часе сьвяткаваньня «народзінаў». Сродкаў на рэстаўрацыю машыны ён ня мае — у многім гэта й было прычынай арганізацыі мерапрыемства. З чорнага нетра гаражу Літаратурнага музэю Якуба Коласа «Пабеду» выцягвалі спачатку лябёдкай, а пасьля, плюнуўшы, папросту талакою. Журналісты торгалі трос, коўзаючыся па лёдзе. «Ліцьвін» Уладзімер Бярбераў тым часам граў на жалейцы «Спадчыну». Хоць і Купалаў верш, а глядзелася лягічна. Абтрусіўшы венікам пыл стагодзьдзяў, узяліся спрачацца — якога ж «Пабеда» колеру? Мэталік не мэталік, фіялетавы не фіялетавы. Умоўна можна назваць сьлівовым. Як у той показцы пра вішнёвага ката: «А што — хіба вы ніколі ня бачылі чорных вішняў?»

Хрумстаючы яблыкі, якімі частаваў гаспадар, «Пабеду» аглядалі, абмяралі, фатаграфавалі, напампоўвалі колы. Угледзелі, што левае пярэдняе крыло — замененае. А пасьля зацягнулі зноў у гараж. На пытаньне, чаму менавіта 13 сьнежня адзначаем, Васіль Цярэшка, кіраўнік Таварыства абароны помнікаў тэхнікі і транспарту «Наша перамога», адказаў: «Год сканчаецца, трэба пасьпець адсьвяткаваць». Сам ён прыехаў на «народзіны» «Пабедай» такой самай мадэлі, толькі на пяць гадоў маладзейшай. Чырвоная, бліскучая — як лялечка. Коласаву бярэцца адрэстаўраваць яшчэ лепей.

АС

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0