Праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і адраджэньня вёскі на 2004—2008 г. выконвае найперш прапагандысцкую функцыю.

Паўсюль адныя «падвышэньні» ды «росты». Напрыклад, прапануецца павялічыць колькасьць амбуляторыяў у сельскай мясцовасьці ў тры разы! І гэта пры тым, што сельскае насельніцтва зьмяншаецца. Мо варта было б, наадварот, узбуйняць лекарскія ўстановы, забясьпечваючы іх машынамі? Тая ж тэндэнцыя і зь дзіцячымі садкамі. Невядома толькі, скуль дзеці возьмуцца. Таксама плянуецца інтэнсыфікаваць жыльлёвае будаўніцтва ў вёсках, хоць у краіне пустуюць 120 тыс. прыватных дамоў. Але ж хто адмовіцца ад падарунку коштам у 15 тыс. даляраў?

Палажэньні ж вытворча-эканамічнага блёку праграмы знаходзяцца на мяжы фантастыкі. За наступныя чатыры гады плянуецца падвысіць надоі ад адной каровы амаль у два разы — да 4,5 тоны ў год! Такое было б магчыма, калі б усе калгасы аддалі немцам. Але такія крокі ў Праграме не прадугледжваюцца. Цукровых буракоў, што цяпер прыносяць адныя страты аграпрадпрыемствам, заплянавана вырасьціць у 2008 г. у чатыры разы болей, чым летась.

Станоўчым фактам ёсьць тое, што ўлады краіны пачынаюць клапаціцца менавіта пра вёску, а не аграрны сэктар агулам. Вострым пытаньнем зьяўляецца разьвіцьцё вясковай інфраструктуры — дарог, тэлефоннае сеткі. Узровень тэлефанізацыі вёсак не дасягае і 50%, тады як у гарадох — 90—95%. Зьвярнуць увагу трэба і на паляпшэньне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскіх школак. Але пакуль чыноўнікі забаўляюцца папулісцкімі дэклярацыямі, людзі пачынаюць самі вырашаць свае праблемы. Аўтакрамы, шмат у якіх раёнах занядбаныя дзяржавай, сталі прыватнымі і без усялякіх праграмаў якасна абслугоўваюць вяскоўцаў.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0