Падзеі году.Hoвы 2003 год пачынаўся новымі песьнямі: выйшаў альбом NRM «Дом культуры» з супэргітамі «Лёгкія-лёгкія» і «Маё пакаленьне».

5 студзеня на прэзыдэнцкіх выбарах у Літве неспадзявана перамагае Раландас Паксас. У сьнежні парлямэнт распачне супраць яго працэдуру імпічмэнту, пасьля таго як спэцслужбы апублікуюць інфармацыю пра ягоную сувязь з мафіяй і расейскімі спэцслужбамі.

26 студзеня ў маскоўскай лякарні памірае лідэр «Песьняроў» Уладзімер Мулявін.

1 лютага разьбіўся амэрыканскі касьмічны карабель «Калюмбія».

20 лютага палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу становіцца сябрам Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Палата марна дамагалася гэтага статусу цягам шасьці гадоў, бо эўрапейскія структуры не прызнавалі законнасьці рэфэрэндуму 1996 г.

27 лютага дэпутацкая група «Рэспубліка» ладзіць круглы стол «Незалежная Беларусь яднае нас», запрашаючы на яго апанэнтаў рэжыму. Упершыню пасьля 1996 г. прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі трапляюць у муры парлямэнту.

У тым жа месяцы выходзіць з друку кніжка туркмэнскага дыктатара «Рухнама» па-беларуску. Гэта выклікае вялікую дыскусію пра этычнасьць удзелу ў перакладзе такіх твораў.

2 сакавіка адбываюцца выбары ў мясцовыя органы ўлады. Выбарцы масава галасуюць «супраць усіх» — а «ўсімі» найчасьцей зьяўляецца адзін кандыдат, ад улады.

У ноч з 5 на 6 сакавіка ў мястэчку Магдаленка пад Варшавай польскі спэцназ штурмуе дом, дзе заселі два падазраваныя. Аднаго зь іх абвяшчаюць «былым супрацоўнікам беларускага КДБ, які знаходзіцца ў вышуку». КДБ адхрышчваецца, а польская паліцыя не дае рады ўзяць злачынцу ў палон. Падчас шматгадзіннага штурму з удзелам бранятэхнікі спэцназаўцы церпяць страты, гінуць і падазраваныя.

Ня меншую ваяўнічасьць дэманструе і афіцыйны Менск, які да апошняга актыўна супрацоўнічае з Хусэйнам. У пачатку сакавіка мэр Багдаду чатыры дні гасьцюе ў Менску, а сусьветная прэса абмяркоўвае Садамавы шанцы атрымаць прытулак у нашай краіне.

20 сакавіка пачынаецца вайна ў Іраку. Да 10 красавіка ўсё сканчаецца: жаўнеры ЗША бяруць Багдад. Але партызанскія дзеяньні працягнуцца, забіраючы больш жыцьцяў амэрыканскіх жаўнераў, чым сама вайна.

Тым часам прэзыдэнт Беларусі абвяшчае аб неабходнасьці ўзмацненьня ідэалягічнае працы і стварэньня дзяржаўнае ідэалёгіі. Зь верасьня ва ўнівэрсытэтах уводзіцца курс дзяржаўнае ідэалёгіі. Міністар адукацыі Брыгадзін моўчкі сыдзе ў адстаўку.

На пачатку траўня прэм’ер Італіі Бэрлюсконі робіць экстравагантную заяву: «Каб стаць палітычным і вайсковым гігантам ды зраўняцца з ЗША, Эўразьвязу трэба прыняць у свой склад Турэччыну, Беларусь, Украіну і Расею».

14 траўня на мястэчка Арэхаўск, што на Аршаншчыне, выпаў надзіва буйны град. Пяцісантымэтровы ў дыямэтры ледзяны шрот павыбіваў шкло ў парніках цяплічнага камбінату.

28 траўня ў Беларускі ліцэй прызначаюць расейскамоўную дырэктарку. Улада спрабуе ўзяць пад кантроль неўпадабаную ёй навучальную ўстанову, але сутыкаецца з дружным супрацівам навучэнцаў, бацькоў і выкладчыкаў.

У той самы дзень міністар інфармацыі Падгайны на тры месяцы спыняе выданьне «БДГ» і «БДГ. Для служебного пользования». Такая ж доля пры канцы траўня напаткала «Навінкі». Зачыненая «БДГ» працягвае выходзіць пад шапкамі іншых газэтаў, якія даюць ёй свае старонкі.

У чэрвені хакеіст Руслан Салей, першы з нашых суайчыньнікаў, трапляе ў фінал Кубку Стэнлі. І хоць яго «магутныя качары» не ўзыходзяць на самую высокую прыступку, твар Руслана пачынае мільгаць у рэкляме прадукцыі беларускіх вытворцаў. Ён ды яшчэ Максім Мірны ў 2003-м робяцца канчаткова пазнавальнымі «сваімі» чэмпіёнамі.

18 чэрвеня Лукашэнка кажа пра адсутнасьць «эканамічных падставаў» для пагадненьня аб валютным саюзе Беларусі і Расеі. А пагадненьне аб увядзеньні расейскага рубля «супярэчыла б нашай Канстытуцыі», урачыста абвяшчае Беларускае радыё.

22 чэрвеня на 80-м годзе жыцьця ў Бараўлянах памірае Васіль Быкаў. Яго пахаваньне ператвараецца ў шматтысячную маніфэстацыю пад нацыянальнымі сьцягамі па праспэкце Скарыны. Прэзыдэнт у гэты дзень дэманстратыўна ад’яжджае ў Сьветлагорск.

Пасьля неўпадабанага Лукашэнкам рэпартажу з пахаваньня пры канцы чэрвеня ўлады зачыняюць карпункт НТВ у Менску.

10 ліпеня за невыкананьне пастаўленых задачаў у адстаўку адпраўлены ўрад Уладзімера Навіцкага. Выконваць абавязкі прэм’ера (паўнавартасным прэм’ерам ён стане толькі 19 сьнежня) пастаўлены Сяргей Сідорскі. Першай пастановай новага кабінэту стане вызначэньне канчатковых умоваў прыватызацыі «Белтрансгазу», на які квапіцца «Газпром».

12 ліпеня пазбавілі частаты ў FM-дыяпазоне беларускамоўную станцыю «Сталіца». Замест яе зьявілася расейскамоўная.

Ліпень стаў месяцам рэзкага павелічэньня цэнаў на камунальныя паслугі.

6 жніўня ў адстаўку сыходзіць міністар інфармацыі Падгайны. Апошнія месяцы яго кіраваньня адзначыліся хваляй рэпрэсій супраць незалежнай прэсы.

1 верасьня ліцэісты пачалі новы навучальны год на дварэ, побач зь Ліцэем.

10 верасьня ў стакгольмскім супэрмаркеце забітая міністарка замежных справаў Швэцыі Ганна Лінд. Забойцам аказаўся швэд сэрбскага паходжаньня.

У той жа дзень прэзыдэнты Беларусі, Расеі, Украіны і Казахстану падпісваюць у Ялце ўгоду аб утварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. Эўразьвяз, украінская і беларуская апазыцыя засьцерагаюць Беларусь і Ўкраіну ад падпісаньня пагадненьня.

Між тым вядомы амэрыканскі палітоляг Бжазінскі заяўляе пра неабходнасьць прыняць Беларусь у заходнія арганізацыі (перш за ўсё ў NATO). Хоць і абгаворваецца, што гэта справа няблізкага часу.

У кастрычніку ў Беларусі адбываецца самая масавая галадоўка пратэсту. У Ваўкавыску адмаўляюцца ад ежы 30 таксоўшчыкаў. Яны пратэстуюць супраць дзеяньняў падатковай інспэкцыі, якая канфіскавала іх машыны. Акцыя сканчаецца перамогай таксістаў.

У кастрычніку ж стартаваў міжрэгіянальны тэлеканал «Лад». Ім замянілі «Культуру» ў Менску і РТР — у правінцыі. На 12-м годзе незалежнасьці ўлады нарэшце пачалі разьвіваць нацыянальную тэлепрастору. АНТ, СТВ і «Лад» робяцца неад’емнай часткай тэлепраграмаў, хоць і складаюцца яшчэ пераважна з праграмаў расейскае вытворчасьці.

25 кастрычніка ў Расеі арыштоўваюць Міхаіла Хадаркоўскага, самага багатага чалавека краіны, кіраўніка кампаніі «Юкас». Многія камэнтатары лічаць гэта спробай перагляду вынікаў прыватызацыі ў Расеі. Затое 7 сьнежня на выбарах у Расеі партыя ўлады заваюе канстытуцыйную большасьць у Думе. А 23 сьнежня Ўладзімер Пуцін заявіць, што «думае над пытаньнем пераразьмеркаваньня прыбытку здабыўных кампаніяў».

2 лістапада ў Грузіі адбываюцца парлямэнцкія выбары. Улады спрабуюць сфальсыфікаваць іх вынікі, што выклікае палітычны крызыс у краіне. 23 лістапада апазыцыя штурмам бярэ парлямэнт. Прэзыдэнт Шэварднадзэ сыходзіць у адстаўку.

У сярэдзіне сьнежня МЗС Беларусі спрашчае працэдуру атрыманьня беларускіх візаў для жыхароў Заходняй Эўропы.

13 сьнежня абвешчана пра тое, што Хусэйн злоўлены. Ён хаваўся ад амэрыканцаў на працягу 249 дзён.

19 сьнежня Хрыстас Пургурыдэс апублікаваў мэмарандум у справе зьніклых палітыкаў. Ён патрабуе адстаўкі Шэймана і незалежнага разбору справы.