Дэмакратыя і прыбіральні

Перш чым адказаць на пытаньне «Ці так я жыву?», чалавек мусіць адказаць на пытаньне «Хто я?». Калі ж зьвяртацца з заклікамі аб дэмакратыі да ўсё яшчэ савецкага па духу чалавека, яны будуць падаць на камень. Яму такія заклікі па прыродзе чужыя. А вось калі абудзіць у гэтым чалавеку беларуса, расейца ці габрэя, ён на такі покліч адгукнецца. Пытаньне толькі ў тым, як яго абудзіць.

Дарэчы, а што такое дэмакратыя? Гэта адзін з сучасных цывілізаваных стандартаў жыцьця грамадзтва. Можна сказаць, што ў Беларусі настолькі ж меней дэмакратыі, наколькі меней і чысьціні ў грамадзкіх прыбіральнях. Тым больш што сёньня (глябалізацыя) усё гэта ідзе ў адным пакеце — цывілізацыі. Так што ўзровень дэмакратыі — гэта ўзровень санітарыі. Слушна сказаў Яўлінскі: за нас будуць галасаваць тады, калі ў кватэрах будзе гарачая вада. З гэткага гледзішча Лукашэнка таксама — «пакетны» прэзыдэнт. А можна сказаць і так: дэмакратыі ў Беларусі меней, чым ва Ўкраіне ці Літве, настолькі ж, наколькі меней нацыянальнага пачуцьця. Ізноў жа — «пакетам».

Гэткія думкі абудзіў артыкул, якім адгукнулася на нумар 46 «НН» газэта «Народная воля». Той нумар быў прысьвечаны вынікам выбараў у Расеі ў кантэксьце беларуска-расейскіх адносінаў, а таксама магчымым уплывам гэтага кантэксту на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі. Аўтар водгуку Сямён Букчын пабачыў у гэтым сыгналы ўладам. Ён дакарае: «Наша Ніва» дае «ўказаньні» і нават «карт-блянш» Лукашэнку. Сапраўдны кашмар русафіла. Але не захапляйцеся тым, якую важную газэту вы трымаеце ў руках, дарагі чытач. Па-першае, С.Букчын іранізуе. Па-другое ж, публіцыст «Народнай волі» толькі піша «Наша Ніва», а мае на ўвазе нешта шырэйшае — «национально ориентированные круги» ў значэньні «все эти спадары». Гэта значыць — вы, чытач, але не зусім вы і ня толькі вы.

Не было дэмакратыі і кампрамісу ў Беларусі, няма і ня будзе, цьвердзіць С.Букчын. Калі ў Польшчы сталася інакш, «дык то ж у Польшчы!» — прымярае ён сьвітку Аліндаркі.

Ягонае права так лічыць, што «кепска будзе». Але можна бачыць сытуацыю і інакш.

Лукашэнкаўская рэспубліка на доўгім схіле, які вядзе ўніз. Яе час мінае. Нады-дзе чарговы момант перавярнуцца пескавому гадзіньніку гісторыі, чарговы 1991-ы ці 1994-ы год, грамадзтва зробіць сьвядомы выбар сваёй будучыні ў рамках аб’ектыўных магчымасьцяў. Напрыклад, канец Лукашэнкі можа прыкра стаць і канцом беларускае незалежнасьці. Або іншы працяг лукашэнкаўскае рэспублікі: Лукашэнка сыходзіць, лукашэнкаўцы застаюцца. Як засталіся туджманаўцы пасьля сыходу Туджмана. Варыянтаў — сьвет.

Слабасьць пазыцыі публіцыста «Народнай волі» ў тым, што яна выключае любое пазытыўнае разьвіцьцё беларускай story. Маўляў, фішкі «ўжо даўно ў адной кішэні».

С.Букчын ня верыць у магчымасьць унутрыпалітычнага кампрамісу і канкурэнцыі на адным полі. Ён ня верыць і ў «рэвалюцыю выбарчых скрыняў», і тым больш — у імпарт дэмакратыі з Расеі ці добраахвотнае адрачэньне «ўсясільнага прэзыдэнта» ад пасады з далейшым рачкаваньнем у Каносу беларускай дэмакратыі.

Калі ня верыш у магчымасьць сьвядомага і адказнага выбару грамадзянаў, тады можна бясконца клеймаваць грамадзянаў несьвядомых, безадказных, ці, як выказваецца С.Букчын, тых, чыё месца «каля парашы» (гэта таксама адзін з магчымых узроўняў туалетнае цывілізацыі). Асабліва калі дыскутаваць ня толькі з напісаным чорным па белым у іхнай вузка арыентаванай газэце, а яшчэ крышку — і з запаветнымі марамі яе аўтараў. Аднак калі б усе разважалі, як С.Букчын, Кадафі ніколі не адрокся б атамнай зброі, а Літва не была б дэмакратычнай незалежнай дзяржавай.

Улюбёны жупел Сямёна Букчына — «нацыянальная абмежаванасьць» нацыянальнага руху. Аўтар нядаўна перавыдадзенай кнігі «Народ, издревле нам родной», С.Букчын абвінавачвае гэты рух і ў антырасейскасьці. Пад апошнюю ён падвёрствае і антырусіфікатарства, і нежаданьне браць Расею за ўзор. Тым самым ён ажыцьцяўляе падмену паняцьцяў. Антырусіфікатарская і антырасейская пазыцыі — розныя, нават процілеглыя рэчы. Мы сьцьвярджаем сваю культуру, акцэптуем культуру расейскую, але мы супраць аднаўленьня любых сувязяў нераўнапраўнага характару і супраць наскіх русіфікатараў. А ў С.Букчына выходзіць, як у Лукашэнкі пра «супэрнацыяналіста Шушкевіча», у якога «расейцы сядзелі на чамаданах». С.Букчын размахвае такім самым жупелам, што і Лукашэнка. Натуральна, для падмацаваньня хісткіх гіпотэзаў Букчыну прыходзіцца зьвяртацца да тых самых шарлятанскіх псэўдагістарычных аргумэнтаў з Лукашэнкавага партфэлю 8-гадовай даўніны. (Як і зьбівацца на Лукашэнкаву тэрміналёгію кшталту «национально ориентированных спадароў».)

Калі глядзець на Беларусь як на паўнавартасную краіну, на беларускую палітыку — як на паўнавартасную палітыку, на беларускі народ — як на паўнавартасны народ, а на беларускі нацыянальны рух — як на звычайны і нармальны, такі ж людзкі, як і ўсе астатнія нацыянальныя рухі, а не «нацыянальна абмежаваны і нацыянальна арыентаваны», тады — тут мы чапляем іншую цытату, падвярстаную «Народнай воляй», — становіцца зразумелы і абсурд сытуацыі, калі крытыкуе антыбеларускасьць уладаў той, хто сам займаецца русіфікатарствам. Толькі — у апазыцыйным стане. Нібы апазыцыйнасьць — гэта індульгенцыя за несправядлівасьць. Абсурд з роду тых жа абсурдаў, што і крытыка парушэньня правоў чалавека ў Амэрыцы вуснамі БТ.

Аднак паралелі, праведзеныя С.Букчыным, яшчэ і алягічныя. Мы жывём не ў БССР, захопленай немцамі ці саветамі. Мы жывём не пад акупацыяй, а ў незалежнай Беларусі, якой мы — сьведамыя грамадзяне. Мы нясём адказнасьць за будучыню краіны. Таму мы проста па лёгіцы (пастаўце на наша месца ўкраінца або расейца) супраць таго, каб нас ставілі з ног на галаву і патрабавалі лаяць сваю краіну, яе незалежнасьць, казаць, што мы проці іншых нейкія недаробкі, i чакаць немавед чаго.

Урэшце гэта наша жыцьцё, наша грамадзянская адказнасьць, нашы дзеці. Мы не жадаем жыць ня тут і цяпер, а ў нечых там праектах.

Аналітык запаветных мараў беларуса, сп.Букчын не аспрэчыў галоўнага, замаўчаў яго. Што мы мелі на ўвазе, закідаючы думку пра магчымасьць тлустае рысы, непаўтарэньня 90-х, змаганьня на адным полі? Што якраз хуткі рост здаровага нацыянальнага пачуцьця ў Беларусі, які мы назіраем цяпер, урэшце дасьць і шанец на дэмакратызацыю, так бы мовіць, «у пакеце».

Добра вам адсьвяткаваць і ўдалага году, дарагія чытачы. «НН» абяцае і ў 2004 годзе трымацца незалежнасьці і аб’ектыўнасьці. Мы імкнёмся кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі, якія б тэмы ні асьвятлялі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0