Лідзія Ярмошына дала адказ на папулярныя апошнім часам размовы пра магчымасьць выбараў паводле партыйных сьпісаў. Карацей, не дачакаецеся!

Не пацьвердзіла яна і вэрсыю, што парлямэнцкія выбары могуць правесьці раней часу — налета ўвесну. Кажа, што прэзыдэнту будзе прапаноўвацца дата 12 кастрычніка 2008 году.

Зрэшты, фактычна датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары 2006 году таксама зваліліся як сьнег на галаву. У тым і сэнс такога сцэнару, каб ня даць апазыцыі часу, ашаламіць — і зладзіць электаральны бліцкрыг.

Гэтым разам прысьпешыць выбарчы цыкаль могуць праз тое, што згушчаюцца хмары эканамічных нягодаў. Пра што ўскосна сьведчыць і жорсткі тон сёньняшняй нарады ў прэзыдэнта — "урад разбазарвае бюджэт", "надышоў час адказваць!" і г.д. Чым далей — тым болей раздражнёны электарат рызыкуюць атрымаць уладныя вярхі пад чарговыя выбары ў Палату.

Ці могуць усё ж усталяваць на іх зьмяшаную сыстэму? Гэтае пытаньне я задаў сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку. Той адказаў наўпрост: тут мусіць быць палітычнае рашэньне. Пакуль што яго няма. І потым, на добры лад, тут на паўтара-два гады заканатворчай працы, дадаў ён. Фактычна трэба адсунуць убок цяперашні Выбарчы кодэкс ды пісаць новы.

Сёньня наверсе, бадай, не адчуваюць такога форс-мажору, каб ламаць звыклы, прыцёрты мэханізм. "Белая Русь" — гэта на ўсялякі пажарны.

Акрамя таго, ня варта думаць, што пры зьмяшанай (ці нават прапарцыйнай, то бок толькі па сьпісах) сыстэме партыям адразу будзе раздольле.

Палітоляг Міхась Пліска ў размове са мной выказаў меркаваньне, што паралельна могуць скарэктаваць і закон аб партыях. Узьняць парог колькасьці чальцоў (цяпер у нас мінімум — тысяча), зладзіць перарэгістрацыю — карацей, прагнаўшы церазь фільтар, пакінуць у гульні некалькі бясьпечных для вярхоў структураў. Палітоляг нагадвае: так зрабілі ў Казахстане — "партмінімум" ускруцілі з трох да 50 тысячаў чальцоў!

Зараз, дарэчы, там акурат ідзе падрыхтоўка да пазачарговых выбараў у мажыліс паводле прапарцыйнай сыстэмы. Во які партыйны рай стварыў вядомы лібэрал Назарбаеў, жадаючы спадабацца Эўропе! Праўда, ў аналітыкаў няма і ценю сумневу, што элегантная перамога забясьпечана тамтэйшай партыі ўлады.

Дарэчы, яшчэ адзін бар'ер — гэта мінімальная доля галасоў, якую мусіць набраць партыя, каб трапіць у парлямэнт. У Казахстане зараз — 7%. Столькі ж і ў Расеі. Зрэшты, там і пры ранейшых 5% лёгка адсеклі ад Думы і "Яблык", і СПС... Пры "сувэрэннай дэмакратыі" ўсё гэта ёсьць справай тэхнікі.

Так што і ў нас, калі абставіны змусяць распачаць нейкую гульню ў дэмакратыю, уладныя паліттэхнолягі пэўна паклапоцяцца, каб старая апазыцыйная гвардыя так і засталася чужой на гэтым "сьвяце" палітычнага жыцьця. Зьмяшаная сыстэма па-нашаму — гэта калі зьмешваюць боб з гарохам :-)

Што ж да імавернасьці самой гульні, то вызначальнымі чыньнікамі стануць тэмпы пагаршэньня эканамічнага стану ды, магчыма, пэрыпетыі палітычнага гандлю з Захадам. Пакуль што смаленым не запахла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?