Дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс абнародаваў сваю справаздачу ў справе зьніклых палітыкаў.

Ён вывучыў абставіны гэтае справы і прыйшоў да высновы: незалежнага расьсьледаваньня зьнікненьняў у Беларусі не было. Пургурыдэс заклікае Раду Эўропы дабіцца ад беларускіх уладаў незалежнага расьсьледаваньня справы. Галоўная ўмова такога расьсьледаваньня, на думку дакладчыка, — адстаўка Шэймана. Беларускія ўлады адмоўчваюцца.

Дэпутат ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс быў прызначаны дакладчыкам у справе зьнікненьняў у чэрвені 2002 г. Справа для цяперашняй Эўропы беспрэцэдэнтная. Такога не было ў іншых краінах, каб адзін за адным зьнікалі самыя яркія лідэры апазыцыі. І як у ваду. Білі трывогу праваабаронцы, беларуская непарлямэнцкая апазыцыя, урэшце, група «Рэспубліка». Паколькі палата прадстаўнікоў прабіваецца ў Раду Эўропы, ПАРЭ вырашыла стварыць падкамітэт па расьсьледаваньні беларускіх зьнікненьняў, каб магчы ацаніць дэмакратычнасьць краіны.

У Беларусі Х.Пургурыдэс упершыню пабываў на пачатку лістапада 2003 г., другі раз — у сьнежні. Вынікам стаўся папярэдні мэмарандум «Зьніклыя асобы ў Беларусі». Аўтар прааналізаваў абнародаваныя дакумэнты, сустрэўся з сваякамі, сьведкамі, у тым ліку высокімі дзяржаўнымі службоўцамі. Пасьля размоваў з генпракурорам Шэйманам, міністрамі Сіваковым і Навумавым Пургурыдэс зрабіў выснову, што яны «дамовіліся пра супольную пазыцыю загадзя». Але ў іх тлумачэньнях ён пабачыў шэраг супярэчнасьцяў. Сівакоў гаварыў, што аднолькавыя дні выдачы расстрэльнага пісталета і зьнікненьня апазыцыянэраў — «чыстае супадзеньне». Калі прычыну першай выдачы пісталета ён неяк патлумачыў, дык пра другую «не памятаў». «Можна знайсьці пісьмовыя дакумэнты пра выпрабаваньне пісталета — калі іх пашукаць», — сказаў генэрал, але не парадзіў, дзе шукаць.

Вялікія гуманісты

З Шэйманам Пургурыдэс гаварыў пра запіску генэрала міліцыі Лапаціка. У ёй паведамлялася, што забойства Юр’я Захаранкі сплянаваў уласна Шэйман, а выканаў Паўлічэнка. Улады Беларусі цьвердзілі, што запіска фальшывая, але перад пагрозай графалягічнае экспэртызы пацьвердзілі сапраўднасьць дакумэнту. Праўда, зазначылі, што «высновы сп.Лапаціка былі папросту памылковымі» і што ёсьць іншыя «вэрсіі» гэтай запіскі. Але іх Пургурыдэсу не паказалі. На пытаньне, ці быў, у такім разе, Лапацік пакараны за паклёп, Навумаў з Шэйманам адказалі, што генэрал захварэў і зь ім не разьбіраліся «з гуманітарных прычынаў». Ні ў якай іншай краіне «гуманітарныя прычыны» не спынілі б расьсьледаваньня паклёпу генэрала на кіраўніцтва дзяржавы — дзівіцца Пургурыдэс. «Улады ясна аддалі перавагу пазьбяганьню публічнага суду, дзе былі б узятыя сьведчаньні й заслуханыя сьведкі», — піша ён.

Прэзыдэнт незадаволены зьместам

Пургурыдэс падазрае генпракурора Шэймана і ў скажэньні фактаў. Той у лістападзе 2002 г. назваў дэпутату палаты прадстаўнікоў Фралову адны прычыны затрыманьня Паўлічэнкі, а ў ордэры на арышт, падпісаным былым кіраўніком КДБ Мацкевічам, яны былі зусім іншыя. Але найбольш зьдзівіў кіпрыёта намесьнік старшыні палаты прадстаўнікоў Канаплёў. У таго падчас «закрытай сустрэчы» вырвалася, што «беларускаму боку ўдалося забясьпечыць сябе копіяй першага праекту гэтага мэмарандуму». Лукашэнка прачытаў яго і застаўся «незадаволены зьместам». Пургурыдэс мяркуе, што прычынай уцечкі інфармацыі стала праслухоўваньне яго тэлефону.

Пургурыдэс просіць даць адказ на сваю справаздачу да 10 студзеня 2004 г.

Аповед Забалоцкага

Тым часам 18 сьнежня расейская «Новая газета» надрукавала аповед нейкага Віктара Забалоцкага, які нібыта быў сьведкам расстрэлу Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Яго маналёг, на аснове відэазапісу, падрыхтавала да друку Ірына Халіп.

Забалоцкі сьцьвярджае, што ў кастрычніку 1999 г. ён выпадкова стаў сьведкам расстрэлу на Паўночных могілках Менску. Людзі перад сьмерцю крычалі: «Я — Ганчар! Я — Красоўскі!» Сьведка быццам бы ўцёк у Расею, хаваўся ў манастыры, а пасьля зрабіў гэты запіс. Аднак ягоныя сьведчаньні і нават біяграфія выклікаюць шмат сумневаў.

Калісьці ён лічыўся асобай «псыхічна неўраўнаважанай», называў сябе праваабаронцам, быў беспрацоўным, у чэрвені 1998-га адзін ладзіў акцыю пратэсту ля Дому ўраду. Дый нічога істотнага да ўжо вядомага сьведчаньні Забалоцкага не дадалі. Пра сакрэтныя пахаваньні на Паўночных могілках гавораць ад прэзыдэнцкіх выбараў’2001. Шматлікія ўдзельнікі абмеркаваньня гэтай публікацыі на сайце «Хартыі’97» схіляюцца да думкі, што зьяўленьне гэтага відэазапісу менавіта цяпер можа быць правакацыяй нейкіх спэцслужбаў.

Мэта — адцягнуць увагу ад сапраўды сур’ёзнага працэсу, які можа быць ініцыяваны эўраструктурамі. Зь іншага боку, гэты тэкст нібыта зьмяншае віну ў справе зьніклых некаторых высокіх дзяржаўных чыноўнікаў, перакладаючы яе на асобу самую высокую. Бо таму ж міністру спорту і турызму Сівакову ўлетку 2004 г. давядзецца ехаць на чале беларускай дэлегацыі на Алімпійскія гульні. А ня хочацца паўтарыць лёс Паўла Барадзіна.

Справа зьніклых палітыкаў застаецца ключом і да нармалізацыі адносінаў з цывілізаваным сьветам, і да любых пераменаў унутры краіны. Пакуль ня будзе пастаўленая кропка ў справе палітычных забойстваў, ніякія геапалітычныя расклады ня зьменяць сёньняшняга стаўленьня Захаду да беларускае ўлады.